3014

На выніковы сход віцебскіх БАЖаўцаў завітаў Дзед Мароз

30.12.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

29 снежня сябры ГА “БАЖ” з віцебскага рэгіёну сабраліся абмеркаваць вынікі 2015 года і скласці планы на наступны.

2015 год быў для віцебскіх  БАЖаў вельмі плённым і паспяховым. 19 снежня журы агучыла вынікі штогадовага конкурсу рэгіянальных суполак ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. 1-е месца было аддадзена менавіта віцебскай суполцы.

Таксама Віцебск, Глыбокае, Полацк і Барысаў адзначылі за найлепшую супольную прэзентацыю падчас святкавання 20-годдзя арганізацыі.

З гэтай нагоды самыя актыўныя сябры суполкі атрымалі адмысловыя паштоўкі з выявай дыплома. Алене Сцяпанавай, якая кіруе суполкай, калегі падарылі букет ружаў. Але на гэтым сюрпрызы і падарункі не скончыліся: пасля абмеркавання вынікаў года і панавання будучай працы на БАЖаўскі сход нечакана завітаў Дзед Мароз.

Нават уважлівыя журналісты не адразу пазналі ў гэтым персанажы Паўла Левінава – таго самага дасціпніка, які на імпрэзе да 20-годдзя ГА “БАЖ” увасабляў неафіцыйны сімвал арганізацыі.

У перапынку зладзілі “салодкі стол”, і ўсе ахвотныя маглі сфатаграфавацца са сваім Дзедам Марозам. А потым пачалося самае доўгачаканае: прэзентацыя анансаванага загадзя фільма “Я лічу, што я шчаслівы”. Гэты фільм стаў таксама мясцовай падзеяй года: віцяблянка Алена Сцяпанава і калега з Барысава Аляксандр Зянкоў падрыхтавалі кінааповед пра журналіста, выдаўца, паэта і барда Георгія Станкевіча.

Сам Георгій таксама прысутнічаў на прэзентацыі, ён адмыслова дзеля гэтага прыехаў у Віцебск з Бешанковіцкага раёну, дзе жыве ў вёсцы Старыя Ранчыцы.

Ён атрымаў найлепшае ўражанне ад фільма, які ўбачыў упершыню. І пасля падзякі аўтарам Георгій Станкевіч зрабіў прысутным яшчэ адзін падарунак – зладзіў невялікі канцэрт і падарыў зборнікі сваіх вершаў “Зорны воз”.

Падрабязны фотарэпартаж з мерапрыемства можна паглядзець на старонцы "Нашы ў горадзе".

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!