• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Адчапіцеся ад Дашы Лосік!» Што варта пісаць пра палітвязняў, а пра што лепш памаўчаць

    «Кейс Лосікаў» зноў актуалізаваў праблему: што варта пісаць пра палітвязняў, а про што лепш памаўчаць. БАЖ паспрабаваў разабрацца, што ж рабіць незалежным медыя ў такіх выпадках.

     

    Дар’я, Ігар і Паўлінка Лосікі. Калаж «Радыё Свабода»

    Навіна пра развод Дар’і і Ігара Лосікаў падзяліла беларускую грамадскасць на два лагеры: адны лічаць, што медыя правільна зрабілі, абнародаваўшы гэтую інфармацыю, іншыя катэгарычна супраць публікацыі падобных звестак.

    Гісторыя новая, а праблема старая: як незалежныя медыі павінны асвятляць падзеі з жыцця палітвязняў? З аднаго боку, усё, што адбываецца з людзьмі ў зняволенні — праблема грамадска значная, яе ніяк нельга замоўчваць. З іншага боку, развод — справа асабістая, нават за кратамі.

    І ўвогуле, многія напісалі пра развод, а зрэшты, што пра яго вядома?

    «Каб дзіця не заставалася сіратой пры жывых бацьках»

    Валярына Кустава, ментарка і вядоўца ТV-праектаў, адрэагавала эмацыйным і рэзкім допісам на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

    «Непапулярнае меркаванне выкажу.

    Адчапіцеся ад Дашы Лосік.

    Па-першае, мяркую, яна зрабіла гэта для таго, каб дзіця не заставалася сіратой пры жывых бацьках і яе ўсё ж выпусцілі, а не накінулі новы тэрмін. І гэта было пад ціскам. Але.

    Па-другое, гэта сто разоў яе справа, а не чыясьці яшчэ. Калі Дашы так хоць у нечым лягчэй то і не ваша справа. Яна дакладна робіць гэта не для таго, каб нашкодзіць Ігару (нагадаю, яе пасадзілі менавіта праз тое, што гучна і смела бараніла мужа). А з іншых памкненняў і матывацый. Выйдзе (дай Бог) раскажа (калі палічыць патрэбным).

    Па-трэцяе, ведаю шэраг жонак палітвязняў, якія б і развяліся, і адчувалі сябе крышку вальней, калі б на іх так дзіка не ціснула грамадскасць. Маўляў, што мусяць быць гераічнымі гераінямі і мужна трываць. А калі не трываецца? Гэтая маральная опцыя павінна быць у іх не таму, што яны здраджваюць ці яшчэ нешта такое. А папросту, бо яны людзі. Не горшыя і не лепшыя ад разводаў. Дзяцей яны сваіх не кідаюць. А жыць самой гадамі ці дзесяцігоддзямі цяжка. А ў іх па вялікім рахунку святая непублічная забарона нават на тое, каб завесці раман ці закахацца. Пры тым, што гэта (муж у турме) найчасцей не было нейкім сямейным выбарам. А часта нават наадварот, жанчыны прасілі чалавека эвакуявацца своечасова. Яны гэта не выбіралі. Гэта акурат не пра Дашу. Але гэта таксама вялікі замоўчаны боль.

    Па-чацвертае, а вы хоць ведаеце, колькі мужоў разводзіцца з палітзняволенымі жанчынамі і рэпрэсаванымі жонкамі, колькі дзяцей не глядзяць. А я вось ведаю. Шмат.

    Адчапіцеся ад Дашы.

    Даша, усё, што ты робіш, правільна.

    Галоўнае, каб тваё дзіця цябе хутчэй пабачыла, бо яму найбольш трэба твая падтрымка.

    А дарослыя мужчыны не дурні і самі ведаюць, што абставіны бываюць вельмі рознымі.

    Але, канечне, калі хочаце падтакнуць прапагандзе абавязкова цкуйце Дашу. І гэта будзе значыць, што прапаганда дасягнула мэты».

    Аляксандр Кабанаў: Лосіка хочуць альбо давесці да суіцыду, або давесці да вар’яцтва

    Блогер, былы палітвязень Аляксандр Кабанаў, які першым абнародаваў інфармацыю пра развод Лосікаў, сцвярджае, што меў сур’ёзныя падставы для такога кроку.

    Інфармацыя абнародаваная таму, што гаворка ідзе пра бяспеку Ігара Лосіка, якога, па маіх звестках, хочуць альбо давесці да суіцыду, або давесці да вар’яцтва. Чаму гэтую інфармацыю неабходна было апублічыць? У калоніі разумеюць, што інфармацыя выходзіць адтуль, а значыць, можа спыніць тое бязмежжа, якое там творыцца. Прычым не толькі ў адносінах да Лосіка.

    Аляксандр Кабанаў. Фота: «Радыё Свабода»

    Аўтар youtube-канала «Народны рэпарцёр», прэс-сакратар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, Аляксандр Кабанаў сам адседзеў тры гады зняволення па абвінавачанні ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). 14 снежня 2021 года яму змянілі рэжым адбывання пакарання на строгі турэмны і 21 снежня 2021 перавялі з наваполацкай ПК‑1 (там жа адбывае тэрмін зняволення і Ігар Лосік) у магілёўскую турму № 4. Палітвязень цалкам адбыў тэрмін і 17 снежня 2022 года выйшаў на волю і з’ехаў з Беларусі.

    Асноўны крытэр пры асвятленні кейсаў палітвязняў — бяспека і інфарматара, і самога палітвязня. Любая інфармацыя, якая не нанясе шкоду палітвязні — ні з боку «зэкаў», ні з боку адміністрацыі — павінна быць абнародаваная, — мяркуе Аляксандр Кабанаў.

    Ірына Сідорская: Пакуль муж і жонка знаходзяцца ў турме, мы не маем права іх асуджаць

    Былая загадчыца факультэта журналістыкі БДУ, медыяэкспертка Ірына Сідорская прыводзіць два аргументы супраць з’яўлення падобных публікацый.

    — Для мяне гэта дрэнны ўзор журналісцкай працы. Я маю два аргументы, чаму, з майго пункту гледжання, не трэба было пісаць пра развод Лосікаў.

    Ирина Сидорская. Фото: из личного архива

    Па-першае, я не бачу ў гэтым факце грамадскай значнасці. Безумоўна: усё, што адбываецца з палітвязнямі, трэба асвятляць і ведаць. Але ёсць нейкая асабістая інфармацыя. Мы наогул не ведаем, ці давалі Ігар Лосік і Дар’я Лосік дазвол на публікацыю гэтай інфармацыі. Хто жаніўся, хто развёўся — гэта асабістая інфармацыя, і калі журналісты пішуць пра гэта без дазволу, то гэта ўжо ёсць парушэнне.

    Другі мой аргумент — няма кантэксту ў гэтай навіне, няма бэкграўнда. Калі чалавек не вельмі арыентуецца ў тэме, то што ён можа прачытаць? Што дрэнная жонка кінула мужа ў цяжкай сітуацыі? Але ж мы нават ведаем, як за кратамі ціснуць на палітвязняў, праз што ім даводзіцца прайсці, каб проста выйсці з‑за кратаў у прызначаны тэрмін. Можа, Дар’ю Лосік запужалі, што дадуць новы тэрмін і яна не пабачыць сваё дзіця, або зробяць яе жыццё невыносным? Сама навіна без кантэксту – гэта ўжо парушэнне стандартаў журналісцкай дзейнасці. Ёсць стандарт — паўната інфармацыі, згодна з якім інфармацыя мусіць быць поўнай, а гэта значыць, мусіць быць бэкграўнд.

    Мне здаецца, пакуль абое — і муж, і жонка — знаходзяцца ў турме, мы не маем права іх абмяркоўваць, а тым больш даваць ацэнкі іхнім дзеянням.

    — Але чаму публіка так дружна ўзялася абмяркоўваць чалавечую трагедыю?

    — Магчыма, я жыву ва ўласнай інфармацыйнай бурбалцы, але абсалютная большасць маіх фрэндаў вельмі адмоўна ўспрынялі гэтую навіну, як і сам факт, што гэтая інфармацыя ўвогуле з’явілася ў публічнай прасторы. А людзей, якія б абмяркоўвалі гэтую гісторыю без кантэксту, у маім коле, дзякуй богу, зусім няма.

    На жаль, негатыўныя эмоцыі больш прыцягальныя, чым пазітыўныя: на фоне чужых праблем уласнае жыццё можа здавацца досыць добрым. Мне здаецца, гэта якраз той выпадак, калі спрацаваў агульны закон, паводле якога аўдыторыя аддае перавагу негатыўным навінам, а не пазітыўным.

    Але, паўтаруся, па-першае, незалежныя медыя не павінны парушаць таямніцу прыватнага жыцця людзей, а па-другое, даваць навіну без кантэксту. Насамрэч мы вельмі многа інфармацыі не ведаем, а ў такім выпадку як мы можам ацаніць голы факт? У палітвязняў і так вельмі цяжкае жыццё, яны не заслугоўваюць яшчэ і публічнага абмеркавання ды асуджэння.

    — На ваш погляд, якія крытэрыямі трэба кіравацца пры асвятленні праблемы палітвязняў?

    — Напэўна, у цэнтры павінен знаходзіцца грамадскі інтарэс, але тут я не бачу ніякай актуальнасці для грамадства. Давайце дачакаемся, калі выйдзе Дар’я, калі выйдзе Ігар — тады і зробім рэфлексію, патлумачым, чаму людзі прымалі такое рашэнне.

    Незалежныя медыі павінны пісаць пра ўмовы ўтрымання палітвязняў, пра тое, у якім стане яны знаходзяцца, па якіх правілах яны жывуць за кратамі — пра гэта, безумоўна, трэба пісаць. Бываюць розныя сітуацыі, але ў асвятленні гэтай гісторыі я не бачу плюсаў адназначна.

    Трагедыя Лосікаў

    Кансультанта Беларускай службы «Радыё Свабода» і адміністратара Telegram-канала«Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля вобшуку ў ягоным доме ў Баранавічах. Увечары таго ж дня стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу паводле  артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх).

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Лосіка палітычным вязнем.

    Пасля ўтрымання цягам некалькіх дзён у ізалятары на Акрэсціна ў Мінску Ігара Лосіка змясцілі пад варту ў мінскі СІЗА № 1, пазней — у СІЗА Жодзіна. Яго пераводзілі ў розныя месцы прымусовага ўтрымання яшчэ некалькі разоў, тым часам следства звінаваціла яго яшчэ і паводле часткі 1 артыкула 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Пратэстуючы супраць высунутых абвінавачанняў, Ігар Лосік некалькі месяцаў трымаў галадоўку, якую на знак салідарнасці падтрымала і ягоная жонка  Дар’я Лосік.

    14 снежня 2021 года Ігар Лосік асуджаны на 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго вінавацяць у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 арт. 293 КК і ч. 3 арт. 130 КК.

    У красавіку 2022 года Ігар Лосік упершыню за 22 месяцы пабачыў сваю дачку.

    У чэрвені 2022 года журналіста этапавалі з СІЗА‑3 у наваполацкую ПК № 1.

    18 кастрычніка 2022 года затрымалі ягоную жонку Дар’ю Лосік, якую ў студзені 2023 года асудзілі да двух гадоў калоніі. За каментар тэлеканалу Белсат.

    На волі засталася малалетняя дачка Лосікаў — Паўліна, якой апякуюцца бацькі палітвязняў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці