• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогерка Юлію Гранкова, аштрафаваная за стрым у “Аднакласнікі”, распавяла падрабязнасці справы

    Паводле высноваў суда, сайт “Аднакласнікі” з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі, а блогерка — журналісткай, якая парушыла “Закон аб СМІ”.

    Наўпроставая трансляцыя з прытулку для бяздомных сабак будзе каштаваць спадарыні 20 базавых велічыняў (460 рублёў), калі судовую пастанову не атрымаецца аспрэчыць у Віцебскім абласным судзе.

    Блогерка Юлія Гранкова, вядомая ў сацыяльных сетках пад псеўданімам “Юлія Малышава”, з’яўляецца актывісткай ініцыятывы «Хрюши против».

    Праект, запачаткаваны ў Расіі, мае шмат прыхільнікаў і ў Беларусі: удзельнікі ініцыятывы выкрываюць наяўнасць пратэрмінаваных харчоў у крамах і хібы ў сістэме грамадскага харчавання. Аднак 21-га сакавіка  аршанскія валанцеры вырашылі дзейнічаць нетрадыцыйна: пад іхную увагу трапіла “ператрымка” жывёлаў на спецаўтабазе.

    Работнікі гэтай установы ўпаўнаважаны займацца адловам бадзяжных жывёлаў і ўтрымліваць іх пэўны час — пакуль не  знойдзецца гаспадар, або пакуль не скончыцца вызначаны тэрмін да ўсыплення. «Хрюши против» вырашылі праверыць умовы ўтрымання, а галоўнае — пакарміць жывёлаў, распавяла  Юлія Гранкова:

    “Брама была адчыненая, мы ўвайшлі. Сустрэлі спадара, які назваўся начальнікам аховы і павёў да вальераў. Аднак высветлілася, што гэта быў усяго толькі вартаўнік. Я пачала прамую трансляцыю ў “Аднакласнікі”, але тут з’явіўся яшчэ адзін спадар,  сапраўдны начальнік аховы. Ён выклікаў міліцыю — на падставе таго, што мы без дазволу ўвайшлі на падахоўную тэрыторыю. Мы збіраліся пакарміць жывёлаў, прынеслі з сабой ежу, і былі проста ў жаху ад таго, што ўбачылі — усе сабакі страшэнна схуднелыя і замучаныя. Гэта і прадэманстравала наўпроставая трансляцыя. На ёй відаць і працэс затрымання”.

    На тэрыторыі спецаўтабазы міліцыянты затрымалі 7 чалавек. Дзвюх дзяўчат і непаўналетняга хлопца  адпусцілі дадому, яшчэ чацвярых  пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання да суда. Юлію Гранкову таксама адпусцілі, але папярэдзілі: яе будуць  судзіць не толькі за пранікненне на ахоўваемы аб’ект, але і за тое, што рабіла адтуль трансляцыю ў сацыяльныя сеткі.

    Суд адбыўся 22 сакавіка, судзілі ванацераў дзве суддзі — Іна Кохава і Алеся Дранькова. Паводле артыкула 23.14 “незаконнае пранікненьне на падахоўныя аб’екты” прысуджаныя  штрафы памерам 25 базавых велічынь  Юліі Гранковай, Алене Мірашнічэнка, Арцёму Ісачэнку, Андрэю Кавалёву і Антону Цалуеву. Штраф памерам 20 базавых велічынь прасудзілі Юліі Ганчаронак, яна прызнала сваю віну.

    Юлія Гранкова — маці двух маленькіх дзяцей, і прысутнічаць на судовым працэсе, дзе яе вінавацілі за стрым у “Аднакласнікі”, не мела магчымасці. Потым жанчына даведалася, што ў сукупнасці (два штрафы) яна вінная дзяржаве 45 базавых велічынь. І што стала першай у Беларусі блогеркай, аштрафаванай за стрым у сацыяльныя сеткі.

    Нагадаем, што за стрым з акцыі 25-га сакавіка ў Віцебску таксама была пакараная блогерка Вольга Жураўская. Але суд Кастрычніцкага раёна аштрафаваў яе за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, а не за фіксаванне падзеяў. Вольга Жураўская пад псеўданімам «Алена Смірнова» мае досыць папулярны ў Віцебску канал «Снимать разрешено», дзе размяшчае відэаролікі, у  асноўным прысвечаныя выкрыццю недахопаў у крамах — накшталт пратэрмінаваных прадуктаў, парушэньня санітарных нормаў і гэтак далей. Праўда, апошнім часам блогерка ўсё часцей звяртаецца да тэматыкі парушэння законнасці і правоў чалавека.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці