• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд прызначыў Ларысе Шчыраковай 3,5 гады зняволення

    Агалошванне рэзалюцыйнай часткі прысуду зрабілі адкрытым. Убачыўшы ў зале сваякоў і сяброў, Ларыса расплакалалася, але хутка саўладала з эмоцыямі.

    31 жніўня ў Гомельскім абласным судзе агучаны вырак журналістцы ў мінулым і краязнаўцы Ларысе Шчыраковай – 3,5 гады зняволення. Следчыя звінавацілі Шчыракову спачатку ў  «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт.369–1 КК), а пасля дадалі яшчэ і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1, 2 арт. 361–4 КК).

    Таксама ёй прысудзілі штраф у 3700 рублёў. Справу цягам месяца ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Мікалай Доля.

    Дакладна невядома, распаўсюд якіх канкрэтна ілжывых звестак пра Беларусь у інтэрнэце ставілі ў віну журналістцы. Гэтаксама неясна, у чым выявілася  яе  «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». У адвакаткі Вікторыі Фаменка, якая абараняла Шчыракову, узялі падпіску аб неразгалошванні.

    Ужо падчас судовага разбіральніцтва з’явілася афіцыйная інфармацыя аб тым, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь прыняў адмысловае рашэнне  пад назвай «Аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем і забароне яго дзейнасці». У ім, у прыватнасці,  гаворыцца, што «група грамадзян здзяйсняе экстрэмісцкую дзейнасць, у тым ліку праз інтэрнет-рэсурсы, аб’яднаныя агульнай назвай «Гомельская вясна». У рашэнні ў апісальнай частцы табліцы насупраць  праваабарончай арганізацыі «Гомельская вясна» значыцца імя Ларысы Шчыраковай як адказнай  асобы ў стварэнні вышэйзгаданых інтэрнэт-рэсурсаў.

    Напярэдадні вынясення прысуду прэзідэнтка Еўрапапарламента Раберта Метсола выказала безумоўную салідарнасць з Ларысай Шчыраковай і ўсімі незалежнымі журналістамі, якія знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі. «У сваіх шматлікіх рэзалюцыях, – заявіла Раберта Метсола, –  Еўрапарламент рашуча асуджае бесчалавечнае абыходжанне з палітвязнямі і іх сем’ямі, а таксама працяг рэпрэсій супраць палітычнай апазіцыі, незалежных СМІ і журналістаў».

    Супрацоўнікі гомельскага ГУБАЗіКа затрымалі Ларысу Шчыракову 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў доме. Ад таго часу яна знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, адкуль яе і вазілі ў суд. У дзень затрымання журналісткі яе непаўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Сына Ларыса расціла адна, з мужам яна даўно ў разводзе. Але служба апекі не дазваляла забраць Святаслава ні дзядулі, ні іншым сваякам. З прытулку падлетка забраў бацька, які па выкліку сваякоў адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Новасібірска, дзе жыў асобна апошнія дзесяць гадоў.

    За кратамі 13 красавіка Ларыса Шчыракова сустрэла сваё 50-годдзе. У сваіх апошніх лістах на волю Ларыса пісала, што яе не ўдасца зламаць.

    Паводле адукацыі Ларыса Шчыракова — гісторык з веданнем ангельскай мовы. У свой час яна скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, выкладала ў школе гісторыю і ангельскую мову. Кіравала моладзевай краязнаўчай арганізацыяй «Талака» (ліквідавана ўладамі ў 2021 годзе). Пазней захапілася журналістыкай, супрацоўнічала з незалежнымі медыя. За супрацу з незалежнымі медыямі без акрэдытацыі ў беларускім МЗС Шчыракову затрымлівалі і на падставе адміністрацыйных пратаколаў, складзеных міліцыяй, штрафавалі праз суды больш як 40 разоў. Асвятляла яна ў рэгіёне і пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

    Але два гады таму Шчыракова адышла ад журналістыкі, пра што заявіла публічна. Летась яна стала вучыцца завочна ва ўніверсітэце на псіхолага. Каб не застацца без сродкаў існавання, зарэгістравалася ў выканкаме індывідуальнай прадпрымальніцай. Прапанавала гамельчукам фотаэтнасесіі ў нацыянальных строях са сваёй багатай калекцыі. Мела таксама ўласны праект «Забітыя і забытыя», здымала відэасюжэты пра рэпрэсаваных жыхароў Гомельшчыны ў гады сталінскіх рэпрэсій і змяшчала іх на YouTube.

    Чытайце яшчэ:

    «Не рабіце мне нервы!» Прадстаўнікі медыя — аб таксічных выпадках у межах прафесіі

    «Уникальная операция пропаганды». Фильм ОНТ про Андрея Поротникова — набор противоречий, провластных штампов и нарративов

    У Ганцавічах супрацоўнікаў незалежнага сайта выклікалі «на размову» ў міліцыю

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці