• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    То ломяцца ў дзверы, то пільнуюць пад пад’ездам. Журналістка зняла на відэа, як яе затрымліваюць

    Двое сілавікоў у цывільным пільнавалі магілёўскую фрылансерку Аліну Скрабунову ля ейнага дому. Як толькі журналістка ўвайшла ў пад’езд, невядомы мужчына схапіў яе за руку і пацягнуў на вуліцу да машыны. Журналістка зняла на відэа момант затрымання, таксама ёй удалося запісаць на відэа, як яе вязуць у РАУС.

    Журналістку адвезлі на прыватным аўта ў Ленінскі РАУС, дзе мужчына ў цывільным яшчэ доўга не прадстаўляўся, а пасля паведаміў, што ў дачыненні Аліны Скрабуновай распачалі адміністрацыйную справу за «ўдзел у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ».

    «Гэты мужчына не падобны на міліцыянта, ні выглядам, ні паводзінамі — кажа Скрабунова Аліна. — У яго не было ніякіх падстаў хапаць мяне і цягнуць за руку. Ён мог проста ўручыць мне позву, але чамусьці вырашыў праявіць свае самыя дрэнныя якасці. Толькі ў РАУСе я даведалася ягонае імя — Руслан Марозаў, старэйшы ўчастковы. Другі мужчына ў цывільным гэтак і не прадставіўся. Ён перашкаджаў мне здымаць відэа падчас затрымання, а пасля проста знік».

    Яшчэ на выходных да журналісткі прыходзілі міліцыянты, але акурат у гэты дзень яна была ў іншым горадзе.

    «Удома застаўся непаўналетні пляменнік, які па тэлефоне паведаміў мне, што нехта закрыў рукой глазок, б’е нагой у дзверы, спрабуе адчыніць замок звонку і круціць ручку. На гадзінніку было 22:00. Гэта было падобна на разбой. Я ўжо збіралася выклікаць міліцыю, як міліцыя сама пазваніла мне. Старшы ўчастковы Дзмітрый Гоманаў спытаў, дзе я зараз знаходжуся, я адказала, што ў Тураве. На што ён мне паведаміў, што яны вельмі проста вызначаць маё месца знаходжанне праз мабільных аператараў», — дадае Аліна Скрабунова.

    Аліна Скрабунова

    Як пасля распавялі суседзі, у той жа вечар міліцыянты хадзілі па пад’ездзе, паказвалі фотаздымак журналісткі і распавядалі пра нібыта ананімны званок-скаргу на шум з ейнай кватэры.

    Не абышлі ўвагай і іншага журналіста-фрылансера з Магілёва. Аператара Яўгена Глушкова ў суботу міліцыянты праз тэлефон запрасілі у РАУС Ленінскага раёну, а потым участковы Руслан Марозаў уручыў позву аператару асабіста.

    Абодва журналісты-фрылансеры маюць явіцца ў Ленінскі РАУС г Магілёва 23 траўня для азнаямлення з адміністрацыйнай справай, якая вядзецца супраць іх за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Справа датычыць сюжэту, які выйшаў на тэлеканале «Белсат» 4 красавіка — пра высяленне жыхароў на вуліцы Заслонава ў Магілёве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці