• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Былы міністр інфармацыі заклікаў ідэолагаў “не баяцца Instagram і Telegram”

    Колішні кіраўнік Міністэрства інфармацыі, а цяпер намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Ігар Луцкі заклікаў ідэалагічны актыў дзяржаўнай вертыкалі “разам адбіваць інфармацыйныя атакі нядобразычліўцаў Беларусі”. 

    Працягваюцца ідэалагічныя дэсанты чыноўнікаў вышэйшага звяна ў межах так званага “адзінага дня інфармавання”. На сайце Міністэрства інфармацыі размешчана справаздача сустрэчы аднаго з кіраўнікоў адміністрацыі Лукашэнкі з актывам Савецкага раёна Мінска на тэму  «Асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне інфармацыйнай бяспекі».

    Прозвішча Ігара Луцкага добра вядома журналістам незалежных СМІ, бо менавіта ў яго кадэнцыю адбывалася мэтанакіраваная “зачыстка”  інфармацыйнай прасторы.

    Цягам 2014–2018 гадоў ён быў першым намеснікам міністра інфармацыі, а перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020-га і наступнай хваляй гвалту стаў кіраўніком ведамства. На гэтай пасадзе актыўна прасоўваў ідэю навешвання “экстрэмісцкіх” ярлыкоў на нелаяльныя медыя. За спрыянне рэпрэсіям супраць іншадумства трапіў у санкцыйныя спісы Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, ЗША, Канады ды іншых краін.

    Такі імпэт не застаўся не заўважаным: летась у красавіку Аляксандр Лукашэнка падвысіў Ігара Луцкага ў службовай іерархіі, прызначыўшы  намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі, дзе той адказвае за ідэалагічны напрамак. Цалкам лагічна, што працоўны графік чыноўніка цяпер больш адпаведны місіі лектара-прапагандыста.  

    “Інфармацыйныя атакі мусіць адбіваць не толькі ідэалагічны актыў краіны, горада, канкрэтнага раёна або прадпрыемства — усе разам”, — цалкам у духу рыторыкі “халоднай вайны” заявіў ён падчас сустрэчы са сталічнымі ідэолагамі.

    Асаблівую ўвагу прадстаўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі звярнуў на працу з сацыяльнымі сеткамі, дзе “звілі свае гнёзды галоўныя нядобразычліўцы Беларусі”.

    “Кожны з нас павінен быць абсалютна гатовы да адбіцця любых несяброўскіх нападаў. І сэнс не толькі ў тым, каб сядзець у абароне. Трэба весці наступальную інфармацыйную працу. Насамрэч мы робім  шмат усяго, у нас моцна развіта сацыяльная сфера, але часам гэтага папросту не паказваем”, — канстатаваў ён.

    Асобна Ігар Луцкі спыніўся на тым, як ягоным падначаленым трэба працаваць з моладдзю – маўляў, ворагі дзяржавы напоўніцу карыстаюцца неакрэплым розумам. Тым больш, што на тэрыторыі Савецкага раёна Мінска шмат навучальных устаноў, дзе канцэнтрацыя карыстальнікаў сацсетак апрыёры высокая. Пры гэтым ён заклікаў старэйшых таварышаў, не зусім абазнаных у нюансах “гібрыднай вайны”, не баяцца Insta­gran і Telegram, а закідаць “альтэрнатыўнымі ідэямі”.

    “Моладзь у плане інфармацыйнага націску застаецца самай уразлівай, — панаракаў дзяржслужбовец. — Сучасны чалавек спажывае вельмі шмат інфармацыі, яе спектр надзвычай шырокі. На псіхіку дзейнічаюць фейкі, укіды. Карыстальнікі, як правіла, рашэнні прымаюць адразу, не ўдумваючыся, не аналізуючы, не пацвярджаючы звесткі з розных крыніц. І гэта пытанні інфармацыйнай гігіены, пра якія трэба казаць. А найперш трэба самім зразумець, як гэта рабіць. Сучасныя формы і метады — не баяцца Insta­gran і Telegram. Так, маладыя людзі ў сацыяльных сетках і месенджарах як у сваім асяроддзі. Таму нам трэба прапанаваць нешта цікавае аўдыторыі са свайго боку”.

    Міністэрства інфармацыі, якое засталося пад ідэалагічным кантролем Ігара Луцкага, робіць усё, каб у краіне не засталося альтэрнатыўнага меркавання. На канец 2022 года практычна не засталося незалежных інтэрнэт-супольнасцяў, матэрыялы якіх не прызнаныя “экстрэмісцкімі”, або не апынуліся ў шэрагах “злачынных фармаванняў”.

    Чытайце яшчэ:

    «Падпарадкавацца гэтаму страху — значыць, прайграць». Апошняе інтэрв’ю Аляксея Стрэльнікава

    Как координировать работу редакции, работающей в разных странах. Опыт работы белорусских медиа

    Грамата за прапаганду: у беларускім НАК узнагародзілі журналістаў дзяржСМІ, нават не назваўшы іх імёны

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці