• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ватыкан праігнараваў свайго шчырага верніка Ігара Лосіка». «Хрысціянская візія» не атрымала адказу на зварот да Папы Рымскага

    20 траўня за кратамі свой 31-ы дзень нараджэння адзначыць палітвязень Ігар Лосік. Беларускія ўлады ў аднаасобным парадку вырашылі, што гэта мусіць адбывацца 15 разоў запар — менавіта такі тэрмін прысудзілі фрылансеру «Радыё Свабода» за прафесійную дзейнасць. Не зможа павіншаваць імянінніка і жонка Дар’я: самаахвярная адданасць мужу каштавала ёй двух гадоў зняволення. 

    У жніўні 2021 года, неўзабаве пасля агучвання звышжорсткага прысуду,  Ігар Лосік як шчыры каталіцкі вернік звярнуўся з пасланнем да Папы Рымскага Францішка. Апісаў сваю галадоўку, якую трымаў 42 дні і быў вымушаны абвесціць дзеля прыцягнення ўвагі да «абсурднага крымінальнага пераследу», а таксама вырашыўся на адчайны крок — спробы суіцыду як апошні спосаб дастукацца да правасуддзя. 

    «Я спрабаваў ускрыць сабе вены, бо 15 гадоў сядзець у турме ні за што і не бачыць сваёй дачкі Паўлінкі — гэта горш за смерць», — канстатаваў вязень лукашэнкаўскага рэжыму, заклікаўшы Пантыфіка заступіцца за дабро, праўду, справядлівасць у дачыненні да дзясяткаў тысяч беларусаў, якія страцілі надзею ў такім жа становішчы, як і ён сам.

    Мінула дастаткова часу, аднак па ўпартым маўчанні з папскай канцылярыі выглядае, што ў Ватыкане пасланне так і не пачулі. Ці не надалі належнай увагі — маўляў, ці мала няшчасцяў у свеце. 

    Затое пакуты маладой беларускай сям’і толькі ўзрасталі. 19 студзеня 2023 года Брэсцкі абласны суд вынес прысуд Дар’і Лосік, прызначыўшы ёй 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Да таго яна правяла 3 месяцы пад вартай у СІЗА за інтэрв’ю пра свайго мужа. У выніку малалетняя дачка Паўлінка пры жывых бацьках засталася без іх апекі. Спадзеў на задавальненне апеляцыі на бесчалавечнае рашэнне аказаўся марным.

    Не губляючы надзеі атрымаць заступніцтва Папы Францішка, ад імя палітвязняў Ігара і Дар’і Лосікаў, а таксама іх 4‑гадовай дачкі Паўліны, да Святога Трону звярнулася працоўная група Каардынацыйнай рады «Хрысціянская візія».

    Ініцыятыва паўстала 9 верасня 2020 года як  нефармальнае міжканфесійнае аб’яднанне, дзейнасць якога акцэнтавана на наступствах поствыбарчых рэпрэсій і ўнутрыцаркоўнага ціску ў Беларусі.

    Актыў «Хрысціянскай візіі» таксама заклікаў Ватыкан засяродзіцца на лёсе беларускай сям’і, якая зведвае наўмысны ды мэтанакіраваны здзек за грамадзянскую пазіцыю. 

    «Дар’я Лосік змагалася за свайго мужа, каб перамагла справядлівасць. Не з’язджала з краіны, каб мець магчымасць хоць часам сустракацца з ім на спатканнях. Але ўлада жорстка пакарала абодвух турэмным зняволеннем, пакінуўшы малалетнюю Паўлінку без апекі бацькоў. Мы лічым Ігара і Дар’ю сумленнем беларускага народа ў сваім бескампрамісным адстойванні правоў чалавека і ўласнай годнасці перад тварам дыктатуры і знішчэння грамадзянскай супольнасці, захапляемся адданасцю мужа і жонкі адзін аднаму», — адзначалася ў лісце на імя Папы.

    Аднак і калектыўная спроба ўзняць драматычную тэму на ўзровень «біцця ў званы» ніякага плёну не мела. Як пракаментаваў Беларускай асацыяцыі журналістаў адзін з прадстаўнікоў «Хрысціянскай візіі», Ватыкан паслядоўна дэманструе «невытлумачальную чэрствасць».

    «На жаль, ліставанне з Пантыфікам аднабаковае, — выказаў нараканне суразмоўца. — Ні мы, ні Даша з Ігарам так і не дачакаліся нават фармальнага адказу, які, з аднаго боку, можна было б расцаніць дзяжурнай адпіскай, а з іншага, усё ж і дэманстрацыяй увагі да таго, што адбываецца ў краіне. Дзеля справядлівасці, Папа праігнараваў усіх беларусаў, якія да яго звярталіся. Пакуты Лосікаў, адпаведна, таксама. І такая чэрствасць надзвычай засмучае…». 

    Атрымаўшы чарговы ўдар ад сістэмы, якая забрала ў малога дзіцяці яшчэ і маці, а таксама ў адказ на сістэматычнае змяшчэнне ў штрафны ізалятар і ціск на адваката, у сакавіку Ігар Лосік, не маючы за кратамі іншых рычагоў уздзення, заявіў пра новую галадоўку і ўчыніў чарговую спробу самазабойства — парэзаў сабе рукі і шыю. Зрэшты, для адміністрацыі калоніі № 1 Наваполацка, дзе ён адбывае пакаранне, крок адчаю не стаў фактарам стрымлівання, прэсінг у дачынення да палітвязня працягваецца.

    Адрозна ад Ватыкана, міжнародная рэакцыя на кейс Лосікаў з боку цывільных палітычных і медыйных структур мае куды больш выразную пазіцыю, якую, зрэшты, афіцыйны Мінск упарта адмятае.

    Так, кіраўніцтва медыякарпарацыі «Радыё Свабода» паслядоўна патрабуе вызвалення Ігара і Дар’і Лосікаў, лічачы пераслед за іншадумства праявай «цемрашальства» ў ХХІ стагоддзі.

    Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у заяве наўпрост называў судовыя працэсы над Лосікамі палітычна матываванымі, падчас якіх ні па адным з пунктаў не выконвалася вяршэнства закона. За што беларускі рэжым мусіць раней ці пазней адказаць. 

    Краіны Еўрасаюза ў розных варыяцыях гэтаксама выказвалі салідарнасць са зняволенай сям’ёй, спрабуючы дагрукацца да (глыбока прыхаванага) гуманізму дзейнага ў Беларусі рэжыму. А палітычныя і эканамічныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і яго памагатых з боку Бруселя і Вашынгтона — як адна з вымушаных рэакцый на беззаконне.

    Чытайце яшчэ:

    Закладнік уласнай сістэмы. Чаму прапаганда так нязграбна рэагавала на знікненне Лукашэнкі

    Зноў у ШІЗА? Дзяніс Івашын не выйшаў на запланаваную сувязь з роднымі

    Рак не помеха. Суды безжалостно отправляют «политических» с тяжелыми болезнями в колонии — а вот что по закону

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці