• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускае МЗС кажа, што задаволіла 100% заявак журналістаў на акрэдытацыю

     

    «228 заявак замежных карэспандэнтаў на часовую акрэдытацыю для асвятлення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі паступілі ў Міністэрства замежных спраў Беларусі, і ўсе яны задаволеныя», — такую інфармацыю агучыў 1 кастрычніка на брыфінгу ў МЗС прэсавы сакратар знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык, перадае Радыё "Свабода".

    На ўдакладняльнае пытанне журналістаў, ці ёсць сярод гэтых заявак заяўка ад тэлеканала «Белсат», сп. Мірончык адказаў, што ён гэтага не памятае. «МЗС гатовае працягваць акрэдытацыю, якая адкрытая да 7‑га кастрычніка», — запэўніў прэс-сакратар. На сталай аснове пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі цяпер акрэдытавана каля 250 журналістаў, большасць з якіх будзе асвятляць і прэзідэнцкія выбары, паведаміў Д. Мірончык.

    Між тым, днямі ГА “БАЖ” стала вядома, што “Белсату” адмовілі ў акрэдытацыі на матчы Лігі  чэмпіёнаў і Лігі Еўропы футбольныя клубы “БАТЭ” і “Дынама Мінск”. Па неафіцыйнай інфармацыі, гэта адбылося менавіта з падачы МЗС, якое акцэнтавала ўвагу клубаў на адсутнасці ў канала акрэдытацыі на тэрыторыі Беларусі.

    У красавіку 2007 года Польскае грамадскае тэлебачанне (TVP) і Міністэрства замежных спраў Польшчы падпісалі пагадненне пра стварэнне спадарожнікавага тэлеканала «TV Беларусь». Яго дырэктаркай была прызначаная Агнешка Рамашэўская. 18 ліпеня TVP зацвердзіла ў сваёй структуры новы спадарожнікавы тэлеканал, які атрымаў назву «Белсат». Вяшчанне «Белсата» пачалося 10 снежня 2007 года. Канал фінансуецца з рэзервовага бюджэту польскага МЗС.

    Упершыню «Белсат» падаў у МЗС дакументы на рэгістрацыю прадстаўніцтва тэлеканала як часткі Польскага тэлебачання (TVP) у Беларусі 20 снежня 2008 года. У лютым Міністэрства замежных спраў прыпыніла іх разгляд, спаслаўшыся на тое, што яны аформленыя неналежным чынам. З таго часу гісторыя паўтаралася некалькі разоў. Як вынік – журналісты, што супрацоўнічаюць з тэлеканалам з Беларусі, атрымліваюць дзясяткі папярэджанняў і штрафаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці