• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Глыбоцкая суполка ГА “БАЖ” сумесна з курсамі “Мова Нанова» зладзіла сустрэчу з этнографам Алегам Рудаковым

    Сустрэчу з этнографам і гісторыкам Алегам Рудаковым і яго жонкай Воляй Галанавай зладзіла глыбоцкая суполка ГА “БАЖ” сумесна з курсамі “Мова Нанова”.

    Алег Рудакоў вядомы беларускай супольнасці тым, што ён доўгі час працаваў у Іркуцку (Сібір), дзе пры яго падтрымцы было створана некалькі беларускамоўных суполак і музычных калектываў. Усяго ў Іркуцкай вобласці  іх налічваецца цяпер 29. Яго жонка Воля Галанава ўзначальвала там беларускі клуб “Крывічы”. Ён займаўся адраджэннем аўтэнтычных беларускіх песень і танцаў і праводзіў разнастайныя традыцыйныя беларускія святы.

    Зараз сямейная пара вярнулася на малую радзіму Алега Рудакова — у вёску Бяздзедавічы Полацкага раёна. Спрабуюць ператварыць бацькоўскую хату Алега ў этнаграфічны музей і займаюцца гаспадарчымі працамі. Ды і тут шчыруюць на ніве беларушчыны: далучыліся да полацкага гурта “Варган”, а таксама ўдзельнічаюць ва ўсіх беларускіх імпрэзах, якія ладзяцца ў наваколлі.

    Алег Рудакоў сам выказаў жаданне наведаць Глыбокае, бо яму падабаецца гэты горад з яго цікавай гісторыяй і цудоўнымі людзьмі.

    Падчас імпрэзы ў Глыбокім Алег Рудакоў і Воля Галанава распавялі пра сваю дзейнасць у Сібіры, этнаграфічныя экспедыцыі і жыццё тамашніх беларускіх вёсак. Прэзентавалі свае дыскі з беларускімі песнямі і танцамі, якія запісалі ад беларускіх старажылаў у Іркуцкай вобласці і кнігу «Нарысы, апавяданні і казкі беларусаў Іркуцкай вобласці». Таксама выступоўцы праспявалі некалькі беларускіх песень, якія яны запісалі ў экспедыцыях.

    У другой частцы імпрэзы сямейная пара вучыла прысутных танчыць беларускія танцы, якія яшчэ памятаюць у Сібіры, сярод якіх “Полька задам”, “Марынінскі кракавяк”, “Лявоніха ў тройках” і г. д.

    Перад прысутнымі напрыканцы імпрэзы выступілі і запрошаныя госці з Лепельшчыны і Глыбоччыны Васіль Шкіндзер і Даніла Ермаковіч. Яны сыгралі на скрыпцы, дудзе і акардэоне. А пасля паказалі характэрныя для іх мясцовасці беларускія танцы.

    Паводле ўдзельнікаў, сустрэча атрымалася насычанай, карыснай і душэўнай. Госці выказалі жаданне збірацца часцей у такім сяброўскім коле.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці