1023

Яшчэ чатыры віцебскія тэлеграм-каналы прызнаны экстрэмісцкімі

29.04.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Экстрэмісцкімі прызнаныя  тэлеграм-каналы "Орша 97%", "Наваполацк і Полацк 97%", "Партызаны", "Vitebsk_Юг".  Такое рашэнне 27 красавіка прыняў суд Чыгуначнага раёна Віцебска.

Паводле прэс-службы ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, гэтыя тэлеграм-каналы  публікавалі “паведамленні з заклікамі перашкодзіць законнай дзейнасці дзяржаўных органаў, падбухторвалі да масавых беспарадкаў, вандалізму, блакавання руху на аўтамабільных трасах і чыгуначных шляхах. Матэрыялы дадзеных каналаў ўтрымлівалі пагрозы прымянення гвалту і пашкоджання маёмасці прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, суддзяў. Карыстальнікі пакідалі абразлівыя каментары, якія распальваюць варожасць па палітычных і ідэалагічных матывах”.

Паведамляецца, што міліцыя Віцебскай вобласці праводзіць аператыўна-вышуковая мерапрыемствы па высвятленні асоб, якія адмініструюць экстрэмісцкія Telegram-каналы, і праверку датычнасці гэтых рэсурсаў да арганізацыі экстрэмісцкай і пратэстнай дзейнасці.

Месяц таму той самы суд Чыгуначнага раёна прызнаў экстрэмісцкімі тэлеграм-каналы «Витебск 97%» і «Чат невероятного Витебска». Віцебскай грамадскасці не паведамляюць, якія менавіта публікацыі падаліся небяспечнымі, і хто канкрэтна ініцыяваў судовыя працэсы па прызнанні ўсіх шасці тэлеграм-каналаў экстрэмісцкімі. Але за рэпосты паведамленняў з гэтых рэсурсаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!