506

Журналіста Паўла Мажэйку ўнеслі ў так званы спіс экстрэмістаў

17.11.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Разам з гродзенскім журналістам у «пералік грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае МУС, уключаная адвакатка Юлія Юргілевіч, асуджаная па адной справе з Паўлам Мажэйкам.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 17 лістапада абнавіла свой «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян ці асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Зараз у ім з'явілася прозвішча яшчэ аднаго беларускага журналіста — гарадзенца Паўла Мажэйкі.

Сёлета 26 ліпеня Гродзенскі абласны суд прыгаварыў яго да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адвакатка Юлія Юргілевіч тым жа судом пакараная 6 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

17 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыйныя скаргі Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч і пакінуў вырак у сіле. 8 лістапада Паўла Мажэйку адправілі этапам з гродзенскага СІЗА ў папраўчую калонію, у якую менавіта — пакуль невядома.

Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 года ў Гродне па вяртанні ў Беларусь з Польшчы. Пасля затрымання ў ягонай кватэры і ў кватэры ягоных бацькоў сілавікі правялі ператрусы. Пра тое, што яму інкрымінавалі «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса), стала вядома толькі ў сакавіку 2023 года. З моманту затрымання журналіста ўтрымлівалі пад вартай.

Паводле следства, адвакатка Юлія Юргілевіч расказала ў тэлефоннай гутарцы Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну, а Павел нібыта перадаў гэтую інфармацыю тэлеканалу «Белсат». Спосаб, час і датычных да гэтага іншых асоб следства не высветліла. Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч сваёй віны не прызналі.

Справу журналіста і адвакаткі ў Гродзенскім абласным судзе разбіраў суддзя Максім Філатаў, сумнавядомы сваімі жорсткімі прысудамі па палітычных справах.

У «спісе экстрэмістаў», які МУС вядзе з сакавіка 2022 года, зараз 3520 прозвішчаў.

Чытайце яшчэ:

Мужнасць. Марына Золатава намінаваная на прэмію «Рэпарцёраў без межаў»

В МВД Германии рассказали, кто сможет получить проездной документ вместо паспорта

«Сядзіць у адзіночцы, вучыць нямецкую і арабскую». Што вядома пра аўтара «Новага часу» Дзядка

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!