Ютуб-шоу «Обычное утро» пакінула вядучая. Хто стаў новай?
У новым сезоне YouTube-перадачы «Обычное утро» змянілася вядучая. Раней у кадры з Канстанцінам Каверыным была Людміла Міласлаўская.
Цяпер абмяркоўваць надзённыя праблемы беларусаў у ранішнім шоу будзе Марына Ментусава.
Марына — феміністка, займаецца асветай на тэму гендарнай роўнасці. Яна заснавальніца кансалтынгавай кампаніі Gender Equality Management.
Таксама Марына аўтарка кніжак «Сучасная энцыклапедыя для дзяўчынак» і «Сучасная энцыклапедыя для хлопчыкаў», у якіх абвяргаюцца стэрэатыпы наконт таго, якімі павінны быць «сапраўдныя» дзяўчынкі і хлопчыкі.
У 2020 годзе Марына была адной з арганізатарак жаночых маршаў, а пасля ўдзельнічала ў ініцыятыве, якая дапамагала жанчынам, што перажылі сэксуальны гвалт падчас вайны ва Украіне.
Сёлета Марына трапіла ў рэйтынг Forbes «30 да 30», а таксама выступіла на TEDx Women. Як вядучая яна здымаецца ў ютуб-перадачы «Жанчыны цяжкіх паводзінаў».