169

Працягваецца прыём матэрыялаў на конкурс «Вольнае слова». Не толькі для сябраў БАЖ

15.02.2024

Сёлетні творчы конкурс «Вольнае слова» праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Да 31 сакавіка прымаюцца матэрыялы за 2023 год.

Конкурс ладзіцца з мэтай прадэманстраваць і ўганараваць прафесіяналізм аўтараў і аўтарак беларускіх медыя, якія ў сённяшніх складаных абставінах робяць журналістыку найвышэйшага ўзроўню, падтрымаць іх дзейнасць у адстойванні прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.

На конкурс прымаюцца працы ад беларускіх аўтараў і аўтарак незалежных медыя. Ад адной асобы на конкурс прымаюцца не больш за 3 (тры) матэрыялы, якія былі апублікаваныя ў 2023 годзе, альбо цыкл публікацый.

Матэрыялы на конкурс падаюцца аўтарамі з рэкамендацыяй (верыфікацыяй) рэдакцый незалежных медыя, дзе яны былі апублікаваныя (у форме падачы неабходна пазначыць дадзеныя службовай асобы медыя, якая пацвярджае аўтарства).

Пераможцаў конкурсу вызначыць прафесійнае журы, якое захавае ананімнасць пераможцаў пры іх жаданні, як гэта было ў мінулым годзе.

Новаўвядзенне. Сёлета ва ўсіх намінацыях, акрамя намінацыі «Журналісцкае расследаванне», журы будзе асобна ацэньваць тэкставыя і відэаматэрыялы. Для апошніх прадугледжана і асобная ўзнагарода. Што тычыцца намінацыі «Журналісцкае расследаванне», то ў ёй усе дасланыя на конкурс матэрыялы (тэксты, відэа, аўдыя і г.д.) будуць «спаборнічаць», як і раней: незалежна ад формы і фармату.

НАМІНАЦЫІ

НАЙЛЕПШЫ ІНФАРМАЦЫЙНЫ МАТЭРЫЯЛ (рэпартаж, інфармацыйнае паведамленне, інтэрв’ю, справаздача)

Ацэньваецца:

– арыгінальнасць інфармацыі (інфармацыйны факт, інфармацыйная нагода);

– адпаведнасць прынцыпам падачы навін;

– арыгінальнасць загалоўка, ліда;

– спосабы дасягнення эфекту прысутнасці (для рэпартажу);

– аўтарскі стыль.

НАЙЛЕПШАЯ АНАЛІТЫЧНАЯ ПУБЛІКАЦЫЯ (артыкул дыскусійнага, аналітычнага, тлумачальнага плана, карэспандэнцыя, рэцэнзія)

Ацэньваецца:

– грамадская значнасць узнятай праблемы;

– адпаведнасць прынцыпам напісання аналітычнага, дыскусійнага матэрыялу;

– прапорцыі «прысутнасці» меркаванняў аўтара і экспертаў, даказальнасць;

– стыль, спосабы аўтарскай падачы;

– «прывязка» да мясцовых праблем;

– адпаведнасць прынцыпам пабудовы аналітычнага матэрыялу.

НАЙЛЕПШАЯ ПУБЛІКАЦЫЯ МАСТАЦКА-ПУБЛІЦЫСТЫЧНАГА ЖАНРУ Ў ЖУРНАЛІСТЫЦЫ (нарыс, эсэ)

Ацэньваецца:

– выбар тэмы;

– пераканальнасць, даказальнасць, ступень аўтарскай аргументацыі;

– аўтарскі стыль.

ЖУРНАЛІСЦКАЕ РАССЛЕДАВАННЕ

Ацэньваецца:

– выбар тэмы;

– грамадская значнасць узнятай праблемы;

– пераканальнасць, даказальнасць, ступень аўтарскай аргументацыі;

– аўтарскі стыль.

 

Апошні дзень прыёму матэрыялаў: 23:59 па Менскім часе, 31 сакавіка 2024 года.

ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ МАТЭРЫЯЛАЎ:

1. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна належным чынам запоўніць ФОРМУ прыёму матэрыялаў ад Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.

2. Калі вы дасылаеце на конкурс тэкставы матэрыял (навіна, інтэрв'ю, нарыс, рэпартаж), да анкеты неабходна далучыць тэкст матэрыялу у фармаце MS Word альбо PDF. Бо адрасы сайтаў незалежных медыя змяняюцца, пераязджаюць, і да моманту разгляду матэрыялу сябрамі журы спасылка можа перастаць быць актуальнай.

3. Калі журналіст знаходзіцца ў зняволенні, яго творчыя працы на конкурс можа падаць рэдакцыя.

4. На конкурс прымаюцца працы на беларускай альбо рускай мове. Пры падачы публікацыі на іншай мове ўдзельнік павінен прадаставіць журы пераклад.

5. Ад адной асобы на конкурс прымаюцца не больш за 3 матэрыялы, якія былі апублікаваныя ў 2023 годзе. Прымаюцца таксама цыклы журналісцкіх матэрыялаў (цыклам лічацца матэрыялы, звязаныя адной скразной канцэпцыяй). Ад аднаго ўдзельніка прымаецца не больш за адзін цыкл (не больш за чатыры матэрыялы з цыкла). Гэта значыць, можна падаць адзін цыкл + дзве іншыя публікацыі.

6. На конкурс не прымаюцца матэрыялы, якія ўтрымліваюць рэкламную кампаненту ці публікуюцца ў межах рэкламных праектаў.

Вынікі творчага конкурсу ў пералічаных намінацыях шляхам таемнага галасавання падвядзе журы. Творы ўдзельнікаў конкурсу будуць ацэньвацца сябрамі журы па 10-бальнай шкале. Пераможцам будзе прызнаны матэрыял, які набярэ найбольшую суму балаў.

З ўсімі пытаннямі звяртайцеся, калі ласка, на адмысловы адрас, зроблены Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў для патрэбаў конкурсу — volnaeslova@gmail.com.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!