Былога заснавальніка баранавіцкай газеты судзілі па чатырох палітычных крыміналках
У міліцэйскім «спісе экстрэмістаў» з’явілася імя актывіста Анатоля Вайцяхоўскага, які ў пачатку года вярнуўся ў Беларусь з палітычнай эміграцыі.
Перад гэтым ён разам са сваім суседам Уладзімірам Усерам адздымаўся ў прапагандысцкім фільме БТ. А пасля смерці Усера Вайцяхоўскі напісаў у камісію па вяртанні. Проста на мяжы ён даў яшчэ адно інтэрв’ю БТ.

Анатоль Вайцяхоўскі. Скрыншот: БТ
Як аказалася, Вайцяхоўскага ўсё ж асудзілі — адразу па чатырох палітычных артыкулах:
- ч. 3 арт. 361 КК — «Заклікі да санкцый».
- ч. 2 арт. 367 КК — «Паклёп на Лукашэнку».
- ч. 2 арт. 368 КК — «Абраза Лукашэнкі».
- ч. 1 арт. 361‑4 КК — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Мінімум, які ён мог атрымаць па гэтых артыкулах — чатыры гады калоніі. Аднак Вайцяхоўскаму далі хатнюю хімію.
Тым не менш ён застаецца «экстрэмістам» з усімі абмежаваннямі, якія вынікаюць з гэтага статусу.
Да паслявыбарчых пратэстаў 2020 года Вайцяхоўскі з сям’ёй жыў у Баранавічах, пэўны час працаваў на раённым вузле электрасувязі. У сярэдзіне 1990‑х Вайцяхоўскі стаў адным з заснавальнікаў мясцовай газеты «Шаг». Гэта адна з першых прыватных газет горада і некалі адна з самых папулярных, яе наклад сягаў 11 тысяч экзэмпляраў. Пазней яна перафарматавалася ў чыста рэкламную. У пачатку 2000‑х Вайцяхоўскі сышоў з журналістыкі, стаў прадпрымальнікам. Ён займаўся медыцынай і таварамі для здароўя.
У 2023 годзе Вайцяхоўскага затрымаў ГУБАЗіК — за тое, што Анатоль пакідаў у тэлеграме каментарыі супраць расійскага ўварвання ва Украіну і гвалту сілавікоў, але калі яго выпусцілі, ён аператыўна эвакуяваўся за мяжу пры дапамозе «Байсола».
«Маніпуляцыя і гульня на эмоцыях». Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі – пра фільм БТ «Пабег дамоў»
@bajmedia