• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як невыплачаныя сродкі па знешнім дзярждоўгу перанакіроўваюцца на пазапланавыя “субсідыі” прапагандыстам

    Праект «Кошт урада», закліканы спрыяць фінансава-эканамічнай граматнасці насельніцтва, прывёў прыклад эвалюцыі прыярытэтаў кіраўніцтва Беларусі, кардынальна перагледжаных з 2020 года. Сярод навацый — узмацненне прапагандысцкіх пазіцый нават ва ўрон іншым сферам. 

    Эксперты ініцыятывы прааналізавалі пастанову Савета міністраў №751, у якой гаворыцца аб пераразмеркаванні сродкаў рэспубліканскага бюджэту-2022. Як паказвае практыка, звычайна да канца года ў бюджэце застаюцца «завіслыя сумы», якія розныя міністэрствы і ведамствы імкнуцца хутчэй асвоіць, размяркоўваючы паміж сабой.

    Гэтым разам «свабоднымі» засталіся грошы, якія планавалася накіраваць на абслугоўванне знешняга дзяржаўнага доўгу — ад сярэдзіны мінулага года з‑за заходніх санкцый Беларусь перастала плаціць па вонкавых пазыках у замежнай валюце, заявіўшы, што гатова гэта рабіць у рублях. Аднак выглядае, што «унікальная валютная прапанова» урэшце аказалася мала прывабнай, а таму не запатрабаванай.  

    «Узнікае інтрыга: куды накіраваць лішнія грошы? Сфераў мноства. Можна перадаць пенсіянерам, кампенсаваўшы значную інфляцыю, або інвалідам з іх жабрацкай дапамогай. Ці выдаткаваць камунальнікам, у якіх пастаянныя праблемы з фінансаваннем. Нарэшце, падтрымаць бізнэс, які з апошніх сілаў спрабуе выжыць у санкцыйным кашмары, памножаным на канкурэнцыю з боку «братэрскіх» расейскіх кампаній, якім адкрылі дарогу ў Беларусь», — падказваюць напрамкі фінансавых плыняў незалежныя аналітыкі. 

    Зрэшты, урад знайшоў «больш годнае» выкарыстанне грашовых рэсурсаў.

    Як вынікае з адпаведнай пастановы, сродкі накіравалі ў якасці субсідый на падтрымку ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» і тэлеканал «Сталічнае тэлебачанне».

    Гаворка пра паўмільёна долараў у эквіваленце (1 мільён 112 тысяч рублёў). Сыходзячы з логікі Савета міністраў, менавіта прапагандысты цяпер адчуваюць «асаблівае запатрабаванне» у пазапланавых уліваннях.  

    Варта нагадаць, што на тэлеканалах АНТ і СТБ актыўнічаюць адны з самых адыёзных апалагетаў рэжыму — Рыгор Азаронак, Ігар Тур ды іншыя «палітычныя аглядальнікі», якія публічна ганьбяць і абражаюць апанентаў за іншадумства. У той жа час пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і беспрэцэдэнтнага гвалту сілавікоў з дзяржаўных тэлеканалаў звольніліся дзясяткі супрацоўнікаў, а некаторыя, як Дзмітрый Семчанка, Ксенія Луцкіна, Дзмітрый Лукша сталі фігурантамі крымінальных спраў ці ўжо абвінавачаныя ў «злачынствах».      

    «Давайце прагаворым тое, што адбываецца, яшчэ раз. Урад не аддае даўгі крэдыторам, але накіроўвае мэтавыя грошы тым (прапагандыстам, — БАЖ), хто тлумачыць, чаму не аддаваць пазык— правільна. Іншымі словамі,  выразна бачым, што дзяржаўнае фінансаванне абуральна неэфектыўнае. Улады з цяжкасцю працуюць ва ўмовах санкцый, у якія самі сябе ўвагналі, не аддаюць даўгі адным, залазячы пры гэтым у кабалу да іншых. Фінансуюць стратныя прадпрыемствы і распранаюць да ніткі тыя, што прыносяць яшчэ нейкі прыбытак», — канстатуюць эксперты «Кошта ўрада». 

    Інфармацыя аб скарачэнні расходаў бюджэту на абслугоўванне знешняга дзярждоўгу і выдзяленні аналагічнай сумы на падтрымку дзяржаўных тэлеканалаў знаходзіцца ў адной пастанове Савета міністраў. Гэта альбо «дэманстратыўна-паказальны ўчынак, альбо адкрытае глупства», адзначаецца ў публікацыі праекта «Кошт урада». Бо ніхто нават для прыстойнасці не паспрабаваў схаваць прычынна-выніковую сувязь. 

    Згодна са звесткамі Міністэрства фінансаў, якія апошнія паўгода папросту не абнаўляюцца, дзяржаўны доўг Беларусі перавысіў 65 мільярдаў рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2022-га на 8 мільярдаў рублёў, або на 13%. У сваю чаргу знешняя дзяржаўная пазыка упэўнена набліжаецца да 20 мільярдаў долараў. 

    Раней улады прыдумалі і іншыя альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання сваёй прапаганды. Летась у сакавіку Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі», згодна з якім уводзіцца абавязковы збор з рэкламадаўцаў на падтрымку нацыянальных медыя: 10% — за размяшчэнне вонкавай рэкламы і рэкламы ў транспарце; 20% — у «іншых выпадках» (што можна трактаваць, як любыя зручныя спосабы «экспрапрыяцыі»). 

    Акрамя таго, стаўка падатку на даданую вартасць (ПДВ) за паслугі перадачы дадзеных павялічылася з 25% да 26%. Усе дадатковыя грошы пойдуць на ўзмацненне «інфармацыйнага складніка», што і вынікае з «Мераў па рэалізацыі ўказа ад 31 сакавіка 2022 года №131».  

    Чытайце яшчэ: 

    “Идеология, геноцид, слежка” — что случилось в 2022 году в правовом поле?

    Не страціў свайго фірмовага пачуцця гумару. Медыяменеджэр Канстанцін Залатых у чаканні суда

    «Нясплата падаткаў», «распальванне варожасці», «шкода нацбяспецы». За што будуць судзіць супрацоўнікаў знішчанага партала Tut.by

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! На дадзены момант ў няволі застаюцца прадстаўнікі медыя: Кацярына Андрэева, Ігар Лосік, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Валерыя Касцюгова, Дзмітрый Наважылаў, Ірына Слаўнікава, Андрэй Кузнечык, Сяргей Сацук, Канстанцін Залатых, Алесь (Аляксандр) Любянчук, Павел Мажэйка, Яўген Меркіс, Дзмітрый Семчанка, Андрэй Фамін, рэдактар самвыдатаўскіх газет «Веснік» Ларыса Шчыракова, Павел Падабед, Вячаслаў Лазараў, Аляксандр Манцэвіч, Ігар Карней, Аляксандр Зянкоў, Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў, Аляксандр Ігнацюк, Алесь Марчанка, Антон Казельскі, Алена Цімашчук, Яўген Нікалаевіч, Данііл Палянскі, Ігар Ільяш, Вольга Радзівонава Сяргей Чабоцька Андрэй Толчын Рэдацыя "Інтэкс-прэс"
    05.12.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023

    ЛІЧБЫ ГОДА. Пераслед журналістаў і медыя ў 2023 годзе

    22.01.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці