• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За пост пра старшыню Слонімскага райвыканкаму NEXTA павінен сплаціць 3 тысячы рублёў

    12 лістапада ў Менскім раённым судзе разгледзелі пазоў старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да стваральніка тэлеграм-канала Nexta Сьцяпана Пуцілы аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампэнсацыі маральнай шкоды.

    Па выніках паседжаньня Менскі раённы суд вырашыў спагнаць са стваральніка тэлеграм-канала Nex­ta Сьцяпана Пуцілы 3 000 рублёў (Хоміч прасіў 10 тысяч рублёў) кампэнсацыі маральнай шкоды, нанесенай старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзю Хомічу і абавязаў разьмясьціць на сваім тэлеграм-канале рашэньне суду.

    Таксама Сьцяпан Пуціла павінен слаціць судовыя выдаткі ў 370 рублёў.

    На папярэднім пасяджэньні Генадзь Хоміч, якога прадстаўлялі адвакаты, удакладніў пазоў і цяпер патрабуе 10 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды замест ранейшых 50 тысяч. Грошы ён зьбіраецца пералічыць Слонімскай лякарні на рамонт інфэкцыйнага аддзяленьня.

    І пазоўнік, і пазваны ў суд не зьявіліся. Інтарэсы Хоміча прадстаўлялі два адвакаты: Марыя Колесава-Гудзіліна і Арцём Калоша.

    Марыя Колесава-Гудзіліна

    Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, тэлеграм-канала Nex­ta быў першакрыніцай інфармацыі пра Хоміча, таму «на ім ляжыць найбольшая адказнасьць».

    «У сваіх інтэрвію ўладальнік каналу неаднойчы казаў, што мае матэрыялы, якая пацьвярджаюць праўдзівасьць апублікаванай інфармацыі, але такіх дакумэнтаў не было паказана. Гэта пацьвярджаецца і пратаколам Савецкага суду Менска, дзе гаворыцца, што прадстаўнік уладальніцы „Беларускага партызана“ Сьвятланы Калінкінай зьвязваўся з Пуцілам, але той адмовіўся перадаваць ім нейкія дакумэнты. Мы лічым, што ніякіх дакумэнтаў і быць ня можа», — сказала адвакатка.

    Паводле Гудзілінай, тое, што Хоміч зьяўляецца чыноўнікам ці прадстаўніком улады, не адрозьнівае яго ад іншых грамадзян Беларусі.

    «Ён мае такія ж правы, як і ўсе астатнія, і мы лічым, што ён зьяўляецца сярод іншага прадстаўніком дзяржавы. Сваімі дзеяньнямі Сьцяпан Пуціла зьняважыў у асобе майго даверніка і Рэспубліку Беларусь», — сказала адвакатка.

    10 жніўня тэлеграм-канал Nex­ta апублікаваў інфармацыю пра затрыманьне Хоміча. Паводле яе, чыноўніка і ягоную жонку супрацоўнікі ДАІ заўважылі ў нецьвярозым стане. Ва ўправе ДАІ Горадзенскай вобласьці заявілі, што ня маюць зьвестак пра затрыманьні Хоміча. Хоміч гэтую інфармацыю катэгарычна абвяргае.

    Як гаворыцца ў пазове, пост Nex­ta пра затрыманьне Хоміча ўбачылі больш за 200 тысяч чалавек. На гэтую інфармацыю спасылаліся СМІ. Генадзь Хоміч патрабуе публікацыі абвяржэньня непраўдзівых зьвестак.

    «Суд за Nexta» зь «Беларускім партызанам» прыпынілі. Хоміч будзе судзіцца з самім Nexta

    «Даўно такіх лічбаў не было ў пазовах». БАЖ аб прэтэнзіях кіраўніка Слонімскага райвыканкаму

    Што ў іншых судах?

    Аналягічныя пазовы Хоміч таксама падаў супраць уласьнікаў незалежных выданьняў «Беларускі партызан», 21.by і «Вечерний Бобруйск», якія перадрукавалі пост Nex­ta.

    Пазоў Хоміча да ўласьніцы сайту «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай Савецкі суд Менску пачаў разглядаць 8 кастрычніка, але на чарговым пасяджэньні 30 кастрычніка судзьдзя прыпыніла працэс «за паразуменьнем бакоў» да 18 лістапада. Чакаецца, што якраз да гэтага дня ў судзе Менскага раёну будзе разгледжаны аналягічны пазоў Хоміча да ўладальніка Telegram-каналу Nex­ta Сьцяпана Пуцілы.

    Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, суд Маскоўскага раёну зацьвердзіў міравое пагадненьне паміж Хомічам і выданьнем 21.by, якое выплаціць грашовую кампэнсацыю ў 1500 рублёў і ўжо апублікавала абвяржэньне.

    Што тычыцца «Вечернего Бобруйска», наступнае паседжаньне суду прызначана на 13 лістапада, памер кампэнсацыі заяўлены ў 7 тысяч рублёў. Сьцяпан Пуціла прыцягнуты ў працэс у якасьці трэцяй асобы, аднак у суд ён не зьяўляўся.

    Паводле адвакаткі, у Хоміча «яшчэ ёсьць права выставіць пазовы да астатніх выданьняў, якія распаўсюдзілі непраўдзівую інфармацыю».

    З 2014 году да СМІ былі задаволеныя сем судовых пазоваў, паведамілі ў БАЖ. Сумы маральных кампэнсацый, выплачаных СМІ, вагаліся ад 49 да 378 даляраў. Сярэдняя сума склала 213 даляраў. Паводле БАЖ, у бальшыні выпадкаў суды адмаўляюць у задавальненьні пазоваў аб маральнай кампэнсацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці