• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гомельскі гарвыканкам не дазволіў філіі ГА “БАЖ” арандаваць памяшканне

    Прадаставіць у арэнду для юрыдычнага адрасу частку капітальнага будынку на пл. Паўстання ў Гомелі “не ўяўляецца магчымым”. Пра гэта піша намесніца старшыні Гомельскага гарвыканкама па ідэалогіі Аксана Рудзянок у лісце ад 16 лютага 2016 года на запыт гарадской арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Паводле ідэолага, балансатрымальнік –  Гомельскі цэнтральны спартыўны комплекс – “усе памяшканні ў цяперашні час выкарыстоўвае для асабістых патрэб”.

    “Для разгляду і падбору іншых прымальных варыянтаў прапануем вам азнаёміцца з інфармацыяй пра іншыя свабодныя аб’екты са складу камунальнай уласнасці г. Гомеля, якія прапануюцца для здачы ў арэнду і размешчаны ў сетцы Інтэрнэт на сайце Гомельскага гарвыканкама”, – гаворыцца ў лісце.

    “Наша філія акурат і прасіла гэтае памяшканне, бо яно працяглы час фігуравала на сайце гарвыканкама як памяшканне для арэнды, – кажа старшыня Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Анатоль Гатоўчыц. – З юрысконсультам спартовага комплексу мы агледзелі яго, а ў бухгалтэрыі высветлілі кошт арэнды, пасля чаго накіравалі ліст у гарвыканкам па дазвол на арэнду. Гарвыканкаму варта было б разабрацца, чаму дырэкцыя комплексу (ці сам гарвыканкам як распараджальнік гарадской маёмасці) уводзіць у зман патэнцыйных арандатараў”.

    Да апошняга часу Гомельская філіія арандавала пад юрыдычны адрас тры квадратных метры ў пад’ездзе жылога дома па вуліцы Кірава, 28, які належыць КЖРЭУП “Цэнтральнае”. Арэнда была ўзгоднена ў свой час з гарадскім аддзелам МНС, цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, а таксама з жыхарамі дома. Аднак напрыканцы мінулага года на падставе распараджэння гарвыканкама камунальнае прадпрыемства стала патрабаваць ад арандатараў распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі і пераабсталявання займаных плошчаў пад офісы.

    Рабіць офіс філіі ў пад’ездзе дома не выпадала. Не мае магчымасці грамадская арганізацыя арандаваць і вялікія плошчы. ГА “БАЖ” не можа займацца камерцыйнай дзейнасцю, а грамадскім арганізацыям улады здаюць памяшканні ў арэнду па камерцыйных коштах.

    “Мы таму і шукалі ў спісе гарвыканкама невялікае памяшканне, што ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ніякіх ільготаў на арэнду не мае. У спартовым комплексе, дзе мы прасілі дазвол на арэнду, прапаноўваліся два невялічкія памяшканні. Як мне патлумачылі, іх раней арандавала мясцовая арганізацыя таварыства “Веды”. Пасля спынення дамовы спартовы комплекс прапанаваў іх для арэнды”, – дадае кіраўнік гомельскай філіі ГА “БАЖ”.

    Раней рэгістраваць грамадскія арганізацыі можна было нават на прыватных кватэрах. Паўтара дзясятка гадоў таму улады скасавалі гэтую норму, запатрабаваўшы ад афіцыйна зарэгістраваных  грамадскіх арганізацый мець арандаваныя нежылыя памяшканні.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці