1412

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі: беларуская мова — гарант гуманітарнай бяспекі дзяржавы

13.03.2019 Крыніца: Tut.by

Беларуская мова, нароўні з канстытуцыйна замацаваным у дзяржаве двухмоўе, садзейнічае павышэнню нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства і фарміраванню яго духоўнасці. Пра гэта гаворыцца ў адобранай 12 сакавіка Аляксандрам Лукашэнка канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі. Копія дакумента распаўсюджваецца ў телеграм-каналах. Адна з крыніц Tut.by пацвердзіла, што гэта частка сапраўднага дакумента, другая назвала яго «вельмі падобным».

Канцэпцыя таксама патрабуе «далейшай паслядоўнай рэалізацыі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі» з тым, каб замацоўваць у Беларусі і за яе межамі "беларускую нацыянальную канцэпцыю гістарычнага мінулага краіны і беларускай мадэлі памяці».

У дакуменце падкрэсліваецца, што для павышэння ўстойлівасці грамадства да "дэструктыўных інфармацыйных уздзеянняў" неабходна захоўваць традыцыйныя фундаментальныя каштоўнасці народа, якія з'яўляюцца адным з асноўных элементаў "забеспячэння яго адзінства і адной з умоў няўхільнага развіцця дзяржавы".

Інфармацыйную палітыку Беларусі прапануецца нацэліць на прасоўванне гуманізму, міралюбнасці, добрасуседства, справядлівасці, узаемадапамогі, моцных сямейных адносін, здаровага ладу жыцця, стваральную працу, прынятыя ў беларускім грамадстве нормы маралі і маральнасці і пазітыўную правасвядомасць.

— У інфармацыйнай сферы ў поўнай меры знаходзяць адлюстраванне роўныя правы ўсіх без выключэння нацыянальнасцяў, якія насяляюць Рэспубліку Беларусь, паважлівае стаўленне да ўсіх традыцыйных рэлігій і веравызнанняў.

Нагадаем, 12 сакавіка прэзідэнт Беларусі правёў нараду з Саветам Бяспекі. На нарадзе абмяркоўвалася новая Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. Паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Зася, на наступным тыдні Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі будзе афіцыйна зацверджана і апублікаваная.

Лукашэнку прадставілі Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!