5081

Гомельскія журналісты: у новы год – з новымі пратаколамі

08.01.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

На журналіста-фрылансера з Гомеля Кастуся Жукоўскага склалі два адміністрацыйныя пратаколы за нібыта парушэнне арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Магчыма, хутка будзе і трэці. 

Копіі дакументаў журналіст атрымаў поштай, паведамляе сайт “Гомельская Вясна”. Адзін з пратаколаў склаў 28 снежня маёр Калінкавіцкага РАУС Уладзімір Паўловіч, другі – 29 снежня маёр Кармянскага РАУС Аляксандр Марозаў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 6 студзеня Жукоўскага таксама выклікалі па тэлефоне ў Веткаўскі РАУС, з чаго яны робяць выснову пра падрыхтоўку яшчэ аднаго пратакола.

“Сюжэты, у вырабе якіх абвінавачваюць карэспандэнта, былі прысвечаны праблемам адсутнасці вады ў райцэнтры Карма, а таксама пераследу з боку міліцыі футбольных заўзятараў у Калінкавічах і выйшлі у эфіры тэлеканала “Белсат”. У Ветцы фрылансер здымаў сюжэты пра крызіснае становішча на мясцовых малаказаводзе ды ткацкай фабрыцы”, – паведамляе “Гомельская Вясна”.

24 снежня 2015 г. на незалежную журналістку з Гомеля Ларысу Шчыракову, нагадаем, таксама склалі адміністрацыйны пратакол за нібыта парушэнне арт. 22.9 КаАП. Сюжэт, у вырабе якога абвінавачваюць журналістку, быў прысвечаны праблемам былога гадаванца школы-інтэрната з пасёлка Урыцкі і выйшаў у эфіры тэлеканала “Белсат”.

Агулам у 2015 годзе па артыкуле 22.9 КаАП незалежных журналістаў у Беларусі штрафавалі 28 разоў. Сітуацыя змянілася да лепшага пасля 4 жніўня. Падчас інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам набалелае для журналістаў пытанне задаў журналіст “Радыё Свабода” Валер Каліноўскі. У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што не лічыць забароны для журналістаў сваім прынцыпам, і паабяцаў разабрацца ў сітуацыі. Пасля гэтага адміністрацыйныя справы супраць незалежных журналістаў не заводзілі на працягу чатырох месяцаў. Напрыканцы года распачалася новая хваля пераследу. 

Новая хваля пераследу фрылансераў: на журналістку Ларысу Шчыракову склалі адміністрацыйны пратакол

Гомельскага журналіста выклікаюць адразу ў два пастарункі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!