• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ГА “БАЖ” прынялі ў Міжнародную асацыяцыю абароны свабоды слова (IFEX)

     

    8 кастрычніка ГА “БАЖ” стала паўнавартасным сябрам Міжнароднай асацыяцыі абароны свабоды слова (IFEX), якая ўключае ў сябе больш за 80 арганізацый з 60 краін свету.

    За гэта прагаласавала большасць удзельнікаў 18-га Генеральнага Кангрэсу IFEX, які адбываецца гэтымі днямі ў горадзе Порт-оф-Спэйн (Рэспубліка Трынідад і Табага).

    Прэзентаваў арганізацыю на кангрэсе кіраўнік ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец. «Я скарыстаюся магчымасцю прадставіць БАЖ на беларускай мове – не думаю, што яна раней гучала ў гэтай зале», – зазначыў ён.

    Андрэй Бастунец на 18‑м Генеральным Кангрэсе IFEX

    Старшыня коратка распавёў пра гісторыю стварэння ГА «БАЖ», накірункі яе дзейнасці, дасягненні і ўзнагароды. Асобна ён спыніўся на кампаніях салідарнасці “Станем за журналістыку” і “Міжнародны дзень барацьбы з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў”, якія ладзяць Eўрапейская федэрацыя журналістаў i  IFEX.

    На пытанне пра чаканні ГА “БАЖ” ад сяброўства ў IFEX ён выказаў спадзеў, што гэта паспрыяе эфектыўнасці абароны правоў журналістаў і свабоды выказвання ў Беларусі. 

    Нагадаем, што статус часовага сябра IFEX ГА “БАЖ” атрымала летам 2014 года.

    Міжнародную асацыяцыю абароны свабоды слова (IFEX) заснавалі ў 1992 годзе дванаццаць няўрадавых арганізацый у Канадзе з ініцыятывы Канадскага камітэта абароны журналістаў.

    IFEX уздымае праблемныя пытанні, якія нясуць пагрозу свабодзе выказвання; стварае кааліцыі, працоўныя групы і ініцыюе петыцыі для надання большай галоснасці такім справам; прапануе рэсурсы і матэрыялы для паспяховых кампаній. Сярод праблем, якімі на сёння займаецца IFEX, – доступ да інфармацыі, цэнзура, лічбавыя правы, свабода сходаў, свабода выказвання і заканадаўства, беспакаранасць злачынстваў супраць свабоды выказвання.

    Арганізацыя дапамагае мабілізавацца ў выпадках патрэбы ў абароне як асобным журналістам, так і СМІ, праваабаронцам і г.д. Найперш гэта петыцыі, супольныя заявы, місіі, лабіяванне, назіранне за судамі.

    Выканаўчым органам IFEX з’яўляецца Рада, якая складаецца з 13 удзельнікаў. Яна дзейнічае ад імя ўсіх удзельнікаў IFEX’a, кантралюе і распрацоўвае стратэгіі і інш. Раду выбіраюць на агульным сходзе арганізацыі кожныя два гады.

    IFEX Network

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці