Гомельскага журналіста Андрэя Толчына арыштавалі паўторна
Пра суд над былым палітзняволеным гомельскім відэааператарам Андрэем Толчыным паведаміла «Гомельская Вясна».
Як сцвярджаюць праваабаронцы, 5 снежня адбыўся суд над былым палітзняволеным журналістам Андрэем Толчыным.
Працэсам, які адбываўся ў судзе Савецкага раёна Гомеля, кіраваў суддзя Мохараў.
Праваабаронцы мяркуюць, што Андрэй Толчын знаходзіцца пад арыштам па частцы 2 артыкула 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі).
Справа Андрэя Толчына
Да затрымання і зняволення Андрэй Толчын у якасці відэааператара цягам апошніх гадоў супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі Гомельшчыны. За гэта яго шмат разоў судзілі, штрафавалі і адпраўлялі «на суткі» па адміністрацыйных абвінавачваннях. У 2020 годзе Толчына прыцягвалі да адказнасці за прафесійную дзейнасць — за асвятленне паслявыбарчых пратэстаў у рэгіёне. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, ён разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай нібыта браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Першы раз журналіст-фрылансер быў асуджаны да двух з паловай гадоў зняволення ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ён адбываў прысуд у магілёўскай ПК-15. 21 сакавіка 2024 года суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Казлоў прызнаў журналіста-фрылансера вінаватым паводле часткі 1 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і часткі 2 артыкула 367 Крымінальнага Кодэкса (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
31 траўня імя і прозвішча журналіста з’явілася ў пераліку «асобаў, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў РБ.
16 верасня 2024 года спадар Толчын выйшаў на волю. Ён трапіў у лік 37 чалавек, памілаваных паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі.