Стыпендыя Space for Freedom для беларускіх журналістаў у выгнанні (дэдлайн — 2 лютага)
Deutsche Welle Akademie запрашае беларускіх медыйшчыкаў у выгнанні падаваць заяўкі на стыпендыю ў межах адукацыйнай праграмы Space for Freedom.
Праграма прадугледжвае стыпендыі для пішучых беларускіх журналістаў у рэлакацыі, якія працуюць ці збіраюцца працаваць над уласным праектам. Праект разумеецца максімальна шырока, гэта можа быць: публікацыя ці серыя публікацый, аб’яднаных адной тэмай, журналісцкае расследаванне і іншае.
Хто можа падаць заяўку:
- журналісты-фрылансеры;
- журналісты з уласным праектам;
- штатныя супрацоўнікі рэдакцый, якія працуюць над уласным праектам.
Працягласць праграмы — тры месяцы (з 1 сакавіка па 31 траўня 2025 года).
Удзел прадугледжвае:
- суправаджэнне ментара ў працы над праектам;
- стыпендыю ў памеры 1500 еўра ў месяц (сума ўказана да выліку падаткаў, якія залежаць ад статусу знаходжання ў краіне).
Адной з умоў удзелу ў праграме з’яўляецца рэалізацыя праекта да заканчэння стыпендыяльнай праграмы.
Колькасць месцаў абмежавана — сярод асоб, якія падалі заяўку, будзе праводзіцца адбор. Адзін з этапаў адбору — пітчынг праектаў.
Дэдлайн падачы заяўкі — 2 лютага 2025 года.