Наста Роўда, Саша Івулін і Радыё Рацыя — у доўгім спісе прэміі імя Адамовіча
Беларускі ПЭН абвясціў доўгі спіс прэміі імя Алеся Адамовіча за 2026 год. У ім ёсць імёны беларускіх журналістаў.

Калаж: Беларускі ПЭН
Сёлета ў конкурсе прэміі ўдзельнічалі 23 творы розных жанраў і фарматаў – мастацкая і дакументальная проза, паэзія, журналістыка, мультымедыйныя праекты і ініцыятывы вуснай гісторыі. Паводле вынікаў галасавання журы сфармавала доўгі спіс, у які ўвайшлі 13 намінантаў.
Згодна з абноўленымі правіламі, на прэмію намінаваліся не толькі кнігі, але і публіцыстычныя артыкулы, падкасты, радыйныя рэпартажы, медыяпраекты і відэацыклы.
Журы адзначыла працы журналістаў незалежных беларускіх медыяў: рэпартажы журналістаў Беларускага Радыё Рацыя Вольгі Сямашкі і Юркі Ляшчынскага, YouTube-канал інтэрв’ю «ТОК | TALK» з Настай Роўдай і адзін з выпускаў праекта «ЧестнОК» Аляксандра Івуліна.
Таксама ў доўгі спіс трапіў зборнік «Голас пакалення свабоды». У ім сабраныя інтэрв’ю з лаўрэатамі аднайменнай прэміі — выбітнымі асобамі беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 60+. Сярод іх шмат беларускіх журналістаў, якія стаялі ў вытокаў стварэння незалежных СМІ.
Доўгі спіс прэміі імя Алеся Адамовіча
- Зборнік «Беларускія галасы з Познані» – Павел Залескі (выдавецтва «Skaryna Press», 2025)
- Кніга «Гайд палітзняволення» – ананімная каманда (праект 361.1, 2025)
- Зборнік «Голас пакалення свабоды» – Сяргей Сашук (выдавецтва «Полацкія лабірынты», 2025)
- Кніга апавяданняў «Дубовые яблочкі» – Вольга Касцюк (выдавецтва «Skaryna Press», 2025)
- Зборнік «Іду да вас, людзі» – укладальніца і рэдактарка Алена Казлова (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2025)
- Відэа «Как беларусы живут после тюрьмы: иллюзия свободы» – Аляксандр Івулін (YouTube-канал «ЧестнОК», 2025)
- Зборнік «Няскоранае пакаленне. Галасы беларускай моладзі 2020-га» – укладальнікі Алена Карасцялёва, Віктар Шадурскі (выдавецтва «Skaryna Press», 2025)
- Рэпартаж «Падляшскі трыпціх паўстання» – Вольга Сямашка (Беларускае Радыё Рацыя, 2025)
- Рэпартаж «Памяць у Свіслачы» – Юрка Ляшчынскі, Якуб Сушчынскі (Беларускае Радыё Рацыя, 2025)
- Раман «Пентаквантар» – Арцём Шуканаў (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2025)
- Раман «Слон» – Саша Філіпенка (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2025)
- YouTube-канал інтэрв’ю «ТОК | TALK» – Наста Роўда (@TOK_talk, 2025)
- Раман «Эйфарыя» – Марыя Пархімчык (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2025)
Прэмія імя Алеся Адамовіча адзначае творы і праекты, якія дапамагаюць асэнсоўваць сучаснасць, захоўваюць памяць пра ключавыя падзеі нашага часу і ўзнімаюць важныя грамадскія пытанні. Узнагарода таксама ўшаноўвае спадчыну пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча.
@bajmedia