• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гэта проста я і ўсё». Блогер Глеб Сямёнаў падзяліўся асабістым — пра адносіны, сям’ю і ўражанні ад гей-клубаў

    Зорка TikTok і сувядоўца гумарыстычнага ютуб-шоу «о(б)суждаем» у новым выпуску на канале «Ток» шчыра расказвае пра сваю сям'ю, сэксуальную арыентацыю, стэрэатыпы і жыццё ў роднай Рэчыцы, піша «Наша Ніва».

    Рэчыцкі вайб

    Глеб родам з горада Рэчыца (Гомельская вобласць). Ён адзначае, што ў рэдакцыі KYKY, дзе ён працуе, ёсць яшчэ адзін чалавек з Рэчыцы. І іх уражанні аб горадзе вельмі адрозніваюцца.

    «Для мяне Рэчыца ніколі не была, напрыклад, крымінальнай. Мае ўспаміны звязаныя, хутчэй, з нейкімі пʼяніцамі. Я любіў праводзіць час на набярэжнай, але большую частку часу я праводзіў ці ў школе, ці дома».

    Самае лепшае месца ў Рэчыцы для Глеба зусім невідавочнае.

    «Для мяне гэта поле за пятым домам. Гэта такі вялікі дом, які мы называлі «кітайскай сцяной». За ім было поле, дзе фатографы любілі праводзіць свае фотасэты, а мы любілі проста гуляць. Мама мне расказвала, што гушкала мяне там у калясцы. Для мяне гэта нейкае месца сілы», — дзеліцца ўспамінамі Сямёнаў.

    Па думку Глеба, родны горад моцна паўплываў на яго як асобу.

    «Гэта мая суперсіла. Я разумею, што людзі, якія не маюць такога досведу за плячыма — жыцця ў малым горадзе, — не да канца разумеюць атмасферу такіх месцаў. Не разумеюць, што калі ты выходзіш на балкон, то ты быццам бы перад усім горадам. І гэта па-іншаму фармуе жыццё горада. Мне гэтыя простыя людзі нашмат больш зразумелыя, чым жыхары сталіцы. У Мінску ты сябе адчуваеш у мантыі-невідзімцы».

    На погляд Сямёнава, жыхары правінцыі адрозніваюцца ад тых, хто вырас у сталіцы, ступенню шчырасці. І з гэтага шмат што выцякае.

    «А мінчукам менш адно да аднаго справы, бо ў сталіцы жыццё цячэ нашмат хутчэй», — лічыць Глеб.

    Пра сэксуальную арыентацыю

    Пытанне сэксуальнай арыентацыі для блогера складанае. Па яго словах, першы сэксуальны досвед ён атрымаў з дзяўчынай.

    «Мне складана вызначыцца. У мяне былі дзяўчаты, і я іх кахаў. Я, вядома, больш адчуваю цягу да мужчын, але дзяўчаты мне таксама падабаюцца. Я не зачыняю для сябе гэтыя дзверы. У той жа час да дзяўчат у мяне больш пачуццяў, як да сясцёр. Але, як сказаў Оскар Уайльд, «вызначыць — гэта значыць абмежаваць». Мне не падабаецца сябе абмяжоўваць вузкімі тэрмінамі і катэгорыямі. Я проста не гетэрасэксуальны чалавек».

    Глеб заўсёды ведаў пра асаблівасці сваёй арыентацыі, а ўсе навокал гэта адчувалі. «У мяне не атрымліваецца гэта прыбраць і выключыць. Гэта проста я і ўсё».

    Ён згадвае цікавы момант з дзяцінства. «Мая мама адпусціла мне валасы і пракалола вуха. Яна хацела, каб я быў самым модным. Праз гэта мяне дзеці часта прымалі за дзяўчынку. Я памятаю, як стаяў у чарзе ў мужчынскі туалет, а нейкі хлопчык да мяне звярнуўся і сказаў, што дзяўчынкі ідуць у іншы.

    Я яму адказаў, што я не дзяўчынка. Але хлопчык зноў паўтарыў свае словы. Я некалькі разоў яму сказаў, што я не дзяўчынка. Хлопчык настойваў на сваім. Тады я зняў трусы і спытаў: «Ну цяпер ты разумееш?»

    Як адбылося прызнанне блізкім

    Адкрыта пра сябе Глеб расказаў маці ў 20 гадоў. У гэтым яму дапамог беларускі інтэрнэт-часопіс пра гендар і сэксуальнасць Make­out.

    «Мне здавалася, што я ніколі гэтага не вымаўлю ўслых. Мне здавалася, што я з гэтым памру. Але мяне выратавалі інтэрв’ю на Make­out. Яны друкавалі гісторыі камінг-аўтаў. Мяне вельмі здзівіла, што гэта беларускі часопіс, бо да гэтага мне здавалася, што для Беларусі мая гісторыя чужая. Усё, што я магу, гэта пашукаць у расійскіх крыніцах. А тут я патрапіў на гэты часопіс. Я карміўся гэтымі гісторыямі. Яны былі мне вельмі зразумелымі».

    У інтэрвʼю Глеб згадвае, што аднойчы ён прыехаў дахаты з вучобы і на прапанову мамы паглядзець які-небудзь фільм прапанаваў «Воблачны атлас», створаны трансгендарамі Ланаю і Эндру Вачоўскі. Па словах Сямёнава, мама выдала максімальна ксенафобскі каментар.

    «Неяк слова за слова. Я заўважыў, што праз тое, што мама так да гэтага ставіцца, я шмат не магу ёй пра сябе расказаць. Мама зачапілася за гэтыя словы. Яна ўсё правільна зразумела. Я расказаў, і мы доўга яшчэ з мамай размаўлялі».

    Блогер згадвае, што мама была разбітая такім прызнаннем, але яна здолела сабрацца. У далейшым яна вывучыла шмат інфармацыі па гэтай тэме. Глеб лічыць, што мама яго прыняла, і адзначае, што за гэта вельмі ёй удзячны.

    Гамафобія і стэрэатыпы

    Сямёнаў заўважае, што нельга казаць пра тое, што гамафобію ў Беларусі стварыў Лукашэнка.

    На яго погляд, Лукашэнка банальна не разумее праблемы ЛГБТК у сілу сваёй эрудзіраванасці. «Усё, што невядомае, усё пужае. Таму тут такая рэакцыя — страх перад невядомым», — лічыць Глеб.

    А вось жыццё ў гамафобнай краіне моцна загартавала блогера.

    «Адказнасць у гэтай Беларусі, якая моцна ўскладняе жыццё людзям з фактурнымі адрозненнямі, не толькі на Лукашэнку. Яна і на іншых людзях таксама. Як мне ва ўсім гэтым было? Не ведаю. Але гэта быў добры ўрок. Мяне гэта моцна загартавала. Я ні аб чым не шкадую».

    Глеб Сямёнаў адзначае, што найбольш яго раздражняе распаўсюджанае меркаванне аб тым, што геі павярхоўныя. Але, як ён прызнаецца, ён таксама схільны да такога меркавання, хаця лічыць, што гэта няпраўда.

    «Фокус на цялеснасці, адсутнасць глыбіні і падобнае. Але я дакладна ведаю, што ёсць выключэнні. Гэта не апісвае ўсіх».

    Адносна стэрэатыпа пра тое, што беларусы — талерантная нацыя, Глеб адзначае, што яго досвед сведчыць пра адваротнае, але ён не можа яго распаўсюдзіць на ўсіх.

    «Гэта былі канкрэтныя людзі ў канкрэтным горадзе ў канкрэтны час», — падкрэслівае Сямёнаў.

    Пазней Глеб згадаў нядаўні скандал, звязаны з тым, што ў рэлізе серыяла па гульні The last of us адзін з персанажаў, які моцна падабаўся карыстальнікам гульні, зусім нечакана аказаўся геем.

    «Вось гэтыя цысгендарныя мужчыны не былі гатовыя да таго, што ў серыяле іх любімы персанаж акажацца геем. І вось пачаліся пытанні, навошта аўтарам трэба было яго рабіць гомасэксуальным чалавекам. Ён мог бы працягваць быць гетэрасэксуальным. І ад гэтага сюжэт бы ніяк не змяніўся. Ён не жартуе неяк па-асабліваму, ён не развіты неяк адметна інтэлектуальна, не робіць нечага зверх, — пераказвае Глеб тыя заўвагі і адзначае, што менавіта ў гэтым і ёсць корань зла:

    Навошта нам быць самымі смешнымі, самымі таленавітымі і гэтак далей для таго, каб проста быць?»

    «Мне хацелася б жыць у свеце, у якім мы не сядзім і не абмяркоўваем гэта. Гэта проста такая характарыстыка, якая ўсімі прымаецца па змоўчанні. І болей пра гэта не думаем, таму што ёсць шмат іншых цікавых рэчаў, якія мы маглі б абмеркаваць», — дзеліцца сваімі марамі Глеб.

    Былыя крыўды

    Глеб згадвае, што яму было вельмі балюча, калі яго знаёмыя прасілі не гуляць з імі ў цэнтры горада, а хадзіць па ваколіцах, каб іх не бачылі разам, бо гэта можа адбіцца на іх рэпутацыі.

    Але гэта, адзначае Сямёнаў, не было самым складаным.

    «Мне было цяжка жыць у гэтым горадзе. Там усяго 70 тысяч насельніцтва. Сярод маіх аднагодкаў мяне ўсе ведалі. І гэта не таму, што я хацеў, каб яны мяне ведалі. Гэта было складана. Я не магу справіцца з гэтымі пачуццямі, з крыўдай. Цяпер я не хачу сябе шкадаваць. Мне гэта надакучыла».

    Мінскія гей-клубы

    Блогер адзначае, што яго не прываблівала тусоўка ў адзіным гей-клубе Мінска, і падкрэслівае, што не можа параўнаць гей-клуб у Мінску з іншымі падобнымі клубамі, бо на вечарынкі ходзіць вельмі рэдка. Але ён добра запомніў ахоўнікаў.

    «Ахоўнікі, якія не хавалі сваёй нянавісці да мяне. У іх уяўленні, гей-клуб — пекла для ахоўнікаў. Ахоўнікаў, якія напаскудзілі, пасля смерці накіроўваюць ахоўваць гэты клуб. І яны там сядзяць. А ты адчуваеш сябе поўным г…м, калі туды заходзіш. Ахоўнікі не выглядаюць як людзі, якія будуць цябе абараняць. Яны, хутчэй, будуць сярод тых, хто ў выпадку чаго будзе цябе біць нагамі».

    Падчас размовы Глеб адзначыў, што не раз бачыў сярод наведвальнікаў гей-клуба ў Мінску аднаго з вядомых чыноўнікаў, але адмовіўся назваць яго.

    «На жаль ці на шчасце, ёсць такі персанаж, якога можна там сустрэць, але я не магу здзейсніць аўтынг. Пры ўсім тым, што гэта частка людажэрнай дзяржаўнай машыны. Ты ведаеш, што яны дазваляюць сабе нізкія, мярзотныя ўчынкі. Яны не грэбуюць абсалютна нічым. Здавалася б, гэта развязвае табе рукі. Так можна было б да гэтага аднесціся. Але я не хачу і не буду ладзіць аўтынг».

    Ці праўда, што існуе гей-радар

    Па словах блогера, унутры гей-супольнасці не вельмі вераць у стэрэатып аб тым, што па нейкіх вонкавых прыкметах можна вызначыць сэксуальную арыентацыю:

    «Зразумела, што ты можаш такое дапусціць адносна некага. Але ў маім выпадку гэта столькі разоў давала асечку, што я вырашыў не карыстацца гэтым інструментам».

    Глеб лічыць, што няма нічога лепшага за дарэчнае, тактоўнае і прамое пытанне.

    Гамафобія ў апазіцыі

    На пытанне аб прысутнасці гамафобаў у апазіцыі Сямёнаў заўважыў, што ніколі з праявамі гамафобіі з боку апазіцыі не сутыкаўся. «Яны, магчыма, ёсць, але я не сутыкаўся», — адзначыў Глеб і згадаў пра тое, што нехта знайшоў у «Аднакласніках» старое, 2014 года, гамафобнае выказванне Сахашчыка.

    «Я добра разумею Сахашчыка, разумею, што ён за чалавек. Разумею, што я і такія, як я, людзі для яго — абсалютна іншая планета. У той жа час ён добры і незласлівы».

    Успаміны пра вучобу

    Глеб згадвае, што для яго час вучобы быў вельмі цяжкім, бо было няпроста з аднакласнікамі.

    «Цяпер я разумею, што ў нас было шмат дзіўных гісторый. Я вучыўся ў сёмай школе, якая ўваходзіла ў тройку лідараў. І тут здараецца, што твая аднакласніца ў 9 класе кладзецца ў бальніцу з перадазіроўкай наркотыкаў. Пасля 9 класа некалькі дзяўчат з паралелі ідуць у дэкрэт. Потым нехта кідае хлапушку ў прыбіральні і прыбіральшчыца аддзірае дзярмо са сцяны. Таму мне школа запомнілася кантрастамі»,

    — дзеліцца ўспамінамі Сямёнаў.

    Глеб пасля вучыўся ў Гомельскім інстытуце транспарту, і яму Гомель зусім не падабаўся. Было складана вучыцца, была дэпрэсія. Універсітэт блогер так і не скончыў.

    Глеб адзначае, што быў здзіўлены ступенню адказнасці выкладчыкаў універсітэта.

    «Я паступаў з высокім сярэднім балам на факультэт архітэктуры з вялікімі чаканнямі. Я разумею, што архітэктура — вельмі сурʼёзна. Мы праектуем будынкі. А на важных, профільных парах нам маглі расказваць аб тым, як удала выйсці замуж. І такое паўтаралася».

    Сямёнаў згадвае, што вучыўся ён добра і на трэцім курсе выйшаў на павышаную стыпендыю, але здарыліся падзеі, якія прывялі да таго, што ён кінуў вучобу.

    «Гэта не было падобна да ўсяго майго жыцця — рашэнне спыніцца на палове шляху, калі ёсць добры вынік, якім я магу ганарыцца. Але абставіны тады былі мацнейшымі за мяне», — адзначае Глеб, не раскрываючы таямніцы.

    Пра бацькоў

    Глеб заўважае, што яму вельмі хацелася публічна падзякаваць сваёй маці:

    «Мая мама — вялікая жанчына. Яна зрабіла неверагоднае. Яна была абсалютна адна, і яна гераіня. У гэтым я нават не сумняваюся».

    Свайго бацьку Сямёнаў не ведае. Але памятае адзіную сустрэчу ў чатырохгадовым узросце: «Я памятаю, што прыязджае тата. Я бачу яго ўпершыню, але аднекуль разумею, што гэта мой тата. Можа, ён неяк дае мне гэта зразумець. Я памятаю, што бег да яго ў абдымкі. Памятаю, што ён прынёс мяне ў кватэру і падарыў мне баксёрскую грушу».

    Глеб гаворыць, што яму ўвесь час здаецца, што бацька яму напіша:

    «Раптам ён пабачыць мой Tik­Tok, пазнае мяне і напіша. Але я не буду адказваць на яго паведамленні. Той час, калі ён мог мяне знайсці, ужо мінуў. І цяпер гэта не патрэбна».

    Нягледзячы на тое, што Глеб рос толькі з маці, па яго словах, ён ніколі не адчуваў сябе абдзеленым.

    «Мне ніколі не было сорамна сказаць, што я з няпоўнай сямʼі. Я дзівіўся, калі быў у знаёмых і бачыў у іх бацьку. Для мяне бацька быў трэцім лішнім. Мне было абсалютна камфортна, і здавалася, што ў мяне ёсць абсалютна ўсё. І толькі цяпер я разумею, якімі сіламі гэта было арганізавана».

    Глядзіце цалкам:

    Чытайце яшчэ:

    «Мы цалкам салідарныя з нашымі адважнымі калегамі!» МФЖ падхапіў эстафету падтрымкі палітзняволеных журналістаў

    Раскамнагляд аштрафаваў Telegram за адмову выдаліць пэўныя медыяканалы. Сярод іх — ТГ «Радыё Свабода»

    «Айфоны калег ускрылі спецыяльнай прыблудай на раз-два». Аповед журналістаў, чыю рэдакцыю знішчылі два месяцы таму

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці