• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Для мяне літаратура — гэта душ Шарко, які прабуджае чалавека ад сноў», — 12 цытатаў з выступу Сарокіна ў Менску

    29 траўня ў інтэлектуальным клюбе нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч адбылася сустрэча з расейскім пісьменьнікам, адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў канцэптуалізму і сацарту Ўладзімірам Сарокіным. Тэма — «Жорсткая славеснасьць».

    Раманы Ўладзіміра Сарокіна правакуюць неадназначную рэакцыю ня толькі ў крытыкаў, але і ў самых літаратурна недасьведчаных чытачоў. Некалькі гадоў таму некаторыя ўдзельнікі руху «Нашы» пад арыю Ленскага спускалі кнігі Сарокіна ў вялізны ўнітаз.

    Уладзімір Сарокін — ляўрэат прэміяў Андрэя Белага, «НОС», «Вялікая кніга» ды іншых. Ягоныя кнігі перакладзены на дзясяткі моваў. Найбольш вядомыя творы Сарокіна: «Трыццатае каханьне Марыны» (1984), «Месяц у Дахау» (1994), паэма ў прозе «Блакітнае сала», «Эрас Масквы» (2000), «Дзень апрычніка» (2006), «Цукровы Крэмль» (2008), «Тэлурыя» (2013), «Манарага» (2017).

     

    Алексіевіч: «Я б не сказала, што мне ўсе рэчы Сарокіна падабаюцца. Але ён заўсёды чапляе»

    Уладзімір Сарокін і Сьвятлана Алексіевіч

    Гаспадыня інтэлектуальнай дыскусійнай пляцоўкі, нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч прадставіла свайго госьця:

    «Уладзімір Сарокін — вельмі цікавая зьява ня толькі ў расейскай літаратуры, але і ва ўсясьветнай. Я шмат ежджу па сьвеце, і калі пытаюся, каго з расейскіх творцаў больш за ўсіх друкуюць, мне кажуць, што Людмілу Уліцкую і Ўладзіміра Сарокіна. Ён стварыў свой сьвет, цэлы асобны сьвет. А ягоны „Дзень апрычніка“ прарочы. Калі толькі я яго прачытала, мне здалося, што гэта вельмі вялікая мэтафара. Але літаральна празь некалькі гадоў гэта стала нашай рэальнасьцю. Усё збылося.

    Калі я бачу інтэрвію з Валодзем, калі выходзяць яго новыя кнігі, мне надзвычай цікава, як рухаецца ягоная думка. Гэта асаблівы сьвет са сваімі сувязямі, сваім пранікненьнем углыб. Я б не сказала, што мне ўсе ягоныя рэчы падабаюцца. У яго своеасаблівы сьвет мэтафары, ня мой сьвет. Думаю, і яму ня ўсё маё падабаецца. Але ён заўсёды чапляе».

     

    «Я вырас у таталітарнай дзяржаве, дзе ўсё было насычана гвалтам»

    Галоўны папрок чытачоў, крытыкаў, літаратараў да творчасьці Ўладзіміра Сарокіна ў тым, што ён піша вельмі жорсткія рэчы. На гэты папрок ён адказвае так:

    «Мне хочацца запытацца: а ў якім сьвеце мы жывём? Я вырас ў таталітарнай дзяржаве, дзе практычна ўсё — зь дзіцячага садка, са школы — было насычана гвалтам, як паветрам. Мы гэтым дыхалі, гэтым жылі. І калі цяпер кажуць, што ў рускіх назапасілася вельмі шмат злосьці, дык 70 гадоў мы варыліся ў гэтай крывавай поліўцы вайны з чалавечым пачаткам! Таму ў мяне вось такая „жорсткая славеснасьць“. Але ёсьць пісьменьнікі, якія ўспрымаюць літаратуру як нейкае ўтульнае крэсла, куды можна сесьці, расслабіцца і забыцца. Гэта іхны шлях.

    Для мяне літаратура — гэта душ Шарко, які чалавека прабуджае ад сноў. У мяне іншай літаратуры не атрымліваецца. Я хачу папярэдзіць публіку, якая прыйшла сюды мяне паслухаць: я ў многім вас расчарую. Калі пісьменьніку ёсьць што дадаць да сваіх твораў, ён штосьці недапісвае. Але я дапісваю. Я пастараюся казаць шчыра, хоць гэта не зусім мой жанр».

    Уладзімір Сарокін, Сьвятлана Алексіевіч і амбасадар Швэцыі ў Беларусі Мартын Обэрг

    Уладзімір Сарокін, Сьвятлана Алексіевіч і амбасадар Швэцыі ў Беларусі Мартын Обэрг

     

    «Для кожнай новай кнігі трэба забіць у сабе старога пісьменьніка, змыць кроў з рук і пачаць зь белага аркуша»

    Літаратура для Ўладзімера Сарокіна — гэта выбар мовы і выбар інтанацыі для гісторыі:

    «Уявіце, калі б „Лаліта“ Набокава была напісаная мовай Фолкнера. А „Масква—Петушкі“ Ерафеева — мовай савецкай прозы. Нічога б не атрымалася. Мова вельмі важная, мова „вешчая“.

    Усё сваё літаратурнае жыцьцё я працаваў рознымі мовамі. Пачаў з рэканструкцыі сацрэалізму, мяне прыцягвала гэтая ўжо тады мёртвая мова — гэта быў пачатак 1980‑х. Ужо тады гэта „выраджалася“, было як „выкапень“, бо ў жыцьці гаварылі па-іншаму. І вось ўзрываць гэтыя мёртвыя моўныя пласты было велічэзным задавальненьнем — ад гэтага выдзялялася магутная энэргія.

    У канцы 1980‑х я пачаў працаваць з мовай вялікай рускай літаратуры ХІХ стагодзьдзя. І гэта таксама была ў многім мёртвая мова. У 1990‑х было „Блакітнае сала“, мова будучыні — сымбіёз хайтэку і стылізацыі.

    У мяне прынцып адзін: я хачу кожную сваю кнігу напісаць у яе стылі. Для кожнай кнігі трэба як бы стаць новым пісьменьнікам: забіць у сабе старога пісьменьніка, змыць кроў з рук і пачаць ўсё зь белага аркуша».

     

    «Назавіце мяне постмадэрністам — я ня супраць»

    «Мы жывем у імкліва зьменлівым часе. Магчыма, таму і няма вялікага расейскага раману пра Расею 1980–90‑х. Ёсьць асобныя аскепкі, раскіданыя па розных тэкстах: штосьці ў Віктара Пялевіна, штосьці ў Віктара Ерафеева, штосьці ў Людмілы Ўліцкай — ва ўсіх патроху. Гэта якраз сьведчыць пра тое, што любыя спробы сёньня з дапамогай усялякіх “-ізмаў“ патлумачыць гэта вельмі сьціслы літаратурны працэс — гэта ўдзел крытыкаў.

    Назавіце мяне постмадэрністам — я ня супраць насамрэч. Я ня супраць нават, што „Ледзяная трылёгія“ — гэта „сайнс-фікшн“. Гэта права на клясыфікацыю, ня больш за тое. Мне здаецца, што пройдзе час, мы ўбачым і гэты час, і тое, што было напісана за гэты час. Пакуль гэтага не відаць, мне так здаецца. Магчыма, таму, што я цяпер знаходжуся ў цэнтры літаратурнага цыклёну».

     

    Пра маскоўскі канцэптуалізм і андэрграўнд, які стаў унівэрсытэтам для Сарокіна

    У 1975 годзе, быўшы студэнтам, я выпадкова трапіў у майстэрню да мастака Эрыка Булатава. Як мастак я захапляўся тады сюррэалізмам і маляваў графічныя сюррэалістычныя работы. Мая зубная лекарка прапанавала паказаць мае карціны знаёмаму мастаку. І я трапіў у гэтае асяродзьдзе, і потым цалкам выпадкова пад уплывам гэтага кола стаў займацца літаратурай.

    Гэта была зусім унікальная зьява. Я яе параўноўваю… ведаеце, раней лаўцы жэмчугу апускаліся на дно ў такіх званах. Гэты андэрграўнд для нас быў звонам чыстага азону ў сьпёртым паветры Масквы. Штосьці было ў Піцеры, Новасыбірску, Краснаярску, Прыбалтыцы… У Маскве тады была даволі магутная канцэнтрацыя падпольных мастакоў, літаратараў — пасьля хрушчоўскай адлігі. У асноўным яны пазнаёміліся пасьля славутай выставы абстракцыяністаў, пасьля фэстывалю моладзі. А пісьменьнікі, як мне паведаміў ўжо нябожчык Юры Мамлееў, усе перазнаёміліся ў курылцы Ленінскай бібліятэкі, дзе чыталі забароненую філязофскую літаратуру. І гэтае кола практычна было маім унівэрсытэтам. Я яго прайшоў, там загартаваўся і стаў самадастатковай творчай асобай. Цяпер гэтага асяродку ўжо не існуе: хто памёр, хто зьехаў, хто перастаў займацца творчасьцю — так бывае. Зьмянілася і культурная сытуацыя.

    Эрык Булатаў і Ільля Кабакоў — гэта мастакі ўсясьветнага ўзроўню, я ім вельмі ўдзячны. Гэты быў незабыўны час. Гэта быў прарыў».

     

    «Пасьля “Тэлурыі“ я 3 гады не пісаў раманаў, пасьля “Сэрцаў чатырох“ — 7 гадоў. Шум стаіць, і ты ня чуеш тонкіх вібрацый»

    «Ёсьць фізыка і ёсьць мэтафізыка. Мэтафізыка — гэта тое, што большае за нас, большае за фізыку. Большыя за нас Сусьвет, сьмерць, страх; каханьне, безумоўна. Ёсьць пісьменьнікі, якія могуць гэта выразіць, а ёсьць — якія абмяжоўваюцца толькі фізыкай. Усе вялікія пісьменьнікі, канечне ж — мэтафізыкі: Дастаеўскі, Талстой, Джойс, Каўка, Набокаў, Мамлееў.

    Вядома ж, я сачу за рознымі публікацыямі, чытаю аналітыку, дасьледаваньні. Але ўсё ж такі аналітыка — гэта ня мой пачатак, у мяне іншы занятак. У мяне ёсьць нейкая антэна, якая штосьці ўлоўлівае — у многім неасэнсавана. Як сказаў паэт андэрграўнду Ян Сатуноўскі, „асэнсаваныя прадчуваньні — не сапраўдныя“. Я згодны зь ім. Таму штосьці атрымліваецца, калі ты даеш свабоду гэтай антэне, і яна сама правільна настройваецца, бяз націску і сьпешкі. Калі яна не працуе, лепш памаўчаць. Пасьля „Тэлурыі“ я 3 гады не пісаў, пасьля „Сэрцаў чатырох“ я 7 гадоў не пісаў раманы. Таму што шум стаіць і ты ня чуеш тонкіх вібрацый».

    Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт з кнігамі Сарокіна і Алексіевіч у перакладзе на чэскую мову

    Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт з кнігамі Сарокіна і Алексіевіч у перакладзе на чэскую мову

    «Мы жывём у драматычны час распаду велізарнай імпэрыі»

    «Пачуцьцё такое, што мы на адным вялізным іржавым „Тытаніку“, у якога пад кілем ужо вельмі шмат дзірак — я кажу пра Расею. Але, тым ня менш, ён кудысьці плыве, у салёне грае музыка, танцуюць пары, у бары штосьці наліваюць. Але ўжо відаць, што палуба дала крэн, мэбля едзе паціху, і ўжо рухаецца паверхня…

    Мы жывём у драматычны час распаду велізарнай імпэрыі. Ён ідзе розным цыклямі: з агоніяй, з паранояй, зь ярасьцю, са страхам, з ахвярамі, з вар’яцтвам, асьцярогамі. Гэта аб’ектыўны працэс. Колькі ён будзе доўжыцца, невядома».

    «Нідзе ў сьвеце так шмат, магутна і падрабязна не перакладаюць рускамоўную літаратуру, як у Нямеччыне»

    «У мяне шмат зьвязана зь Нямеччынай, дзе я ўпершыню апынуўся ў 1988 годзе: выданьне кніг, тэатральныя пастаноўкі, лекцыі, у мяне там шмат сяброў, я там цяпер жыву (у Падмаскоўі і ў Бэрліне). У мяне ёсьць сталыя нямецкія чытачы, пачынаючы з 1990 году. Яны ведаюць, чаго чакаць ад мяне.

    У пасьляваенных немцаў вельмі вялікі страх перад уласнай культурай, які кампэнсуецца вялікім інтарэсам да іншых культур. Нідзе ў сьвеце так шмат, магутна і падрабязна не перакладаюць рускамоўную літаратуру, як у Нямеччыне. Улічваючы, што там выйшлі практычна ўсе мае кнігі, мне ня трэба нічога тлумачыць немцам пра Расею — яны ведаюць, што там адбываецца. Асабліва мне дадаць няма чаго. А вось на пытаньне, што будзе, я ня ведаю адказу. Ёсьць абсалютна загадкавыя рэчы. Самая папулярная мая кніга ў Нямеччыне — „Мяцеліца“, наклад яе большы за расейскі. Для мяне гэта загадка».

    Сарокін падпісвае свае кнігі

    Сарокін падпісвае свае кнігі

     

    «Кніга — гэта вельмі моцны наркотык»

    «Лепш чытаць кнігі, чым піць альбо калоцца. Па-другое, кніга дапамагае нам набыць уласную ідэнтычнасьць. Я б не сказаў, што моладзь стала менш чытаць. Яны шмат чытаюць, нават болей, чым некалі мы, бо ў іх нашмат магчымасьцяў. Нам раман давалі на ноч, і трэба было за ноч прачытаць, напрыклад, кнігу Набокава.

    Чым кніга добрая? Я пра гэта напісаў апошні раман „Манарага“. Кніга — гэта рэч: як пінжак, як любімы кіёк. У кнігі ёсьць пах, вага, ёсьць шоргат старонак. На кнігу можна паставіць чайнік, можна яе пакласьці пад падушку, можна абліць сьлязамі, віном, можна яе забыцца ў цягніку. Ёсьць вобраз кнігі, і ён цягне за сабой вялізны міт. Ці разбурыцца гэты міт, ня ведаю. Гэта ўжо пытаньне да ўсіх нас».

     

    «Жанчыны — гэта касьмічныя істоты. Тое, што жанчын торкнула, мужыкоў ламала»

    «Я заўсёды любіў жанчын і вельмі іх паважаў, я вельмі ўдзячны ім. Таму што ўсе лёсавызначальныя для мяне рэчы ішлі праз жанчын. Нават гісторыя зь мілай зубной лекаркай, якая прывяла мяне да мастака Эрыка Булатава… Я ў 1980‑я гады напісаў раман „Трыццатае каханьне Марыны“ — пра савецкую жанчыну…

    Я думаю, што Сьвятлана Алексіевіч ведае жанчын лепш за мяне, яна напісала цудоўную кнігу, дзе вайна супярэчыць жаночаму пачатку. Я ў дзяцінстве і пазьней адчуваў, наколькі балючая савецкая ўлада менавіта для жанчын, наколькі яна іх нявечыць і якім гераічным чынам яны выжываюць і захоўваюць свой пачатак. Жанчыны — гэта касьмічныя істоты. Тое, што жанчын торкнула, мужыкоў ламала. Галоўнай гераіняй для мяне ў 1970–80‑я гады была жанчына. Ня ведаю, фэмінізм гэта ці не, але я ня супраць. Дзякуй Богу, што ў Менску так шмат прыгожых жанчын!»

     

    «У беларусаў на тварах — выраз насьцярожанай заклапочанасьці»

    «У Менск я прыехаў упершыню ў жыцьці. Тут мне спадабаліся аўсянка, дранікі, тварог зь мёдам, а бліны — гэта нешта незямное! Мне здаецца, што за суткі цяжка нешта адчуць. Хачу вярнуцца сюды яшчэ і абавязкова зьезьдзіць у Белавескую пушчу. Я ўнук лесьніка, вельмі люблю дрэвы. Думаю, мяне на штосьці гэта натхніць. У вас незвычайныя месцы — я штосьці адчуў сёньня.

    Я ўбачыў на вуліцы твары людзей. Можа, раніцай яны ня надта прачнуліся, але ў беларусаў на тварах — выраз насьцярожанай заклапочанасьці. І гэта было нечакана. У Расеі такое было ў 1990‑х гадах».

     

    «Ад Нобэлеўскай прэміі я не адмоўлюся»

    На пытаньне дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, намесьніцы старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім, ці мог бы Сарокін стаць нобэлеўскім ляўрэатам і за які раман яму было б прыемна атрымаць прэмію, расейскі пісьменьнік адказаў коратка:

    «Ня трэба было б адказваць на гэтае пытаньне, але я адкажу: я не адмоўлюся ад Нобэлеўскай прэміі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці