• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    І ў эфіры прагучала сцэна згвалтавання. Або як гісторыя з радыёпастаноўкі выйшла ў рэальны свет

    Гэтымі днямі Беларусь наведвала кіраўніца аддзела радыёпастановак BBC Элісан ХІНДЭЛ. Падчас сустрэчы ў Мінску яна распавяла, як драматургічная радыёпастаноўка можа стаць сродкам інфармавання людзей пра такую табуяваную праблему як хатні гвалт.

    Для агульнай карціны варта распавесці, што BBC транслюе радыёпастаноўкі ад 1920 года. Гэты жанр карыстаецца вялікай папулярнасцю ў слухачоў. Штодня BBC пускае ў эфір тры радыёпастаноўкі, аўдыторыя кожнага эфіру складае больш за мільён чалавек, а колькасць насельніцтва ў Вялікабрытаніі — каля 65 млн чалавек. Вось што азначаюць традыцыі і звычкі.

    Элісан Хіндэл (Ali­son Hin­dell) за час працы на BBC паставіла больш за 270 радыёспектакляў.

    Яна адзначае, што радыёпастаноўка — найбольш інтымная форма камунікацыі паміж радыёвяшчальнікам і аўдыторый. Бо перажыванні кожнага слухача ўнікальныя і залежаць толькі ад голасу, які яны чуюць, ды іх уласнага ўяўлення.

    Элісан Хіндэл распавяла, што цяпер расце попыт на размоўныя праграмы. Людзі цікавяцца тым, што адбываецца ў свеце, хочуць ведаць ацэнкі і прагнозы падзей. І менавіта немузычныя праграмы даюць такую інфармацыю. Разам з тым моладзь, падлеткі ў Вялікабрытаніі амаль не слухаюць радыё. Для іх крыніцамі інфармацыі ёсць сацыяльныя сеткі, Youtube, Snapchat.

     

    Ад праекту для фермераў да сацыяльнага рупару

    Спадарыня Элісан шмат год працуе над цікавым радыйным праектам, які называецца “Арчэры” (The Archers). Гэта сапраўдная з’ява ў свеце радыёпастановак. Радыйнаму серыялу “Арчэры” ўжо 66 год! Выходзіць радыёпастаноўка 6 разоў на тыдзень. Аўдыторыя кожнай серыі прыкладна 5 млн чалавек. Кожная серыя выходзіць а 19.15 ўвечары і назаўтра паўтараецца а 14.15. Адна серыя радыёпастаноўкі доўжыцца 14 хвілін.

    Гісторыя стварэння гэтай радыёпастаноўкі даволі займальная. Радыйны серыял быў запушчаны з ініцыятывы брытанскага ўраду. У 1951 годзе Брытанія ўсё яшчэ знаходзілася ў няпростым стане пасля Другой сусветнай вайны. Адчуваўся дэфіцыт прадуктаў. І служба BBC узяла на сябе місію стварыць праект, які б папулярызаваў сярод фермераў мадэрнізаваныя метады працы, каб павялічыць аб’ёмы вытворчасці прадуктаў харчавання. Прыдумалі радыёпастаноўку пра сям’ю фермераў, дзе былі інфармацыя і рэкамендацыі для фермераў, моцныя персанажы, займальны сюжэт.

    Радыйны серыял стаў надзвычай папулярным, і да гэтага часу, як бачым, збірае вялікую аўдыторыю. Сапраўдны доўгатэрміновы медыйны праект.

    Прычыны такой папулярнасці Элісан Хіндэл бачыць найперш у тым, што сцэнарысты ўплятаюць у драматургію актуальныя праблемы часу: наркаманія, незаконнанароджаныя дзеці (гэтая тэма была ўведзеная ў сюжэт у другой палове 20 стагоддзя), анкалогія, страта грошай ці наадварот рэзкае ўзбагачэнне, у бліжэйшы час будзе ўводзіцца сюжэтная лінія пра Brex­it. Увогуле сцэнарысты прадумваюць павароты сюжэту на 3–5 год наперад!

    “Людзі адразу разумеюць пра што размова, усё апавядаецца простымі словамі. Для кожнага слухача героі гэтай драмы блізкія”, — тлумачыць Элісан Хіндал.

    Актрыса Джун Спенсэр (June Spencer), якая хутка адзначыць 100-гадовы юбілей і ўсё яшчэ працуе ў гэтай радыёпастаноўцы, расказвала, што яшчэ падчас яе кастынгу кіраўніцтва BBC адзначала: ад акцёраў чакаюць, што яны стануць галасамі рэальных людзей. Гэта як бы дазволіць падслухаць, што адбываеца ў жыцці герояў.

    June Spencer Photo: Getty

    Аднойчы перад сцэнарыстамі паўстала задача раскрыць у радыёпастаноўцы тэму гвалту. У іх руках былі серыял, гісторыя, персанажы, фармат, аўдыторыя.

    Адзін з галоўных пастаноўшчыкаў вырашыў паказаць гвалтоўны кантроль. У Брытаніі яго называюць яшчэ “газавае святло” (Gaslight). Назва ідзе ад п’есы Gaslight, у якой муж метадам маніпуляцый паступова пераконваў жонку, што яна звар’яцела.

    “Мяркую, радыёпастаноўкі, драма здольныя данесці да слухача і раскрыць нейкую тэму значна глыбей за звычайную журналістыку. Бо журналісты працуюць з фактычным матэрыялам. А драматургія дазваляе раскрываць факты праз эмоцыі, гэта больш эфектыўна, так можна дагрукацца да аўдыторыі”, — адзначае Элісан Хіндэл.

     

    Сюжэтная лінія псіхалагічнага гвалту

    У радыйным серыяле з’явіўся новы персанаж Роб, які прыехаў у вёску Эмбрыдж па працы. Ролю гэтага персанажа адмыслова выконваў актор, у якога быў голас, што выклікае давер. Так здараецца і ў рэальным жыцці…

    Персанаж гераіні Хелен Арчар заводзіць з ім адносіны. Гэтая жанчына ўжо мела эмацыйныя праблемы, у яе былі няўдалыя адносіны, дзіця. Спачатку Хелен здавалася, што Роб — ідэальны мужчына, за выключэннем таго, што ён на момант знаёмства быў жанаты.

    Гісторыю ўзаемаадносінаў гэтых персанажаў развівалі цягам трох гадоў! Паказвалі, як Роб заваёўваў давер жанчыны, як яны ўрэшце ажаніліся. Затым Роб пачаў паступова наступаць на асабістую прастору Хелен, абмяжоўваць яе свабоду, доступ да грошай, кантраляваць яе стасункі з роднымі і сябрамі.

    І ў выніку ўсё жыццё Хелен стала падуладным Робу. Быў паказаны эпізод, у якім Роб хоча сумеснае дзіця, але Хелен да гэтага яшчэ не надта гатовая. І адбываецца сцэна, якая фактычна дэманструе згвалтаванне.

    Гэты сюжэт у серыяле “Арчэры” супаў па часе з прыняццем ва ўрадзе закона пра крыміналізацыю псіхалагічнага гвалту. І гісторыя з радыёпастаноўкі вылілася ў рэальнасць, яе абмяркоўвалі, пра яе пісалі журналісты. Радыёпастаноўка праілюстравала сутнасць заканадаўчага акта.

    Кульмінацыйны момант сюжэта — сварка герояў у прыстнасці малога сына Хелен і яе напад на Роба з нажом. Паводле сюжэта Хелен шэсць месяцаў правяла ў турме, там жа і нарадзіла дзіця.

     

    Радыёпастаноўка выйшла ў жыццё

    Радыёпастаноўка з сюжэтнай лініяй Роба і Хелен гучала ў эфіры ў 2013–2016 гадах. Паводле сцэнару, увосень 2016 года Хелен апраўдалі за напад на мужа. Гэта таксама шмат абмяркоўвалі ў грамадстве з пункту правапрымяняльнай практыкі ў падобных выпадках.

    Элісан Хіндэл падкрэслівае, што слухачы моцна суперажывалі гераіні. Нехта стварыў адмысловы сайт, праз які збіралі грошы ахвярам гвалту. Было сабрана каля 50 тысяч фунтаў. А адзін чалавек у водгуках прызнаўся, што, дзякуючы гэтай радыёпастаноўцы, пабачыў у сваіх паводзінах прыкметы гвалтоўнага кантролю ды вырашыў звярнуцца да псіхолага.

    Мноства ахвяр хатняга гвалту пісалі ў рэдакцыю ВВС, каб сказаць, як важна для іх было пачуць гэтую гісторыю і даведацца, што яны не самотныя. Колькасць званкоў у адпаведныя дабрачынныя арганізацыі павялічылася ў тысячы разоў, і многія адважыліся вырвацца з заганнага кола і пачаць новае жыццё.

    Таксама пастаноўка “Арчэры” стала галоўнай падзеяй прыёму, арганізаванага герцагіняй Карнуольскай для ахвяр хатняга гвалту. Заўважнай была і кампанія Sol­i­dari-tea, у адказ на якую ў Twit­ter з’явілася 15 000 паведамленняў, прычым 68 % твітаў апублікавалі людзі ва ўзросце да 35 гадоў, а гэта не звычайная аўдыторыя Радыё 4 ВВС, на якім і транслюць радыйны серыял.

    Цяпер у Беларусі тэма хатняга гвалту таксама выйшла ў спіс актуальных. На пачатку года стала вядома, што МУС Беларусі рыхтуе новы закон супраць хатняга гвалту.  Чакаецца, што ўжо сёлета  МУС прадставіць праект закона, у якім будуць акрэсленыя паняцці «эканамічны гвалт», «пераслед», «дамаганне».

    Сустрэча з Элісан Хіндэл была падрыхтаваная Амбасадай Вялікабрытаніі ў Беларусі і Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці