2226

Рэдактара сайта “Виртуальный Брест” Андрэя Кухарчыка пакаралі “за распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу”

20.08.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Два месяцы таму — 16 чэрвеня — у судзе Маскоўскага раёна Брэста ўжо разглядалася  адміністрацыйная справа паводле заявы шостага ўпраўлення (па Брэсцкай вобласці) ГУБАЗіК МУС аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі сайта “Виртуальный Брест” экстрэмісцкім матэрыялам.

Падставай для судовага працэсу ў чэрвені была публікацыя пра гісторыю затрымання жыхара Баранавічаў Уладзіміра Гундара. У якасці ілюстрацыі да тэксту на сайце змясцілі фотаздымак Гундара ў вопратцы з элементамі арнаменту. Прадастаўнікі ГУБАЗіК палічылі, што гэты арнамент утрымлівае свастыку і прапанавалі суду прызнаць згаданую публікацыю “экстрэмісцкім матэрыялам”.

Тады суд задаволіў пазоў і прызнаў публікацыю экстрэмісцкай, але на гэтым прыгоды для рэдактара “Виртуального Бреста” Андрэя Кухарчыка не скончыліся. Праз некалькі тыдняў на яго склалі новы адміністрацыйны пратакол: гэтым разам паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ — за “распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, змешчанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Справа зноў тычылася публікацыі, у якой быў змешчаны фотаздымак Уладзіміра Гундара.

Пратакол некалькі разоў вярталі ў міліцыю на дапрацоўку, пакуль 19 жніўня суд Маскоўскага раёна Брэста не прызнаў Андрэя Кухарчыка вінаватым.

Суд пакараў рэдактара “Виртуального Бреста” штрафам памерам 10 базавых велічынь (290 рублёў) і пастанавіў канфіскаваць у яго камп’ютарнае абсталяванне, на якім ён, паводле абвінавачання, здейсніў правапарушэнне, распаўсюдзіўшы фотаздымак. Але, як адзначыў Андрэй Кухарчык, гэтую тэхніку ў яго забралі яшчэ ў ліпені падчас ператрусу і пакуль нічога не вярнулі.      

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!