• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суды над затрыманымі журналістамі. Караюць арыштамі (Абнаўляецца)

    У судзе Маскоўскага раёна (пр. Газеты «Праўда», 27) будуць судзіць журналіста тэлеканала “Белсат” Аляксандра Баразенку. Журналіста затрымалі падчас разгону акцыі на Дзень Волі ў Мінску. У чым канкрэтна вінавацяць Баразенку так і не стала вядома, выходныя ён правёў на Акрэсціна. Пачатак працы суда – 9.00.

    Баразенку будуць судзіць за дробнае хуліганства. «Нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае прыставанне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і праяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства», напісана ў пратаколе аператара «Белсата».

    Судовае пасяджэнне мусіць пачацца а 12‑й дня. Суддзя Таццяна Мотыль.

    Абараняць журналіста будзе адвакат Ларыса Атаманчук.

    Баразенка заявіў хадайніцтва з просьбай дазволіць весці фота- і відэазапіс у судзе. Суддзя адмовіў. Баразенка заявіў, што не прызнае віну і такога правапарушэння не рабіў. Ён зрабіў пра гэта заўвагу яшчэ ў суботу ў пратаколе.

    Дапытваюць Баразенку: «25 сакавіка я выконваў прафесійныя абавязкі на масавай акцыі, вёў прамую трансляцыю падзеяў. Назіраў за развіццём падзеяў, скіраваўся пешшу разам з калонай. На перакрыжаванні з Казлова пад’ехала некалькі аўтазакаў з супрацоўнікамі сілавых органаў. Каля крамы «Акіян» супрацоўнікі міліцыі блакавалі ўсіх прысутных, не давалі магчымасці прайсці. Усім загадалі прайсці ў аўтазак, што я і зрабіў».

    Баразенка кажа, што некалькі разоў прадстаўляўся, казаў, што ён журналіст. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не рабіў.

    Аляксандр Баразенка заявіў хадайніцтва аб допыце ў якасці сведкі калегі Кацярыны Бахвалавай. Журналістка расказала, што 25 сакавіка працавала разам з Баразенкам. У Баразенкі была камера і абсталяванне для відэатрансляцыі, журналісцкае пасведчанне. Бачыла, як каля крамы «Акіян» хапалі ўсіх прысутных. Баразенка прадстаўляўся, але яго ўсё роўна затрымалі.

    Дапытаны таксама сведка Міхаіл Варывончык, міліцыянер АМАП ГУУС Мінгарвыканкама. Міліцыянт заявіў, што нёс службу ў раёне вуліцы Казлова. Разам з напарнікам яны нібыта звярнулі ўвагу на Баразенку, бо той лаяўся матам і размахваў рукамі. Міліцыянты нібыта падыйшлі да Баразенкі, папрасілі спыніць дзеянні і затрымалі. Ні камеры ў руках, ні заплечніка, якія ёсць сярод рэчаў, міліцыянт у Баразенкі не бачыў. У якой верхняй вопратцы Баразенка быў, міліцыянт таксама не памятае.

    Баразенка папрасіў сведку назваць словы, якімі журналіст нібыта лаяўся. Пасля адмовы сведкі, Баразенка папрасіў напісаць гэтыя словы для суда. Суддзя доўга вагалася, але ўсё ж загадала сведку напісаць гэтыя словы на паперы.

    Суд задаволіў хадайніцтва аб праглядзе відэа. У працэсе перапынак, каб Баразенка змог прадставіць відэа.

    Пасля перапынку ў судзе праглядзелі відэазапіс, зроблены падчас затрымання Баразенкі з ягонай камеры. На відэа бачна, што журналіст не мацярыўся, наогул нічога не казаў, толькі пры затрыманні заяўляў, што ён прадстаўнік прэсы. Таксама былі зачытаныя пісьмовыя матэрыялы справы: пратакол затрымання і аб адміністрацыйным правапарушэнні, апытанні міліцыянтаў, звесткі аб ранейшых правапарушэннях журналіста.

    Прысуд Аляксандру Баразенку — 15 сутак арышту.

    ***

    У судзе Фрунзенскага раёна (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/2) мусілі судзіць рэдактара сайта Inform­Na­palm Дзяніса Івашына. Журналіста затрымалі падчас разгону акцыі на Дзень Волі ў Мінску. Івашына абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), выходныя ён правёў на Акрэсціна.

    Аднак у суд Фрунзенскага райна Івашына ранкам не прывезлі. Адвакат і юрысты ГА «БАЖ» шукаюць Дзяніса Івашына. У Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што Івашына з ІЧУ адправілі ў суд Фрунзенскага раёна Мінска, у судзе ж заяўляюць, што Івашына да іх не прывозілі. Урэшце Івашын знайшоўся ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Канвой хлусіў юрыстам і адвакату журналіста.

    Працэс вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч.

    Падчас разгляду ў судзе выявілася, што копія пратакола ў Івашына і пратакол, падшыты ў справу, моцна разыходзяцца. Абарона заявіла пра фальсіфікацыю доказаў.

    Асуджаны на 5 сутак арышту.

    ***

    У судзе Савецкага раёна (Лагойскі тракт, 3) будуць судзіць журналістку Марыну Кастылянчанка, якая супрацоўнічае з праваабарончымі арганізацыямі. 25 сакавіка ў кватэры журналісткі прайшоў ператрус. Пасля гэтага Марыну Кастылянчанка даставілі ў пастарунак і склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Выходныя дзяўчына правяла за кратамі. Пачатак працы суда – 9.00.

    Прысуд Марыне Кастылянчанка — 15 сутак арышту.

    ***

    У судзе Ленінскага раёна (вул. Сямашкі, 33) будуць судзіць журналіста і блогера Рамана Пратасевіча. Хлопец быў затрыманы на Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка і так і не выйшаў з‑за кратаў. Суддзя Тацяна Дарашчонак. Пратасевічу пагражае пакаранне па двух пратаколах, за 25 і 26 сакавіка (17.1 КаАП).

    Суддзя Таццяна Дарошчанка адмовіла ў праглядзе відэа, дзе было бачна, што Раман не лаяўся матам і не размахваў рукамі.

    Прысуд Раману Пратасевічу — 10 сутак арышта.

    ***

    У судзе ж Кастрычніцкага раёна Віцебска пройдуць суды над затрыманымі ў нядзелю сябрамі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Канстанцінам Мардзвінцавым і Леанідам Свецікам. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП). Ноч сябры ГА “БАЖ” правялі за кратамі.

    Таксама ў Віцебску чакаецца суд над журналістам “Беларускага Радыё Рацыя” Арцёмам Сізінцавым. Яго затрымалі яшчэ ў суботу, аднак дзе і за што будуць судзіць журналіста дагэтуль не стала вядома. Выходныя ён правёў за кратамі.

    Канстанцін Мардзвінцаў — арышт 15 сутак.

    Леанід Свецік — арышт 15 сутак.

    Арцём Сізінцаў — арышт 10 сутак.

    ***

    У Полацку будуць судзіць сябра ГА «БАЖ» Віктара Стукава. На яго складзены пратакол за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КоАП). Аштрафаваны на 20 базавых велічыняў.

    У Мінску журналістаў вызвалілі, у Віцебску – пакідаюць да суда (Інфармацыя па усіх рэгіёнах)

    Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці