• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Беларусь выратуюць прафесіяналы” — Вольга Корсун пра развіццё паспяховай ініцыятывы HrodnaMediaRoom

    У пачатку новага года хочацца гаварыць пра добрае і натхняльнае, пра тое, што матывуе і дае моц рухацца наперад з новымі сіламі. Вольга Корсун распавядае пра ініцыятыву HrodnaMediaRoom, якая спантанна ўтварылася восенню 2017 года і развілася ў паспяховы праект.

    — Мы пачалі займацца медыяпісьменнасцю, калі гэта яшчэ не стала мэйнстрымам. Hrod­na­Me­di­a­Room стаў месцам абмену думкамі на надзённыя тэмы і сустрэч з вядомымі журналістамі, людзьмі, якія ўплываюць на беларускую інфармацыйную прастору.

    Тэмы сустрэч мы падбіраем такім чынам, каб яны былі цікавыя не толькі калегам-журналістам, але і шырокаму колу гродзенцаў — пра сучасныя медыя і новую медыярэальнасць, фэйкі і прапаганду, кампутарную і лічбавую бяспеку.

    Натхняе, калі да нас прыязджаюць сапраўдныя прафесіяналы, з якімі можна паспрачацца, падыскутаваць, абмеркаваць праблемныя тэмы, зазірнуць у будучыню і крытычна паглядзець на сённяшнія справы.

    За гэты час мы правялі больш за 10 сустрэч: майстар-класаў, трэнінгаў і лекцый з вядомымі журналістамі, беларускімі і замежнымі: грамадскі актывіст Антон Матолька, дырэктарка тэлеканала “Белсат” Агнешка Рымашэўска-Гузы, беларускі журналіст і SMM-спецыяліст Франак Вячорка, эксперт па кампутарнай і лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіані, рэдактарка часопіса CityDog.by Яся Каралевіч-Картэль, сцэнарыст Андрэй Курэйчык, аглядальнік “Радыё Свабода” Віталь Цыганкоў, вядомы ўкраінскі журналіст Андрэй Кулікоў і іншыя.

    Шмат мы зрабілі для захавання гісторыі гродзенскай незалежнай журналістыкі. Вясной зладзілі ў Гродне першую ў Беларусі выставу, прысвечаную свабодзе слова.

    Выстава “Непадцэнзурная Гародня” распавяла пра падзеі ад 1983 года: з’яўленне і знікненне першых непадцэнзурных самвыдатаў, газет і часопісаў, пераслед журналістаў, прафесійную салідарнасць.

    Мы хацелі паказаць перыяд сапраўднага ўздыму незалежнай журналістыкі ў Гродне, час пошукаў новых фарматаў, розных праяў свабоды слова, час, калі журналісты стваралі гісторыю.

    Затыкаць раты незалежным журналістам і знішчаць незалежную прэсу ўлады Беларусі пачалі ў пачатку 2000‑х гадоў. Своеасаблівым выпрабавальным «палігонам» для адкаткі рэпрэсій стала Гродзеншчына, якую ў той час называлі зонай рызыкі і інфармацыйнай пустыняй.

    Менавіта адтуль пачаўся наступ на незалежную беларускую журналістыку. Тое, што адбывалася ў Гродне, часта было новым не толькі для горада, але і для ўсёй Беларусі. Напрыклад, газета “Пагоня” ўвайшла ў гісторыю Беларусі як СМІ, журналісты якога былі ўпершыню асуджаныя за паклёп на прэзідэнта. Ці, напрыклад, пасля чарговых змяненняў у заканадаўстве аб друку ўлады абкаталі новы інструмент для знішчэння мясцовай прэсы на гродзенскай газеце «Рэпарцёр».

    На выставе, якая стала заўважнай і гучнай падзеяй, былі прадстаўленыя архіўныя матэрыялы, фоталетапіс падзей, відэаматэрыялы.

    Гродзенская ініцыятыва выдала каляндар на 2019 год, кожная старонка якога прысвечана значнай падзеі з гісторыі свабоднага слова ў Гродне.

    Сістэматычна і настолькі маштабна падобнай дзейнасцю ў Беларусі ніхто не займаецца.

    Яшчэ адной унікальнай падзеяй стала арганізацыя выставы World Press Pho­to ў Гродне, да якой мы спрычыніліся. Упершыню сапраўдны Оскар фотажурналістыкі паказалі ў рэгіёне. Дзякуючы камандзе World Press Pho­to, цэнтру ЦЭХ, Юліі Дарашкевіч гродзенцы змаглі паглядзець на ўзоры найлепшага фотамайстэрства, якое расказвае, чаму мы так ці іншакш ставімся да розных праблем, змяняе погляды і прымушае задумацца.

    Hrod­na­Me­di­a­Room будуе масты паміж журналістамі і актывістамі, маладымі гродзенскімі журналістамі і іх старэйшымі калегамі, журналісцкай супольнасцю і шырокім колам грамадства.

    У гэтым годзе мы зладзілі курс па стварэнню фотагісторый для пачаткоўцаў — на працягу трох месяцаў навучэнцы пераймалі досвед двух гродзенскіх фатографаў. Вынікам стала фотавыстава“Жыццё ў поўным колеры” — незвычайныя гісторыі пра звычайных людзей, якія сваёй актыўнасцю і справамі робяць жыццё ў  горадзе лепшым.

    Фотагісторыі, якія былі прадстаўленыя на выставе, далі голас ініцыятывам і арганізацыям, якія займаюцца грамадскай дзейнасцю і часта застаюцца “па-за кадрам”, але дзякуючы якім адбываюцца сацыяльныя змены.

    У мяне часам пытаюць, навошта табе Hrod­na­Me­di­a­Room, бо гэта справа займае шмат часу і патрабуе высілкаў?

    Паспрабую сфармуляваць.

    Сёння незалежныя журналісты, грамадскія актывісты працуюць у вельмі неспрыяльных умовах. Каб сябе рэалізаваць і нешта змяняць да лепшага, увесь час трэба змагацца, але ад гэтага стамляешся.

    Hrod­na­Me­di­a­Room дае мне сілы і матывацыю не апускаць рукі.

    Дзякуючы Hrod­na­Me­di­a­Room, за гэты год я пазнаёмілася з вялікай колькасцю цудоўных людзей. Гэта амбітныя, мэтанакіраваныя, прафесійныя, адукаваныя асобы, якія натхняюць.

    Беларусь выратуюць не апазіцыя ці цуд. Беларусь выратаюць прафесіяналы. Якія, калі прыйдзе час, будуць будаваць новую Беларусь, кожны ў сваёй сферы. Яны і цяпер гэта робяць. Прынамсі, мне хочацца ў гэта верыць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці