Інстаграм заблакаваў медыя пра Варшаву, якое стварылі беларусы. Афіцыйная прычына — скаргі на пост аб расійскай прапагандзе
На момант блакіроўкі на рускамоўную інстаграм-старонку The Warsaw, якую стварылі беларусы, было падпісана 139 тысяч чалавек. Профіль пачалі весці шэсць гадоў таму.
Прычынай для блакіроўкі платформа пазначыла скаргі на публікацыю медыя аб расійскай прапагандзе ў Польшчы. У ёй згадваліся акаўнты, якія спрабуюць стварыць пазітыўны вобраз Расіі для палякаў.
Спачатку інстаграм выдаліў пост за «распальванне варожасці», але ў адміністратараў атрымалася яго аднавіць. Пасля на публікацыю паўторна паскардзіліся і сацсетка выдаліла яго ў другі раз.
Цяпер акаўнт The Warsaw заблакаваны. Аўтары кажуць, што спадзеваў на вяртанне старонкі мала, таму стварылі новы акаўнт і заклікаюць падпісвацца на яго.
«Гэта не першая наша блакаванне, але менавіта гэта выглядае найбольш пагрозліва. Тэкст пры блакаванні быў такі, што «вы можаце падаць апеляцыю, мы разгледзім блакаванне паўторна, але ў выпадку адхілення апеляцыі акаўнт будзе выдалены назаўжды». Мы апеляцыю, вядома, падалі, чакаем», — расказалі рэдактары медыя «Нашай Ніве».
У выпадку адмовы па гэтай апеляцыі яны плануюць змагацца за аднаўленне старонкі ў тым ліку праз суд.
