• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактара “Ежедневника” Сяргея Сацука затрымалі, ён будзе змешчаны ў СІЗА

    Заблакаваны беларускі партал "Ежедневник" (ej.by). У яго рэдактара, журналіста-расследвальніка Сяргея Сацука прайшоў вобшук і допыт у Следчым камітэце.

    Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, Сяргея Сацука ўзялі пад варту пасля допыту па старой справе аб атрыманні хабару.

    Ён будзе змешчаны ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага ў Мінску.

    Падчас вобшуку былі канфіскаваныя тэлефоны і ноўтбукі. Асабісты нумар Сяргея Сацука дасяжны, але на званкі ніхто не адказвае.

    Сайт ej.by не адкрываецца ні з тэрыторыі Беларусі, ні з‑за мяжы.

    “За некалькі дзён да таго “Ежедневник” пачаў праект пра беларускіх “тэрарыстаў”. Магчыма, новы ціск на партал звязаны менавіта з гэтым. А магчыма, проста прыйшла чарга”, — каментуе Аляксандр Сацук.

    Нагадаем, 25 сакавіка 2020 года Сяргея Сацука затрымлівалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі. Журналіста падазравалі ў атрыманні хабару.

    У эфіры БТ быў паказаны момант, як галоўны рэдактар партала «Ежедневнік» Сяргей Сацук бярэ канверт у дзялка ад медыцыны Віктара Мядзведскага.

    Тэлевізіёншчыкі сцвярджалі, што агулам было перададзена $5 тысяч, за якія, маўляў, былі падрыхтаваныя расследаванні супраць канкурэнтаў Мядзведскага.

    Сацук расказаў «Нашай Ніве», як ацэньвае гэтую сітуацыю сам. 

    «Ён цяпер будзе казаць, што там $5000, я — што $100 долараў, вер каму хочаш.

    Але сітуацыя была такая: я рыхтаваў расследаванне пра пастаўкі тавараў медыцынскага прызначэння па завышаных коштах і з махінацыямі. Мядзведскі мне дапамог з інфармацыяй. Усё.

    Потым ягоная дырэктар пісала мне ў вацап: «Ну як там, ну як там? Як прасоўваецца?». Я патлумачыў, што жыву за горадам, а ў мяне ў той час зламалася машына. Мабільнасць троху абмежаваная, не магу аператыўна пад’ехаць і удакладніць нейкую інфармацыю. Потым яна пачала пісаць, што Мядзведскі гатовы кампенсаваць выдаткі, арэнду машыны, рамонт і гэтак далей. Я адмаўляўся. Арандаваў за свае грошы.

    І калі мы потым сустракаліся ў іх кабінеце, мне Мядзведскі кажа, вось, маўляў, як мой дырэктар абяцала, мы гатовыя нейкія выдаткі пакрыць. Чаму я казаў пра біткойн? Я казаў, што не хачу ведаць, адкуль грошы і ад каго: маўляў, кіньце на біткойн. Ну я падумаў: ладна, хай пакрые выдаткі. Я нават не памятаю, колькі было ў канверце — можа, 100 рублёў, або 100 долараў. Нейкая невялікая сума.

    Але калі б быў паказаны ўвесь запіс сустрэчы, то было б ясна, што не выпадае пісаць пра артыкул на замову, таму што я папярэджваў, што рыхтуецца новая частка расследавання, дзе будзе фігураваць сам Мядзведскі. І што калі мы знойдзем жалезныя факты супрацьпраўных дзеянняў — усё пойдзе ў друк. Маўляў, можам толькі папярэдзіць за пару дзён, каб быў час з’ехаць на які небудзь востраў і жыць там на свае грошы.

    Мне потым далі зразумець, што прасцей «замовіць» журналіста, чым з’ехаць на востраў, таму другую частку расследавання мы не публікавалі, узважыўшы рызыкі. Абяцалі забіць ці пасадзіць.

    А пра гэты запіс я ведаў за пару месяцаў яшчэ», — расказаў Сацук. 

    Ён таксама дадаў, што згаданую публікацыю «узгадняў з палкоўнікам ДФР». 

    Сяргей Сацук вядомы як журналіст, які займаецца расследаваннямі. Апошняе яго гучнае расследаванне было пра пастаўкі ў Беларусь незарэгістраванай на той момант вакцыны “Эўпента”.

    У жніўні 2019 года Сацук у інтэрв’ю БелаПАН заявіў, што атрымліваў пагрозы з‑за сваёй дзейнасці.

    “Пасля выхаду першага з двух артыкулаў пра карупцыю, дзе ў тым ліку згадваўся і Мядзведскі, да мяне прыйшоў нечаканы чалавек, не буду пакуль раскрываць яго імя. Ён прама мне сказаў: калі не спынюся, мяне альбо грохнуць, альбо пасадзяць”, — распавёў Сацук.

    23 сакавіка 2020 года на сайце “Ежедневника” была апублікаваная калонка Сяргея Сацука “Кто сеет панику вокруг коронавируса, президент или сайты и каналы?”. У матэрыяле аўтар ставіў пад сумнеў афіцыйную статыстыку па захворваннях у Беларусі на каранавірус.

    Па справе аб “атрыманні хабару” Сяргея Сацука затрымлівалі ў сакавіку 2020 года. За кратамі ён правёў 10 дзён. Журналіст упэўнены, што яго пераследуюць за журналісцкую дзейнасць і выкрыццё карупцыі ў сферы аховы здароўя.

    Сяргей Сацук — сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Раней працаваў рэдактарам аддзела права, здарэнняў і журналісцкіх расследаванняў «Белорусской деловой газеты».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці