• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскіх журналістаў аштрафавалі за відэасюжэт пра аварыю на заводзе “Палімір”

    Наваполацкі гарадскі суд 15 траўня прызнаў віцебскіх журналістаў Алену Шабуню і Вячаслава Лазарава вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Суддзя Зінаіда Балаболава па выніках разгляду адміністрацыйнай справы пакарала журналістаў штрафам у памеры 25 базавых велічынь з кожнага (637,5 рублёў).

    Падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў відэасюжэт пра аварыю на наваполацкім заводзе “Палімір”, паказаны на тэлеканале “Белсат”. У сюжэце, у прыватнасці, распавядалася пра супрацоўніка прадпрыемства Андрэя Швілпо — ён уратаваў жыцці калег, але пазней быў асуджаны за нанясенне шкоды вытворчасці.

    Работнікі “Паліміра”, якія каментавалі здарэнне ў відэасюжэце, былі выкліканыя ў суд у якасці сведак. Ніводзін з іх не пагадзіўся з тым, што журналісты ў чымсьці вінаватыя.

    — Яны прыехалі і проста спыталіся ў мяне, якая была сітуацыя падчас аварыі і чаму я не згодны з прысудам. І ўсё! А іх вінавацяць у нейкіх правапарушэннях, абавязалі сплаціць грошы. За што? За тое, што яны мне дапамаглі? За тое, што данеслі праўдзівую інфармацыю? — абурыўся Андрэй Швілпо.

    Небяспека, на думку “паліміраўцаў”, якраз у іншым: інфармацыя пра аварыю ў 2016 годзе дагэтуль прыхоўваецца, між тым аварыйная сітуацыя на прадпрыемстве можа паўтарыцца, бо прычыны яе так і не ліквідаваныя.

    Справу шылі. Белымі ніткамі

    Падтрымаць Алену Шабуня і Вячаслава Лазарава ў судзе сабраліся і віцебскія журналісты, і полацкія “бажаўцы”, і наваполацкія грамадскія актывісты.

    Пачатак пасяджэння быў прызначаны на 16.00, але ўсім давялося чакаць яшчэ гадзіну, бо матэрыялы спраў не былі падрыхтаваны да разгляду, зазначае праваабаронца Павел Левінаў:

    — Шабуня і Лазараў папрасілі час на тое, каб пазнаёміцца з матэрыяламі справаў, бо не бачылі нават міліцэйскіх пратаколаў пра свае правапарушэнні. Тут высветлілася, што матэрыялы не прашытыя, няма пераліку дакументаў. Суддзя заявіла, што яна не паспела падрыхтавацца да разгляду. А калі мусілі паспець падрыхтавацца да абароны журналісты, якія атрымалі выклікі  ў суд менш як за двое сутак?

    Пакуль шылі справы — падшывалі дакументы ў тэчку, і насамрэч белымі ніткамі, назіральнікі і ўдзельнікі працэсу чакалі ў калідоры. У тым ліку сведкі-міліцыянты, якіх дзеля суда адпусцілі з працы.

    Міліцэйская спецаперацыя “злаві  журналіста”

    Як паказалі на судзе супрацоўнікі міліцыі, з’яўленне журналістаў у Наваполацку зафіксавалі нейкія звышпільныя грамадзяне: нібыта быў ананімны тэлефонны званок пра тое, што два чалавекі ходзяць па горадзе і бяруць інтэрв’ю ў трэціх асоб. Хоць гэта і незаконна, але чамусьці на “ананімку” адрэагавалі — выслалі міліцэйскую машыну, каб адсачыць маршрут аўтамабіля з журналістамі па горадзе. Пазней ад аператараў сотавай сувязі запатрабавалі храналогію тэлефанаванняў, каб даведацца, з кім журналісты дамаўляліся пра сустрэчу. Супрацоўніку ДАІ было загадана спыніць аўтамабіль на выездзе з Наваполацка і высветліць пашпартныя дадзеныя кіроўцы — Вячаслава Лазарава і пасажыркі — Алены Шабуні.

    Была арганізаваная цэлая міліцэйская спецаперацыя з аператыўнымі відэаздымкамі і ўдзелам дзясятка службовых асобаў. Аднак міліцыянты, якія працавалі з адміністрацыйнымі справамі, не парупіліся пазнаёміць з імі абвінавачаных: не выслалі пратаколаў пра правапарушэнне і нават не апыталі Вячаслава Лазарава.

    Усе заўвагі датычна дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі  і парушэнняў падчас судовага працэсу будуць выкладзеныя ў касацыйных скаргах, якія журналісты пададуць у Віцебскі абласны суд.

    Для Алена Шабуні і Вячаслава Лазарава гэта ўжо другі выпадак, калі іх судзяць за сюжэты на “Белсаце”. Першы раз  іх прызналі вінаватымі ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” ў сакавіку 2018 года. Тады суддзя Віцебскага райсуда Міхаіл Зубеня пастанавіў аштрафаваць Алену Шабуня на 20 базавых велічынь, а Вячаслава Лазарава на 22 базавыя велічыні.  Пастанову раённага суда журналісты спрабавалі абскардзіць у Віцебскі абласны суд, але суддзя Святлана Іванова адхіліла касацыйныя скаргі журналістаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці