Мінюст вынес БАЖу папярэджанне і патрабуе да заўтра даць адказ. Офіс апячатаны
Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджанне ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Пра гэта паведамляецца ў лісце, атрыманым арганізацыяй сёння, 15 ліпеня.
Адметна, што само папярэджанне вынесена намеснікам міністра Сяргеем Каліноўскім 8 ліпеня. На канверце стаіць штамп адпраўкі 9 ліпеня.
Аднак трэкінг заказных лістоў Белпошты паказвае, што ліст быў прыняты ад адпраўшчыка 13 ліпеня – за дзень да атакі на офіс арганізацыі.
У папярэджанні гаворыцца, што ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» не прадаставіла ўсе запатрабаваныя раней дакументы, а таксама ў міністэрства ўзніклі пытанні да дамоваў для юрыдычных адрасоў некаторых філій арганізацыі. Мінюст загадвае прыняць меры па ліквідацыі парушэння, пра што праінфармаваць ведамства ўжо заўтра, 16 ліпеня.
Сёння прадстаўнікі БАЖ паспрабавалі патрапіць у офіс арганізацыі, але ён апячатаны пячаткай МУС. Разам з тым прадстаўнікі адміністрацыі офіснага будынку расказалі, што ператрус праводзілі следчыя пры падтрымцы СОБРа.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заўтра ж праінфармуе Міністэрства юстыцыі аб тым, што мы не маем доступу да нашых статутных дакументаў, пячаткі арганізацыі і дамоваў арэнды, пра якія вядзецца ў папярэджанні. Мы нават не ведаем, якія рэчы былі забраныя з офісу БАЖ.
Нагадаем, што першы ператрус у офісе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прайшоў 16 лютага гэтага года. Пасля гэтага прадстаўнікоў арганізацыі некалькі разоў выклікалі на допыты ў Следчы камітэт.
21 чэрвеня стала вядома, што дзейнасць БАЖ і іншых НДА пачаў правяраць Мінюст.