• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Былая «чорная зона» са 150 палітвязнямі. Што вядома пра калонію, дзе Ігара Лосіка ўжо год трымаюць без сувязі з роднымі

    Роўна год няма сувязі з журналістам «Радыё Свабода» Ігарам Лосікам, асуджаным на 15 гадоў паводле палітычных абвінавачванняў. 20 лютага 2023 года бацькі Ігара атрымалі апошні ліст ад сына. Ён адбывае пакаранне ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) Наваполацкай калоніі ўзмоцненага рэжыму № 1. Ліставанне, перадачы, спатканні з ім забароненыя.

    «Радыё Свабода» расказвае пра калонію, якую называюць самай бруднай з экалягічнага пункту гледжання і самай жорсткай што да рэжыму. Цяпер там таксама трымаюць Андрэя Кузнечыка, Андрэя Аляксандрава, Анджэя Пачобута і яшчэ прынамсі 150 палітвязняў.

    Гісторыя Наваполацкай папраўчай калёніі № 1 узмоцненага рэжыму непасрэдна зьвязаная з гісторыяй самога гораду. У 1958 годзе недалёка ад Полацку вырашылі пабудаваць буйны прамысловы комплекс — Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод. Было абвешчана пра Ўсесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю. Побач з карпусамі НПЗ «камсамольцы-дабравольцы» пабудавалі для сябе часовае жытло — баракі. Пазьней іх ператварылі ў папраўчую калёнію № 10, яе называлі «дзясяткай».

    Жыцьцё паводле «вараўскіх законаў»

    Асноўным кантынгентам зоны ў тыя часы былі лютыя крымінальнікі, удзельнікі так званых АЗГ (арганізаваных злачынных груповак), асуджаныя за асабліва цяжкія злачынствы: рабаўніцтвы і забойствы. У 2009 годзе ў ёй адбывалі пакараньне 2032 чалавекі пры норме 1500. 21% — за наўмысныя забойствы, 24% — за рабаўніцтвы і нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Сярэдні тэрмін пакараньня па калёніі быў 9,2 года.

    «„Дзясятка“ лічылася так званай „чорнай зонай“, якая жыла па „паняцьцях“, дзе кіравалі „сматрашчыя“ і „воры ў законе“ кшталту ўраджэнца Грузіі, які кіраваў арганізаванай злачыннай групоўкай у Берасьці Вахо Хобскага і іншых (адзін зь іх быў у калёніі і забіты). У Наваполацак звозілі рэцыдывістаў зь іншых калёній, тут заўсёды кіравалі свае», — успамінае тагачасны сядзелец, злодзей-рэцыдывіст Мікалай (імя зьмененае. — РС), які агулам адседзеў каля 20 гадоў і «матаў тэрмін» у трох папраўчых калёніях Беларусі.

    Пасьля падзеяў 2010 году ў наваполацкую «дзясятку» упершыню зьмясьцілі палітычных зьняволеных: былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, анархіста Ігара Аліневіча, Мікіту Ліхавіда, Алеся Кіркевіча. Апошні напісаў пра сваю адседку кнігу «Сем месяцаў у беларускай турме» і ў 2013 годзе атрымаў літаратурную прэмію імя Францішка Аляхновіча.

    У 2014 годзе калёнію расфармавалі і зрабілі зь яе лячэбна-працоўны прафілякторый (ЛПП № 8), дзе прымусова лячылі алькаголікаў, выкарыстоўваючы іх рабскую працу на шкодных вытворчасьцях. Аднак працягвалася гэта нядоўга, ужо ў 2017-м «у мэтах аптымізацыі крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС» установе вярнулі статус папраўчай калёніі, прысвоіўшы нумар 1. Раней ён належаў калёніі на вуліцы Кальварыйскай у цэнтры Менску, якую закрылі.

    Пасьля 2020 году ў Наваполацкую калёнію № 1 перавялі адбываць пакараньне шэраг вядомых апанэнтаў рэжыму. Тут трымаюць Віктара Бабарыку, стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі Анатоля, журналістаў Андрэя Аляксандрава, Ігара Лосіка, Андрэя Кузьнечыка, Анджэя Пачобута, мэдыямэнэджара Канстанціна Залатых. А былога супрацоўніка КДБ Аляксея Храловіча і былога вайскоўца Дзяніса Ўрада нядаўна з гэтай калёніі перавялі ў Магілёўскую крытую турму № 4.

    Рэжым «інкамунікада»

    Былога праціўніка Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня. Зь ім пасьля красавіка 2023 году няма сувязі; хутчэй за ўсё, Бабарыка знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу. Іншым асуджаным кантактаваць зь ім забараняцца, на працу яго ня водзяць. Паводле шэрагу паведамленьняў, летась у красавіку Віктар Бабарыка быў моцна пабіты і трапіў у наваполацкі шпіталь.

    Журналіст Свабоды Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, таксама адбывае пакараньне ў ПКТ. Сувязі зь ім няма з 20 лютага 2023 году (тады бацькі атрымалі апошні ліст ад сына). Ліставаньне, перадачы, спатканьні зь ім забароненыя. Нават так званай «атаваркай» на адну базавую Ігар скарыстацца ня можа — усе сродкі зь ягонага рахунку сьпісваюць нібыта на пагашэньне запазычанасьці.

    Журналіста Анджэя Пачобута, якога асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі, днямі зьмясьцілі ў ШЫЗА.

    «Цягам 8 месяцаў у яго не было ніводнага спатканьня, ніводнага званка, ніводнай перадачы, нават з рэчамі. Пазбаўляюць абсалютна ўсяго», — напісала ў фэйсбуку ягоная жонка Аксана.

    Больш за год правёў у калёніі № 1 блогер Аляксандар Кабанаў, які цалкам адбыў пакараньне і нядаўна вызваліўся.

    «Калёнія — гэта ШЫЗА, зь якога я не вылазіў. Любога палітычнага ў калёніі робяць злосным парушальнікам рэжыму… Прыходзяць да цябе і кажуць: „У цябе гузік расшпілены і ты не павітаўся, на цябе будзе акт“. Потым прыходзяць і кажуць: „У цябе ў тумбачцы не прыбрана, будзе акт“. Трэці раз прыходзяць: „У цябе ня 2 тысячы цыгарэт, а 2 тысячы і адна — будзе акт“. Усё, ты злосны парушальнік рэжыму. І ты раптоўна становісься асабліва небясьпечным… Празь пяць дзён у калёніі на мяне ўжо было пяць актаў і па адным зь іх мяне ставяць мыць унітазы. Мыюць унітазы ў калёніі людзі зь нізкім сацыяльным статусам. Калі ты ідзеш на такое, то аўтаматычна сам становісься чалавекам зь нізкім статусам. Гэта адзін з інструмэнтаў ціску на зьняволеных. Я, натуральна, адмаўляюся і трапляю на 30 дзён у адзіночку ў ШЫЗА. А пятай ранку пад’ём, а шостай — сьняданак, аб адзінаццатай — абед, а чацьвёртай — вячэра. І ўсё», — расказваў Свабодзе Аляксандар Кабанаў.

    Паведамленьні пра сьмерці і катаваньні

    У пачатку 2021 году стала вядома аб некалькіх сьмерцях асуджаных, якія адбывалі пакараньне ў Наваполацку — 25-гадовага Андрэя Дубіка і 27-гадовага Аляксея Жука. Дубік, асуджаны за збыт наркотыкаў, памёр у карцары. Турэмны лекар паведаміў сям’і, што іх сын наклаў на сябе рукі.

    «Адзін чалавек меў СНІД і рак, ён памёр. Другая сьмерць, я лічу, на руках адміністрацыі. Быў вязень, які страціў здароўе, у першую чаргу псыхічнае, у калёніі. У яго былі праблемы з галавой. Каб зь ім не займацца, яго закрывалі ў ШЫЗА. Ён ня надта цяміў ужо, таму спаў на бэтоннай падлозе, падхапіў запаленьне лёгкіх. Яго павезьлі ў раённую лякарню, але ўжо не ўратавалі. Каб яго ня кідалі ў ШЫЗА, то ён бы выжыў», — узгадвае былы сядзелец калёніі Аляксей.

