1035

Cклалі пратакол за распаўсюд экстрэмісцкага матэрыяла на ўладальніка сайта “Газеты Слонімскай”

19.05.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

На 10.00 раніцы 19 траўня позвай быў выкліканы на допыт у Слонімскі РАУС дырэктар ПУП “Рэдакцыя газеты “Газета Слонімская” і ўладальнік сайта gs.by Яўген Валадашчук.

 

Па выніках допыту на Яўгена Валадашчука старшы ўчастковы інспектар міліцыі А. А. Гусар склаў пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП ("Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі") за публікацыю на сайце 23 чэрвеня 2020 года матэрыяла з Тэлеграм-канала, які 20 кастрычніка 2020 года прызналі экстрэмісцкім.

Нагадаем, у красавіку гэтага года за тую ж публікацыю на сайце выклікалі ў міліцыю і склалі пратакол на галоўнага рэдактара “ГС” Міколу Канановіча.

Як адзначыў у размове з карэспандэнтам Службы маніторынгу ГА "БАЖ" Яўген Валадашчук, з пратаколам яны з адвакатам не пагадзіліся. Участковы А. Гусар паведаміў, што рыхтуе матэрыялы для перадачы гэтай справы ў суд.

Што датычыць галоўрэда “ГС” Міколы Канановіча, то ў дачыненні яго справа будзе спынена, запэўніў Гусар. 

Штраф $4800 для Hrodna.life. Абласны суд пакінуў вырак раённага без зменаў

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!