28 ліпеня ў фінал дысцыпліны плаваньня на 100 мэтраў брасам на Алімпіядзе выйшла Аліна Змушка. Беларуская плыўчыха, якая, як і ўся дэлегацыя, выступае ў якасьці «нэўтральнай спартоўкі», паказала пяты (1.05,93) час па выніках двух паўфінальных заплываў.
Беларускія тэлегледачы маглі пабачыць заплыў беларускі выпадкова — яго нечакана паказалі падчас аднаго з выпускаў навін на тэлеканале «Беларусь‑5». Паказ ніяк не анансавалі, заўважыла «Трыбуна».
Перад Алімпіядай стала вядома, што беларуская дзяржаўная тэлевізія паказваць Гульні ў Парыжы ня будзе, як і расейская. «Белтэлерадыёкампанія» не купляла правоў на паказ спаборніцтваў.
Блёк навінаў запусьцілі проста ў перапынку матчу Кубку Беларусі ў футболе паміж барысаўскім БАТЭ і жодзінскім «Тарпэда-БелАЗам». Прычым заплыў Змушкі паказалі не ў фармаце навіны, а як паўнавартасную трансьляцыю з камэнтаром супрацоўніка тэлеканалу. Відэа пазьней зьявілася і ў тэлеграм-канале «Беларусь‑5».
У правым верхнім куце відэа знаходзіцца лягатып сайту «Беларусь‑5». Але калі угледзецца, за ім відаць размыты лягататып, заўважылі журналісты.
Увечары 29 ліпеня ў 22:25 беларускага часу Аліна Змушка паплыве ў фінальным заплыве па 2‑й лініі.
Eurosport отстранил комментатора от работы на Олимпиаде за слова о «копошащихся» и «красящихся» женщинах
Беларусь на гэтых гульнях прадстаўляюць 17 спартоўцаў.
- Роварны спорт: Ганна Церах.
- Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
- Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
- Дужаньне: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў.
- Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
- Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
- Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
- Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
- Тэквандо: Георгі Гурцыеў.
Беларускія спартоўцы выступаюць у нэўтральным статусе. Абмежавальныя захады ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.