Журналіст парталу TUT.BY Павел Дабравольскі звярнуўся ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінску, каб зафіксаваць наступствы ўчорашняга збіцця супрацоўнікамі міліцыі.
Разам з карэспандэнтам ва ўпраўленне прыехалі незалежныя журналісты Кацярына Андрэева і Андрэй Рабчык. Пры з’яўленні журналістаў супрацоўнікі ўстановы выклікалі міліцыянтаў, якія прыехалі праз лічаныя хвіліны. Міліцыянты забаранілі журналістам рабіць здымкі і ўвесь час знаходжання пільнавалі іх у памяшканні ўпраўлення.
Прыкладна праз гадзіну Паўлу ўдалося афіцыйна зарэгістраваць пашкоджанні.
– Са Следчага камітэта мне так ніхто і не патэлефанаваў, таму я разам калегамі паехаў сёння ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, прайшоў агляд і зафіксаваў пашкоджанні. Мне паведамілі, што вынік агляду будзе гатовы праз 2-3 дні. Яго я таксама збіраюся перадаць у Следчы камітэт, куды раней звярнуўся з заявай аб прыцягненні супрацоўнікаў міліцыі да адказнасці, – расказаў Дабравольскі прэс-службе ГА “БАЖ”
Пасля выхаду з упраўлення калегам удалося без перашкодаў пагутарыць з Паўлам, пасля чаго ўсе журналісты з’ехалі.