• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 25.05–14.06.2015 г.

    Рэкордная колькасць судоў з удзелам журналістаў і рэкордны штраф аднаму з іх за парушэнне арт. 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, а фактычна – супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі). У Гомелі фрылансерку Наталлю Крывашэй аштрафавалі на 9 мільёнаў рублёў (больш за 500 еўра, максімальна магчымы па гэтым артыкуле штраф) за падрыхтоўку сюжэта для “Белсату”. Гэта 21-ы па ліку штраф журналістам у 2015 г. за парушэнне арт. 22.9 ч. 2 КаАП. Агульная іх сума складае больш за 108 млн рублёў (больш за 6 тыс. еўра).

    26 мая гродзенскія сябры ГА “БАЖ” Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў атрымалі з Гродзенскага абласнога суда пастанову аб адхіленні іх касацыйнай скаргі на рашэнне суда першай інстанцыі. Сам разгляд адбываўся 19 мая, але журналісты з розных прычын не змаглі прысутнічаць на пасяджэнні.

    Нагадаем, 22 красавіка суддзя Ленінскага райсуда Гродна Алена Пятрова прызнала Кіркевіча і Дзянісава вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП за тое, што яны зрабілі для тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Суд пастанавіў спагнаць з кожнага штраф у памеры 20 базавых велічынь. Журналісты намераныя абскарджваць гэтае рашэнне ў вышэйшых судовых інстанцыях.

    28 мая на ўкраінска-беларускай мяжы ў пункце пропуску Новая Гута беларускія памежнікі затрымалі гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, які вяртаўся з Чарнігава. Спачатку, забраўшы пашпарты для праверкі, журналіста і яго спадарожнікаў трымалі каля дзвюх гадзін без тлумачэння прычын. Потым паведамілі, што яны затрыманыя, і загадалі выключыць мабільныя тэлефоны. Правялі асабісты дагляд, агледзелі аўтамабіль. Па словах памежнікаў, яны шукалі “антыканстытуцыйную літаратуру і носьбіты інфармацыі». Такія праблемы на мяжы пры вяртанні з Украіны Жукоўскі мае ўжо трэці раз за апошнія 2 месяцы.

    28 мая стала вядома, што ў Магілёве па скарзе журналіста Уладзіміра Лапцэвіча прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці чыноўніка. Журналіст паскардзіўся ў міліцыю, што галоўны спецыяліст Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Яўген Нальгачаў не прадаставіў яму Кнігу скаргаў і прапаноў. Па выніках праверкі Ленінскім РАУС Нальгачава згодна з арт. 9.24 КаАП аштрафавалі на 4 базавыя велічыні. Паводле пададзенага Нальгачавым хадайніцтва, ён сваю віну прызнаў і прасіў разгледзець справу без яго.

    У снежні 2014 г. Я. Нальгачаў ужо атрымліваў заўвагу за тое, што адмовіўся прадаставіць журналісту Кнігу заўваг і прапановаў пасля таго, як не дапусціў Лапцэвіча на сесію Магілёўскага аблсавета. Нагадваем, ужо некалькі месяцаў карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч спрабуе патрапіць на адкрытыя пасяджэнні Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, аднак яму адмаўлялі ў гэтым, спасылаючыся на адсутнасць у спісе запрошаных.

    29 мая рэдакцыя недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Intex-press” паведаміла пра тое, што на журналісцкі пісьмовы запыт мясцовы чыноўнік – начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Баранавіцкага гарвыканкама Андрэй Сямашка – даслаў здзеклівую адпіску.

    Карэспандэнт “Intex-press” Таццяна Некрашэвіч, працуючы над важнай для горада тэмай рассялення жыхароў старых баракаў, даслала чыноўніку шэраг дакладна сфармуляваных пытанняў.

    Рэдакцыя прыводзіць некалькі выбітных адказаў службоўцы:

    – Якая колькасць сем’яў не пагадзілася выехаць з баракаў на ўмовах, прапанаваных гарвыканкамам?

    – Некаторыя грамадзяне ў цяперашні час не жадаюць перасяляцца са сваіх жылых памяшканняў.

    – Якая колькасць сем’яў яшчэ не атрымала грашовую кампенсацыю за ўласнае жылое памяшканне? Па якіх прычынах жыхары не атрымалі гэтых грошай?

    – Не ўсе сем’і атрымалі грашовую кампенсацыю за іх кватэры, бо сума сродкаў, прадугледжаная на першы квартал 2015 года для выплаты кампенсацыі, цалкам выдаткаваная.

    – Якая колькасць сем’яў з баракаў выказалі згоду пераехаць у арэнднае жыллё?

    – Усе грамадзяне, якія жадалі перасяліцца, атрымалі жылыя памяшканні ў пабудаваным шматкватэрным жылым доме №14 па вуліцы Марфіцкага і Жураўлевіча.

    Адметна, што начальнік аддзела ЖКГ Баранавіцкага гарвыканкама Андрэй Сямашка раней ўжо ігнараваў пісьмовыя запыты “Intex-press”, перадаваў адказы на іх у раённую газету.

    29 мая Брэсцкі абласны суд (суддзя Наталля Сурма) адхіліў касацыйную скаргу журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай, якая прасіла адмяніць рашэнне Ленінскага райсуда Брэста і накіраваць яе справу на новы разгляд.

    Нагадаем, Тамару Шчапёткіну 27 красавіка аштрафавалі па арт. 22.9 ч. 2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) на 40 базавых велічыняў (7 млн 200 тыс. рублёў). Падставай для складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні з’явілася тое, што ў студзені журналістка нібыта зрабіла інтэрв’ю з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам, якое пазней з’явілася на інтэрнэт-старонцы “Беларускага Радыё Рацыя”. Журналістка аспрэчвала як сам факт таго, што рабіла ў той дзень інтэрв’ю, так і далейшае з’яўленне яго ў Інтэрнэце.

    1 чэрвеня ў Брэсце на сябраў ГА “БАЖ”, фрылансераў Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука напаў невядомы. Інцыдэнт здарыўся, калі ў мясцовай краме журналісты здымалі відэасюжэт пра зняцце з вітрын тытунёвых вырабаў пасля “Дня без тытуню”. Вакол камеры пачаў скакаць хлопчык, замінаючы здымаць. Мілана Харытонава зрабіла яму заўвагу, пасля чаго ўсчаў канфлікт бацька дзіцяці. Па словах А. Ляўчука, ён паводзіў сябе агрэсіўна – хапаў рукамі штатыў, піхнуў журналіста на зямлю, а пасля выклікаў міліцыю. Паколькі ў Міланы Харытонавай не аказалася пры сабе дакументаў, абодвух журналістаў завезлі ў Маскоўскі РАУС Брэста для высвятлення асобаў. Прыкладна праз гадзіну, пасля апытання наконт абставінаў інцыдэнту, журналістаў адпусцілі без складання пратаколаў. Пазней стала вядома, што нападнік – былы міліцыянт.

    1 чэрвеня суддзя суда Дзяржынскага раёна Іна Шайко пастанавіла аштрафаваць журналістаў Вольгу Чайчыц і Сяргея Краўчука на 30 базавых велічыняў кожнага (па 5 млн 400 тыс. рублёў). Абодвух абвінавацілі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Падставай для складання пратаколаў стаў сюжэт з Фаніпалю (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) пра нядопуск здымачнай групы на грамадскае абмеркаванне генеральнага плану забудовы горада. Фаніпальская міліцыя раздрукавала тэкст і выявы сюжэта з сайта “Белсат” і звінаваціла журналістаў у працы без акрэдытацыі на замежны СМІ – тэлеканал “Белсат”.  

    Вольга Чайчыц заявіла ў судзе, што толькі збірала інфармацыю, але не размяшчала яе на сайце «Белсата», бо не з’яўляецца супрацоўніцай ні гэтага, ні якога-кольвек іншага СМІ. Таму лічыць, што абвінавачваць яе ў “вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” недарэчна.

    Журналістаў, якія прыехалі асвятляць судовы працэс Чайчыц і Краўчука, у залу суда дапусцілі, але суддзя забараніла весці фота- і відэаздымкі і адхіліла хадайніцтва Вольгі Чайчыц пра вядзенне працэсу па-беларуску.

    3 чэрвеня суд Ленінскага раёна Брэста (cуддзя Дзмітрый Шурын) аштрафаваў незалежную журналістку Аліну Літвінчук агулам на 60 базавых велічынь за падвойнае парушэнне заканадаўства аб СМІ. У судзе разглядаліся адразу дзве адміністрацыйныя справы журналісткі паводле арт. 22.9 ч.2 КаАП. Падставай для судовага пераследу сталі дзве публікацыі на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”: інтэрв’ю з прадпрымальніцы на дабрачынным кірмашы і інтэрв’ю з настаўніцай Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

    У судзе фігуравалі раздрукоўкі згаданых матэрыялаў, таксама ў суд у якасці сведак выклікалі абедзвюх суразмоўцаў журналісткі. Яны паведамілі, што мелі гутаркі з супрацоўнікамі КДБ ў справе іх кантактаў з Літвінчук. У сваёй пастанове суддзя Шурын таксама абапіраецца на “інфармацыю начальніка УКДБ па Брэсцкай вобласці”.

    12 чэрвеня Аліна Літвінчук накіравала касацыйную скаргу ў Брэсцкі аблсуд, каб аспрэчыць вынесены ёй штраф.

    4 чэрвеня Мінскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу рэдакцыі газеты “Борисовские новости” і аўтаркі ліста ў рэдакцыю. Яны дамагаліся перагляду рашэння суда першай інстанцыі, які задаволіў зыск участковай медсястры аб абароне дзелавой рэпутацыі і спагнанні грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.

    Нагадаем, 25 красавіка суд Барысаўскага раёна задаволіў пазоў участковай медсястры Панцялей Е.С. да “Борисовских новостей” і аўтаркі ліста ў рэдакцыю Казлоўскай Л. аб абароне дзелавой рэпутацыі і спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды. Суддзя Інна Войтка прызнала не адпаведнымі рэчаіснасці і ганебнымі для дзелавой рэпутацыі пазоўніцы звесткі, распаўсюджаныя ў артыкуле пад загалоўкам “Кто виноват в смерти пациента 2‑ой поликлиники?”, апублікаванай 24 снежня 2014 г. у выпуску “БН” № 52.

    4 чэрвеня суд Крычаўскага раёна (суддзя Кацярына Шматкова) спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні да выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава ў сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення яго да адміністрацыйнай адказнасці. Тэрмін скончыўся 4 чэрвеня 2015 г. а 13‑й гадзіне.

    У. Кудраўцава абвінавачвалі ў паклёпе на оперупаўнаважанага Крычаўскага РАУС Аляксандра Дзямешку.

    У паўторным адміністрацыйным пратаколе, складзеным 25 мая, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС падпалкоўнік Вусік пісаў, што Кудраўцаў падрыхтаваў “заведама ілжывую ганебную выдумку” ў дачыненні да А. Дзямешкі. А менавіта – даў на сайт spring96.org для публікацыі інфармацыю, што той пагражаў яму крымінальнай справай. (У матэрыяле гаварылася пра спробы Кудраўцава прыцягнуць да адказнасці начальніцу аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыну Максімаву. Згадваўся ў тэксце і оперупаўнаважаны А. Дзямешка, які праводзіў праверку па заяве Уладзіміра Кудраўцава.) Кудраўцаў сваёй віны не прызнаў і сцвярджаў, што паклёпу не распаўсюджваў.

    5 чэрвеня суд Буда-Кашалёўскага раёна разгледзеў адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Наталлі Крывашэй. Абодвух прызналі вінаватымі ў парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) і аштрафавалі на 20 базавых велічыняў кожнага (3 млн 600 тыс. рублёў). Падставай для складання міліцэйскіх пратаколаў стала падрыхтоўка журналістамі відэасюжэту пра знос дамоў у Буда-Кашалёве напярэдадні “Дажынак”. Пазней сюжэт выкарыстаў тэлеканал “Белсат”. Суд адбыўся без удзелу журналістаў: К. Жукоўскі не ведаў пра пасяджэнне, а Н. Крывашэй па тэлефоне запрасілі на суд за некалькі гадзін да разгляду справы.

    8 чэрвеня сябра ГА “БАЖ” Паўла Дайліда выклікалі ў пракуратуру Івацэвіцкага раёна і ўручылі пісьмовае папярэджанне “аб недапушчальнасці здзяйснення правапарушэнняў”. Дакумент падпісаны намеснікам пракурора Сяргеем Жуковічам.

    У ім паведамляецца, што раённая пракуратура ладзіла праверку паводле інфармацыі Бярозаўскага РАУС і прыйшла да высновы, што Павел Дайлід парушыў Закон “Аб СМІ”. Гаворка ідзе пра змешчаную на інтэрнэт-старонцы Радыё “Свабода” аўтарскую публікацыю “Бунт у Спораве: сяляне патрабуюць вярнуць ім возера”.  

    “Той матэрыял пра Спораўскае возера выклікаў шырокі рэзананс. Я лічу, што атрымаць пракурорскае папярэджанне за яго – ушанаванне маёй працы, бо і такім чынам улады заўважаюць незалежную журналістыку”, – жартуе івацэвіцкі журналіст.

    9 чэрвеня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алеся Осіпава пакарала журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага адміністрацыйным штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (5 млн 4 тыс. рублёў) за незаконны выраб прадукцыі СМІ (22.9 КаАП).

    Падставай стаў адміністрацыйны пратакол, падпісаны начальнікам аддзела грамадскага правапарадку і прафілактыкі Цэнтральнага РАУС Гомеля Юрыем Паніным. Паводле пратакола, 15 красавіка на тэлеканале «Белсат» быў паказаны сюжэт пад назвай «Самагубства выкладчыцы». Міліцыянт даводзіў, што “сюжэт незаконна вырабіў грамадзянін Кастусь Жукоўскі, які не мае акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у якасці карэспандэнта польскага тэлеканала».  Відэа было прысвечана сітуацыі вакол самагубства выкладчыцы ГДУ імя Ф.Скарыны, якая асцерагалася страціць сваю працу і кватэру з‑за дзеянняў кіраўніцтва ВНУ.

    На падставе міліцэйскіх пратаколаў сёлета суды штрафавалі гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага 6 разоў агулам на 25 мільёнаў рублёў. Журналіст лічыць гэта непрыхаваным ціскам за журналісцкую і грамадскую дзейнасць.

    10 чэрвеня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Дамненка пакарала мясцовую журналістку-фрылансера Наталлю Крывашэй максімальна магчымым адміністрацыйным штрафам на “незаконны выраб прадукцыі СМІ” без акрэдытацыі для тэлеканала “Белсат” – 50 базавых велічыняў, што адпавядае 9 млн рублёў.

    Адміністрацыйную справу па ч. 2 арт. 22.9 КаАП у дачыненні да журналісткі распачаў Цэнтральны РАУС Гомеля з ініцыятывы УУС Гомельскага аблвыканкама.

    Падставай для гэтага стаў відэасюжэт “Самагубства выкладчыцы”, паказаны 15 красавіка ў эфіры спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. За згаданы сюжэт 9 чэрвеня аштрафавалі К. Жукоўскага. Суд не ўлічыў аргументаў журналісткі наконт таго, што яна не магла вырабіць “прадукцыю СМІ”, не маючы відэакамеры ці іншай тэхнікі, а тым больш распаўсюдзіць яе з тэрыторыі Польшчы праз тэлеканал “Белсат”.

    Адхіліла суддзя і хадайніцтва звярнуцца да заканатворцаў па тлумачэнне: хто ўсё ж вырабляе і распаўсюджвае “прадукцыю СМІ” – фрылансер як фізічная асоба ці рэдакцыі газет і тэлеканалаў як юрыдычныя асобы.

    У 2015 г. гэта ўжо трэці адміністрацыйны штраф Наталлі Крывашэй за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Агулам сума яе штрафаў складае 18 млн рублёў. І гэта 21‑ы па ліку штраф журналістам у 2015 г. за парушэнне арт. 22.9 ч. 2 КаАП. Агульная іх сума складае больш за 108 млн рублёў (больш за 6 тыс. еўра).

    10 чэрвеня ў Мінску на ганку паліклінікі №20 былі затрыманыя журналісты-фрылансеры, сябры ГА “БАЖ” Аркадзь Несцярэнка і Наста Храловіч. Інцыдэнт здарыўся каля 7.40 раніцы, калі журналісты рабілі відэа-апытанне наведнікаў медустановы, вымушаных па некалькі гадзін стаяць у чарзе па талоны да ўрачоў.

    Спачатку журналісты гутарылі з людзьмі ўнутры паліклінікі, прадстаўнікі адміністрацыі папрасілі іх выйсці на вуліцу, а затым, як высветлілася, выклікалі міліцэйскі нарад.

    Затрыманых журналістаў прывезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе пратрымалі каля 5 гадзін. У іх выдалілі відэа, склалі пратакол апытання, а таксама правялі “прафілактычную гутарку” пра забароны на здымкі ў адміністратыўных будынках без спецыяльнага дазволу. Пры размове прысутнічаў чалавек у цывільным.

    12 чэрвеня журналісту «Беларускага Радыё Рацыя» Радаславу Дамброўскаму забаранілі ўезд у Беларусь. Журналіст збіраўся наведаць Белавежскую пушчу ў фармаце бязвізавага рэжыму разам з першай турыстычнай групай з Польшчы. На памежным пераходзе Грудкі-Перароў у часе праверкі дакументаў яму паставілі ў пашпарт штамп “уезд забаронены”. Паводле Дамброўскага, на мяжы інфармацыю пра статус яго як неўязнога выдала камп’ютарная сістэма памежнай службы. Памежнікі не змаглі патлумачыць прычын гэтага і параілі звярнуцца ў консульства альбо МЗС Беларусі. 

    Журналіст прыгадаў, што паўтара гады таму яму было адмоўлена ў беларускай візе. Ён мае намер звяртацца ў беларускія дыпламатычныя органы з просьбай патлумачыць прычыну забароны ўезду на тэрыторыю Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці