• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Анджэй Пачобут выступіць у Еўрапарламенце

    Журналіст, актывіст польскай меншасці ў Беларусі, экс-палітвязень Анджэй Пачобут выступіць у Еўрапарламенце на пленарнай сесіі ў чэрвені. Пра гэта паведаміла 18 траўня старшыня ЕП Рабэрта Метсола, адкрываючы пленарнае пасяджэнне.

    Анджэй Пачобут выступіць у Еўрапарламенце

    Фота: Andrzej Poc­zobut / Face­book

    На сайце Еўрапарламента гаворыцца, што Рабэрта Метсола чарговы раз вітала вызваленне Пачобута з турмы. Яна згадала, што беларускі экс-палітвязень з’яўляецца лаўрэатам прэміі «За свабоду думкі» імя Сахарава, якая прысуджаецца Еўрапарламентам. Гэтую прэмію ён атрымаў у 2025 годзе. Акрамя таго старшыня Еўрапарламента «нагадала пра мноства палітычных зняволеных па ўсім свеце, якія па-ранейшаму несправядліва знаходзяцца ў турмах».

    «Гэты парламент працягне выступаць у іх абарону і ў абарону ўсіх тых, хто адстойвае свабоду перад тварам прыгнёту», — сказала Метсола.

    Чэрвеньскае пасяджэнне Еўрапарламенту запланаванае на 15–18 чэрвеня 2026 года. Паводле інфармацыі польскага інфармагенцтва РАР, выступ Пачобута можа адбыцца 17 чэрвеня.

    Прэзідэнт Польшы ўручыў Анджэю Пачобуту ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду краіны

    Як паведамляе Pol­skie Radio, еўрадэпутат Анджэй Галіцкі перадаў Анджэю Пачобуту ліст, падпісаны Рабэртай Мецолай, з запрашэннем на сесію ў Страсбургу ў чэрвені.

    Анджэй Галіцкі дадаў, што Еўрапейскі парламент неаднаразова заклікаў да вызвалення Пачобута ў сваіх рэзалюцыях і што гэта тая ўстанова, якая спрыяла яго вызваленню.

    Еўрадэпутат абвясціў, што Пачобут будзе прыняты ў Страсбургу з гонарам. Гэта пацвярджае той факт, што серада ў Еўрапарламенце прызначана для спецыяльных гасцей і ключавых дэбатаў, а 17 чэрвеня прыпадае на сераду.

    «Яго будуць прымаць гэтак жа, як кіраўнікоў дзяржаў і прэмʼер-міністраў», — сказаў еўрадэпутат.

    Анджэя Пачобута вызвалілі 28 красавіка ў межах абмену зняволенымі па формуле «пяць на пяць». Гэтаму спрыялі перамовы паміж беларускім рэжымам і камандай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пачобут адразу пасля выхаду на волю заявіў пра намер вярнуцца ў Беларусь. Днямі ў эфіры Pol­skie Radio ён адзначыў, што мае намер зрабіць гэта да з’езду Саюза палякаў, які плануецца восенню.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.