    Па інфармацыі праваабаронцаў, зьняволеныя часта паведамляюць аб выпадках катаваньняў у ШЫЗА і ПКТ, якімі нібыта асабіста кіраваў былы начальнік калёніі, падпалкоўнік Андрэй Пальчык.

    У канцы сакавіка 2023 году праваабаронцам стала вядома, што палітвязень Ігар Лосік, які ўжо амаль год знаходзіцца ў ПКТ, спрабаваў прычыніць сабе фізычную шкоду. Тады Ігара адправілі ў ШЫЗА. Там ён доўгі час трымаў галадоўку, а потым парэзаў сабе рукі і шыю.

    Зрабіць спробу суіцыду ў ШЫЗА калёніі спрабаваў экс-палітвязень Аляксандр Кабанаў, якога тройчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Па яго словах, у апошні раз умовы ў камэры былі настолькі невыноснымі, што ён ня вытрымаў і станком для галеньня парэзаў вены. Кабанаву ў шпіталі наклалі 68 швоў.

    Расейца Мікалая Хрола, асуджанага на 6 гадоў, у 2021-м моцна пабілі, зламалі ключыцу і не лячылі. У выніку ключыца ня так зраслася і ўпіраецца ў горла, а правая рука непрацаздольная. Пры гэтым вязьня прымушалі цягаць бярвёны.

    Па словах былога зьняволенага калёніі, яе вязень Віталь Малахоўскі тройчы ўскрываў вены з дапамогай мэталічнай лыжкі. Такім чынам ён пратэставаў супраць свавольстваў адміністрацыі.

    «Навагодні экспрэс»

    Адміністрацыя наваполацкай калёніі мае свае традыцыі. Адна зь іх — «Навагодні экспрэс», расказаў былы вязень Аляксей.

    «На Новы год камэры ШЫЗА запаўняюць на 100%, там недзе каля 80 месцаў. У звычайны час там напаўняльнасьць камэр 20-30%. Іх традыцыю я лічу формай катаваньня. Бо многія людзі чакаюць, нават у калёніі, Новага году, стараюцца неяк яго адзначыць. Тут жа людзей кідаюць на гэты тэрмін у ШЫЗА з самых надуманых прычынаў», — кажа ён.

    Суразмоўца расказвае, што найстрашнейшая для зьняволеных камэра ў ШЫЗА — № 13. Там значна халадней, чым у іншых.

    «Туды больш ліюць хлёркі, нібыта для дэзынфэкцыі. Але гэта больш для зьдзекаў. Адзін канвойны выліў хлёрку ў камэру са словамі: „З Новым годам!“», — кажа былы вязень. За гады знаходжаньня ў калёніі Аляксей зрабіў выснову, што тых, хто на Новы год трапляе ў камэру № 13, абавязкова пазьней перавядуць у «крытую турму».

    У ВК-1 была даволі багатая і разнастайная бібліятэка — пра гэта ў сваіх лістах часта пісаў Андрэй Кузьнечык, які знаходзіў там шмат літаратуры і пэрыёдыкі на беларускай мове. З восені 2023 году беларускія кніжкі, а таксама кнігі на замежных мовах пачалі зь бібліятэкі прыбіраць.

    Самая брудная

    Разьмяшчаецца папраўчая калёнія № 1 на вуліцы Тэхнічнай, 8, у Прамысловым раёне Наваполацку. З усіх бакоў яна акружаная трубамі і звалкамі буйных хімічных прадпрыемстваў — «Нафтану» і «Паліміру». Да таго ж бальшыня вытворчасьцяў на так званай «прамзоне» шкодная, зь цяжкімі ўмовамі працы.

