• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хто тая вядоўца БТ, што бярэ інтэрв’ю ў палітвязняў і просіць іх выбачацца ў эфіры

    Нядаўна яна выпусціла два такіх інтэрв'ю — з былым актывістам «Еўрапейскай Беларусі» і «Моладзі БНФ» Арсенем Дзядком, які сядзіць на «хіміі», і Раманам Пратасевічам пасля ягонага памілавання. Расказваем, што гэта за жанчына і хто яе не просты муж, піша «Наша Ніва».

    Гэтай радыкальна афарбаванай бландзінцы 45 гадоў. Родам Алеся Высоцкая з Докшыцаў. 

    Пасля школы пераехала ў Мінск і паступіла на журфак БДУ. Пачынала невялікімі падпрацоўкамі ў газетах і на радыё, але адразу пасля ўніверсітэта ў 2000‑м — гэта быў год пасля знікнення Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара — пайшла вядоўцай на дзяржаўнае тэлебачанне.

    Падчас вучобы ва ўніверсітэце яна выйшла замуж за Аляксандра Высоцкага (ніжэй мы раскажам, хто ён такі) і ўзяла ягонае прозвішча. 

    Узнагарод Высоцкая за 23 гады працы сабрала дастаткова. Да прыкладу, у 2014‑м яе адзначылі на конкурсе «Тэлевяршыня». Яна рабіла фільм «Сацыяльныя клеці», які паказвалі на фестывалі «Еўразія.Док» у 2018‑м. Таксама жанчына вяла рэпартаж з праўладнага жаночага канцэрта ў 2020‑м. А ў конкурсе да Года народнага адзінства ў 2021‑м атрымала прыз у намінацыі «Песні нашага краю».

    Яна, сярод іншага, старшыня Саюза жанчын у Белтэлерадыёкампаніі, псеўдаграмадскай арганізацыі, аналага БРСМ для моладзі, толькі па палавой прыкмеце.

    Цяпер Высоцкая робіць інтэрв’ю з палітвязнямі, якіх прымусілі выбачацца і каяцца. У інтэрв’ю паказаныя «шчаслівы» памілаваны Пратасевіч і «задаволены» Арсень Дзядок, якому за патрабаванне свабодных выбараў і сумленнага падліку галасоў прысудзілі тры гады «хіміі».

    У Арсеня яна з’едліва пытаецца, «ці іншы смак чаю ў месцы несвабоды» і «ці могуць быць патрыётамі тыя, хто з’ехаў з Беларусі».

    Запіс такіх відэа ў месцах пазбаўлення ці абмежавання волі курыруюць спецслужбы, пагражаючы спагнаннямі і ўзмацненнем пакарання або, наадварот, спакушаючы паляпшэннем умоў.

    З Пратасевічам інтэрв’ю адбылося на наступны дзень пасля ягонага памілавання Лукашэнкам. Высоцкая ў кадры вядзе іншую гульню. Яна выслухоўвае суразмоўца нібы са спагадай, але мякка падводзіць да патрэбных высноў.

    «Вы згодны з прэзідэнтам, што гэта час магчымасцяў?» — пытаецца яна ў Пратасевіча пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі.

    У канцы гэтага сюжэта на фоне кадраў з горада гучыць спакойная музыка, нібы падкрэсліваючы, як «спакойна» жыць пры лукашэнкаўскай уладзе.

    Муж у Высоцкай не просты. Ëн палкоўнік міліцыі. Мае медалі «За бездакорную службу» III і II ступеняў, а таксама медаль «За службу радзіме» III ступені.

    Апошнюю яму ўрачыста ўручыў сам Аляксандр Лукашэнка. Тады палкоўнік Высоцкі быў начальнікам аддзела Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС.

    Пад яго кіраўніцтвам была канфіскаваная найбольшая ў гісторыі Беларусі партыя гераіну ў 550 кілаграмаў, якая мусіла пайсці з Афганістана ў Беларусь. «Гэтая аперацыя выратавала дзясяткі тысяч жыццяў не толькі ў Беларусі, але і ў краінах Еўропы і Азіі», — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.

    Пасля гэтага Высоцкага чакала павышэнне. Ëн стаў намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС.

    Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі выбары суправаджаліся нерэгістрацыяй і арыштамі праціўнікаў Лукашэнкі і назіральнікаў на выбарчых участках. Нягледзячы на гэта, Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграваў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады. 

    З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

    За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі. Сістэмны характар набылі катаванні палітзняволеных.

    Ні пра што гэта ў сваіх праграмах Алеся Высоцкая не гаворыць. Яна абмяжоўваецца размовамі з тымі нешматлікімі палітвязнямі, каго сістэме ўдалося зламаць.

    Чытайце яшчэ: 

    «Я нават не заўважыла, як стала прычынай усіх мужавых няшчасцяў». Калегі расказалі аб сямейных праблемах у міграцыі

    «Медиа усиливают эффект поляризации общества». Как проходила защита дипломов в ЕГУ

    Тэлеграм-каналы якіх СМІ карыстаюцца найбольшай папулярнасцю

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці