4743

Падпіска «з мэтай забеспячэння праўдзівага інфармавання грамадзян» (копія дакумента)

16.11.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Да журналістаў “Еўрарадыё” трапіў дакумент, у якім адміністрацыя Ленінскага раёна Мінска просіць кіраўнікоў арганізацый падпісацца на шэраг дзяржаўных выданняў і адсправаздачыцца па выніках.

«З мэтай забеспячэння праўдзівага інфармавання грамадзян пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь і ў сувязі з пачаткам падпісной кампаніі на 1-е паўгоддзе 2016 года, адміністрацыя Ленінскага раёна г. Мінска просіць Вас арганізаваць падпіску на асноўныя рэспубліканскія і гарадскія друкаваныя выданні», – гаворыцца ў дакуменце.

У прапанаваным спісе – “Советская Белоруссия”, “Минский курьер”, “Рэспубліка”, “Народная газета”, “Звязда” и “Вечерний Минск”.

 «Для аналізу вынікаў падпісной кампаніі» адрасатаў просяць прадставіць у адміністрацыю копіі плацёжнага даручэння  (квітанцыі), якія пацвярджаюць афармленне падпіскі.

Дакумент падпісаў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Валерый Вараніцкі.

У размове з «Еўрарадыё» спадар Вараніцкі заявіў, што «чытаць газеты — гэта агульнадзяржаўная задача», і што ён чытае іх і на працы, і дома.

А Ганна Кухлеўская – спецыялістка аддзела эканомікі, якая рыхтавала дакумент – запэўніла «Еўрарадыё», што словы пра “забеспячэнне дакладнага інфармавання” азначаюць “праўдзівую інфармацыю пра выданні, цэны”. А таксама “тое, што газеты даюць праўдзівую інфармацыю”. “Але ў нас у краіне, пэўна, няма такіх газет, якія б давалі непраўдзівую інфармацыю”, – дадала яна.

Прымусовая падпіска ў школах: пакуль бацькі не заявяць адкрыта, праблема застанецца

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!