    Самай шкоднай працай вязьні называюць выпальваньне драўнянага вугалю. Зьняволеныя спальваюць дровы ў мэталічных бочках без доступу кіслароду, дыхаюць дымам, сажа ўядаецца ў скуру. На такую працу ў лістападзе 2022 году былі перавялі Віктара Бабарыку, ён вымушаны быў працаваць па 9 гадзін 6 дзён на тыдзень. Знаходзіўся на вуліцы бяз доступу ў бытавое памяшканьне, падымаў цяжары, нягледзячы на проціпаказаньні па стане здароўя, паведамляў тады тэлеграм-канал зьняволенага палітыка.

    Да гэтага Віктар Бабарыка працаваў апальшчыкам у пякарні, укладчыкам хлебабулачных вырабаў і ўвесь час павінен быў знаходзіцца ў памяшканьні без вэнтыляцыі, дзе тэмпэратура паветра большая за +30. Для яго падбіралі адмысловыя брыгады, куды ўваходзілі толькі «правераныя» адміністрацыяй людзі, якія ішлі на супрацоўніцтва з аховай турмы.

    Яшчэ адна шкодная вытворчасьць — атрыманьне медзі са старых кабэляў і дратоў, якія прывозяць з тэлекамунікацыйных прадпрыемстваў. Кабэлі трэба ачысьціць ад ізаляцыі і дастаць мэталічную сарцавіну. Паліць аплётку нельга, але часам употай яе паляць уначы, каб не відаць было чорнага дыму. Участак знаходзіцца ў вялікім цэху, дзе зімой вельмі холадна. З інструмэнтаў — толькі адмысловы нож з кляймом, у кожнага свой. Пальчатак і фільтраў не выдаюць.

    Перабіраньне плястыкавых гранул, сартаваньне пакетаў і выраб поліэтыленавай плёнкі — таксама шкодная праца. Пакеты са сьмецьцем прывозяць у калёнію ў вялікіх цюках. Зьняволеныя выкідаюць з пакетаў рэшткі прадуктаў і прыбіраюць налепкі, каб у плястыку не заставалася іншародных часьцінак. На ўчастку стаіць жудасны смурод.

    Плястыкавыя гранулы асуджаныя перабіраюць за спэцыяльным сталом — сартуюць па колерах сумесь дробных чорных і белых «пацерак». Па іх словах, гэтая праца нудная і аднастайная. У памяшканьні вельмі душна. За шкоднасьць на вырабе поліэтыленавай плёнкі і перабіраньне плястыкавых гранул вязьням даюць малако.

    На дрэваапрацоўчай вытворчасьці пілуюць дровы, вырабляюць паддоны, прыбіраюць пілавіньне. Праца фізычна цяжкая, цэлы дзень на вуліцы. На дрэваапрацоўцы працуе журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык — 6 дзён на тыдзень, як і ўсе палітычныя.

    Ёсьць у Наваполацку і швейная вытворчасьць: вязьні шыюць працоўныя робы, фуфайкі, спэцвопратку. Нядаўна быў вялікі заказ на некалькі тысяч камізэлек для вайскоўцаў. Гэтая праца лічыцца крыху лягчэйшай, ды і ўмовы лепшыя — людзі працуюць у памяшканьні.

    Цяжкая праца і ў сталоўцы: пад’ём а 4-й раніцы, заканчэньне а 21-й гадзіне.

    Па словах былых сядзельцаў і праваабаронцаў, звычайныя «крымінальныя» зьняволеныя ў наваполацкай калёніі працуюць 3 дні на тыдзень, з 8 да 17 гадзін. У «палітычных» шасьцідзёнка і толькі адзін выходны ў нядзелю. Часам палітвязьняў прыцягваюць да працы і ў сьвяточныя дні.

    Кіраўнік адміністрацыі вырас у адным двары з Ігарам Лосікам

    З 2017-га па сакавік 2023 году калёніяй кіраваў падпалкоўнік Андрэй Пальчык. Нарадзіўся ён 3 сакавіка 1981 году ў Баранавічах. Палітзьняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік у дзяцінстве жыў у адным доме з Пальчыкам — у Паўночным раёне Баранавічаў, на вуліцы Наканечнікава, 33.

    Па інфармацыі арганізацыі былых сілавікоў BelPol, за час службы Пальчык меў шмат вымоваў і дысцыплінарных спагнаньняў. У 2013 годзе ён атрымаў вымову за «ўступленьне ў адносіны з асуджаным П». У 2016 годзе Пальчыку зрабілі афіцыйную заўвагу, у 2019-м зноў вымову — за «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў».

    У 2017 годзе Пальчык згубіў службовае пасьведчаньне, яму выдалі дублікат. 20 траўня 2015 году тагачасны начальнік калёніі атрымаў штраф за перавышэньне хуткасьці. Пальчык знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ.

    Дакладная прычына звальненьня Андрэя Пальчыка невядомая, у 2023-м яго накіравалі працаваць начальнікам калёніі-пасяленьня, так званай «хіміі». Гэта можна лічыць паніжэньнем па службе.

    Паводле былога вязьня Аляксея, адной з прычын звальненьня Пальчыка стала відэа на YouTube, якое запісаў былы зьняволены Аляксандар Кабанаў зь іншым былым вязьнем.

    «Відаць, вышэйшаму кіраўніцтву не спадабалася, што не ўдалося ўтаіць факты зьдзекаў і катаваньняў, таму гэта магло быць адной з прычынаў, што Пальчыка зьнялі, — сказаў Аляксей у нядаўнім інтэрвію Свабодзе.

    Яшчэ адной прычынай звальненьня магла быць крымінальная справа на супрацоўніка калёніі Пятрова, які пабіў звычайнага зэка і пазьней атрымаў тэрмін.

    Часовым выканаўцам абавязкаў начальніка калёніі пасьля Пальчыка прызначылі Вячаслава Журко (раней ён быў намесьнікам у апэратыўнай і рэжымнай працы. — РС). Аднак яго не зацьвердзілі на пасадзе. Менавіта пры ім у красавіку 2024 году адбыўся інцыдэнт зь Віктарам Бабарыкам, якога з калёніі даставілі ў наваполацкую лякарню зь фізычнымі пашкоджаньнямі. На пачатку траўня 2023 году начальнікам калёніі прызначылі Руслана Машадзіева.

    «Калі Пальчык любіў зьдзекавацца зь людзей, то Машадзіеў без эмоцый выконвае ўсё, што яму даручана. Нешта стала лепш, нешта горш стала, але ў масе — трохі лепш усё-ткі пасьля Пальчыка, для нас сталі больш празрыстымі правілы гульні», — кажа былы вязень.

    Паводле інфармацыі BelPol, Руслан Машадзіеў нарадзіўся 26 верасьня 1981 году. Кар’еру пачынаў з начальніка аддзелу калёніі № 10, працаваў у ЛПП-8 на той жа пасадзе. У 2017 годзе яго павысілі да намесьніка начальніка калёніі, летась — да начальніка. Двойчы быў жанаты, першая жонка Натальля працуе таксама ў сыстэме МУС, ёсьць дачка Карына. У другім шлюбе ў Машадзіева нарадзіўся сын Марат.

    Цяпершні начальнік наваполацкай калёніі да 2019 году неаднаразова наведваў Эўропу, бываў у Літве, Латвіі і Польшчы. Цяпер ён таксама пад санкцыямі Эўразьвязу.

    Паводле інфармацыі праваабароньчых арганізацый, зараз у Наваполацкай калёніі трымаюць каля 150 палітзьняволеных. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў сярод усіх установаў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Беларусі.

    Крымінальны перасьлед Ігара і Дар’і Лосікаў

    На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

    Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

    Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

    15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

    11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

    • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).

    • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

    Чытайце яшчэ:

    Мо і хоча, ды не можа. Чаму Лукашэнка не вызваляе Пачобута

    «Спадзяюся, ў яе атрымаецца». Ксеніі Луцкіной за кратамі споўнілася 40

    «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі». Выйшаў новы фільм пра беларускіх рэпарцёраў, пратэсты і рэпрэсіі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці