• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогеру Уладзіміру Цыгановічу ўзмацнілі рэжым утрымання – турма замест калоніі

    Аўтару YouTube-канала MozgON Уладзіміру Цыгановічу, раней асуджанага на 15 гадоў калоніі па справе калегі-блогера Сяргея Ціханоўскага, за “сістэматычнае парушэнне ўнутранага распарадку ўстановы” змянілі фармат адбыцця пакарання на больш жорсткі. Стала вядома, што бліжэйшыя 3 гады ён правядзе ў турме №4.  

    Сёлета ў чэрвені 42-гадовага Уладзіміра Цыгановіча этапавалі ў папраўчую калонію №3 у Віцьбе. Аднак нядаўна праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Там яго плануюць утрымліваць 3 гады.  

    Уладзімір Цыгановіч нарадзіўся ў Брэсце ў сям’і вайскоўца, усё дзяцінства правёў у пераездах. На момант развалу Савецкага Саюза ягоны бацька  служыў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, таму Уладзімір атрымаў расійскі пашпарт. І хоць потым з’ехаў вучыцца ў Беларусь, ад грамадзянства Расіі не адмаўляўся – не выключаў вяртання. Пасля вучобы нейкі час працаваў у Маскве, а ў 2006 канчаткова пераехаў у Мінск. Ажаніўся, мае дачку.

    Заўважнай і публічнай асобай Уладзімір Цыгановіч стаў на хвалі ўздыму незалежнага блогерства – рабіў відэасюжэты “на злобу дня” паралельна з Сяргеем Ціханоўскім, Андрэем Павуком, Аляксандрам Кабанавым, Сяргеем Пятрухіным ды іншымі.  

    На сваім YouTube-канале Moz­gON пачынаў з асвятлення сацыяльных і эканамічных праблем, а з набліжэннем перадвыбарчай кампаніі 2020 года пераключыўся на палітычныя навіны. Расказваў пра патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, ладзіў трансляцыі з пікетаў па зборы подпісаў, ацэньваў закулісную ролю Расіі ў выбарчым працэсе. Даволі хутка сабраў на сваёй віртуальнай пляцоўцы аднадумцаў, давёўшы колькасць падпісчыкаў да 75 тысяч. 
    Вострага на язык блогера затрымалі 9 чэрвеня 2020-га – у самы разгар электаральнай агітацыі. Фармальнай прычынай быў “даўжок” па неадбытым 15-суткавым арышце, вынесеным яшчэ за сакавіцкі Дзень Волі. Следам здарыўся яшчэ адзін суд і дадатковыя два тыдні за кратамі. Але на волю ён так і не выйшаў, знайшоўшыся ў мінскім СІЗА №1 у статусе абвінавачанага па “справе Ціханоўскага”. Яму, як і яшчэ вялікай групе актывістаў і палітыкаў, інкрымінаваўся крымінальны артыкул 342 — “арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. 

    У пачатку 2021 года стала вядома, што Уладзіміру Цыгановічу прад’явілі яшчэ адно абвінавачванне — на падставе ч. 1 арт. 293 (“падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках”). А ўрэшце дадалася і амаль абавязковая для палітвязняў ч. 3 арт. 130 – “распальванне сацыяльнай варожасці”. 
    Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме акурат год таму ў будынку гомельскага СІЗА №3. Суддзя абласнога суда Мікалай Доля прысудзіў Уладзіміру Цыгановічу 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сёлета 31 мая Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разглядзеў апеляцыйныя скаргі шасці фігурантаў “справы Ціханоўскага”, якія атрымалі неадэкватныя тэрміны зняволення, але пастанавіў пакінуць прысуды без зменаў. 

    Фігуранты аб’яднанай справы: Сяргей Ціханоўскі – 18 гадоў калоніі, Арцём Сакаў і Дмітрый Папоў – па 16 гадоў, Уладзімір Цыгановіч і Ігар Лосік – па 15 гадоў, Мікалай Статкевіч — 14 гадоў.
    Пры гэтым камусьці з кантралёраў у праваахоўных структурах падалося, што пакаранне Уладзіміру Цыгановічу “недастаткова жорсткае” і ў снежні 2022-га асуджанага перавялі з умоўна “ліберальнай” калоніі ў турму строгага рэжыму. Магчыма, гэтаму паспрыяла тое, што 4 лістапада Міністэрства ўнутраных спраў уключыла вязня ў ведамасны “спіс экстрэмістаў”. 

    Акрамя таго, фігуранты мусяць салідарна сплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі — як пазначана ў судовым рашэнні, для выплат сілавікам “за дадатковы час на службе падчас акцый пратэсту”. 

    Чытайце яшчэ: 

    Вярхоўны суд запланаваў апеляцыі белапанаўцаў на 6 студзеня наступнага года

    Прысуд журналістцы Ксеніі Луцкіной пакінулі без зменаў

    Хакеры заявілі, што завалодалі данымі 400 мільёнаў карыстальнікаў Twitter. Чым гэта пагражае беларусам і што рабіць?

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці