Threads стаў небяспечным для скаргаў на жыццё ў Беларусі. Як не трапіцца сілавікам?
Неасцярожная скарга ў сацсетках на быццам бы непалітычную праблему можа стаць у Беларусі падставай да прэтэнзіяў з боку сілавікоў. Пэўны час Threads здаваўся ўмоўна бяспечным месцам, куды сілавікі не зазіраюць. Гэты час мінуў: сілавікі назвалі Threads «пагрозай бяспецы». «Белсат» разглядае чатыры варыянты дзеянняў для карыстальнікаў Threads у Беларусі.

Карыстальнікі Threads ва ўяўленні нейрасеткі. Малюнак згенераваны штучным інтэлектам. Выява: ChatGPT
Сацсетка Threads ад Meta (уласнікаў Facebook і Instagram) набыла ў Беларусі значную папулярнасць. Паводле звестак на канец 2025 года, яна мела 533 тысячы карыстальнікаў з Беларусі. Гэта была сёмая сацыяльная платформа паводле памеру беларускай аўдыторыі пасля TikTok, VK, Instagram, «Аднакласнікаў», LinkedIn і Facebook. Вялікая перавага Threads – «разуменне» алгарытмамі беларускай мовы і беларускіх тэмаў: беларусам «алгарытмы падкідваюць сваіх».
У 2026 годзе сілавікі звярнулі на Threads асаблівую ўвагу, узмацнілі «кантроль за супрацьпраўным кантэнтам у Threads і TikTok» і ўжо хваліліся першымі крымінальнымі справамі супраць карыстальнікаў. У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ 27 верасня начальніца ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Наталля Сахарчук заявіла, што Threads – «пагроза бяспецы».
Што рабіць? Калі сцісла: «для скаргаў» мець ананімны акаўнт, прытрымлівацца правілаў інфармацыйнай бяспекі. Галоўнае – не спадзявацца, што «пранясе».
Варыянт 1 (небяспечны). Працягваць скардзіцца ад свайго імя, бо ў гэтым «нічога такога»
Зразумець «межы дазволенага» ў Беларусі складана. Згаданая прадстаўніца МУС абуралася, што беларусы пішуць у Threads пра асартымент прадуктаў у крамах ці дзеянні супрацоўнікаў Дзяржаўнай аўтаінспекцыі. Замест публічных скаргаў на злачынствы яна прапанавала звяртацца ў міліцыю. Што рабіць са скаргамі на асартымент прадуктаў, не сказала. Але пагражала тым, хто «хоча сябе раскруціць», адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю.
Сілавікі ўжо пагражалі беларусам за відэа, у якіх, здавалася б, «нічога такога». Напрыклад, за скаргу на чаргу ў паліклініку. Цяжка прадказаць, за што будзе наступная прэтэнзія: сілавікоў могуць абурыць скаргі на такія звыклыя беларусам рэчы, як на ўкладку асфальту ў лужыну ці на касьбу снегу. Ініцыятарка змагання са скаргамі ў сацсетках Наталля Качанава пагражала адказнасцю за любую «недакладную інфармацыю».
У Беларусі агулам адбыўся прававы дэфолт. Аляксандр Лукашэнка ў 2020 годзе «сціпла» казаў, што ў справе здушэння пратэстаў «часам не да законаў». У 2026‑м заяўляў ужо больш рашуча: на пратэсныя настроі «рэакцыя будзе жэстачайшая, не гледзячы ні на якія законы і заканадаўства». Проста «не парушаць закон» – не варыянт для жыхара Беларусі, бо невядома, што палічаць парушэннем.
Таму лепш не скардзіцца ад свайго імя. І не лайкаць чужыя скаргі, і не каментаваць, бо падабайку пад «экстрэмісцкім» матэрыялам лічаць за «распаўсюд», а «экстрэмізмам» могуць назваць што заўгодна.
Варыянт 2 (ненадзейны). Ананімны профіль без прывязкі да нумару тэлефону
Найпрасцейшы бяспечны варыянт – весці ананімны акаўнт для скаргаў на рост цэнаў, штрафы за клумбы, вобшукі ў школах і іншыя тэмы, якія раптам могуць пакрыўдзіць улады. З аднаго боку, сілавікі наўрад ці стануць старанна шукаць, хто менавіта наскардзіўся на дохлую рыбу на рацэ. З другога боку, калі па сацсетках разляцелася чарговае відэа кароваў, якія тонуць у гноі, гэта можа закрануць «дзяржаўныя інтарэсы» і стаць у вачах сілавікоў «непраўдзівай інфармацыяй», «паклёпам і дыскрэдытацыяй». Таму кароваў у гноі лепш і здымаць, і публікаваць так, каб немагчыма было вызначыць, хто здымаў і публікаваў.
Акаўнтам «для скаргаў» лепш карыстацца ў бяспечных месцах без прысутнасці выпадковых людзей. І карыстацца ім лепш праз браўзер у «рэжыме інкогніта» (падрабязней пра яго тут). Іначай давядзецца чысціць тэлефон ад гісторыі акаўнту «для скаргаў». І лепш на ўсялякі выпадак мець другі акаўнт «без скаргаў», які не будзе выклікаць пытанняў у сілавікоў.
Для большай бяспекі варта карыстацца VPN (як, мы тлумачылі тут). Але, як раілі «Кіберпартызаны», трэба мець загадзя падрыхтаванае тлумачэнне, чаму вы карыстаецеся VPN: «Знайдзіце ў сетцы замежныя старонкі, якія могуць быць для вас тэарэтычна цікавыя і не выклікаюць значнага падазрэння ў работнікаў МУС, але не адкрыюцца без VPN. Напрыклад, замежныя навіны, якія-небудзь фільмы альбо трансляцыі спартовых матчаў».
Важна, каб акаўнт «для скаргаў» быў без прыкметаў рэальнай асобы. Гэта значыць, без сапраўднага імя (ці нават мянушкі, праз якую могуць пазнаць), без сапраўдных фота як свайго твару, так і месцаў ці абставінаў, па якіх могуць пазнаць (напрыклад, віду з вакна сваёй кватэры), без свайго голасу на відэа.
Варта падбіраць такое імя, якое не «падставіць» сапраўднага чалавека: калі назвацца Іванам Кавалёвым, дзесьці можа быць рэальны Іван Кавалёў! Лепш назвацца Максімам Цнянскім, загадзя праверыўшы праз пошук, што чалавека з такім імем не існуе. І лепш не генераваць нейрасеткай фота няіснага чалавека – раптам менавіта так выглядае сапраўдны Іван Кавалёў.
Ды з вядзеннем ананімнага акаўнту ёсць яшчэ адна істотная праблема: Instagram і Threads могуць запатрабаваць прывязаць акаўнт да нумару тэлефону.
Рэгістравацца ў Threads можна і без нумару тэлефону, прывязаўшы акаўнт да Instagram. А ў Instagram можна рэгістравацца не праз тэлефон, а толькі праз E‑maii; (важна, каб сэрвіс электроннай пошты быў не беларускі і не расейскі). Ды апошнім часам карыстальнікі скардзяцца (як тут ці тут), што Instagram раптам патрабуе дадаць нумар тэлефону, а пры адмове могуць заблакаваць акаўнт. Калі і пры якіх умовах запатрабуюць нумар тэлефону, невядома.
Варыянт 3 (складаны). Ананімны профіль на замежны нумар тэлефону
Рэгістраваць у Threads акаўнт «для скаргаў» на беларускі нумар тэлефону рызыкоўна. У Беларусі нумары тэлефонаў прывязаныя да пашпартных звестак чалавека. Сілавікі ў Беларусі могуць не толькі праслухоўваць тэлефанаванні, але і перахапіць SMS-паведамленні з аднаразовымі кодамі доступу ў акаўнт. Нават сам Лукашэнка не давярае мабільным тэлефонам.
Гэта не значыць, што сілавікі аўтаматычна могуць атрымаць доступ да любога акаўнту ў Threads. Але калі зацікавяцца канкрэтным чалавекам, могуць атрымаць доступ да ягонага акаўнту праз нумар тэлефону, скарыстаўшыся функцыяй аднаўлення забытага паролю.
Абараніць ад гэтага можа правільна наладжаная двухфактарная аўтэнтыфікацыя: замест праверкі праз код у SMS – генератар кодаў у асобнай праграме. А можа і не абараніць: Meta часам мае абсурдныя праблемы з бяспекай, у тым ліку двухфактарнай аўтэнтыфікацыяй.
Каб зменшыць рызыкі да мінімуму, варта рэгістраваць акаўнт «для скаргаў» на замежную sim-картку, уласніка якой не будуць ведаць сілавікі ў Беларусі.
У бальшыні краінаў, у тым ліку Беларусі і Расеі, для пакупкі sim-карткі патрэбныя пашпартныя звесткі пакупніка. А беларусы маюць праблемы з атрыманнем візаў – бальшыня не можа хутка з’ездзіць у Вільню па сімку. І калі прасіць сябра купіць сімку ў Літве, то яму давядзецца запісаць гэтую сімку на свае пашпартныя звесткі. У Латвіі такое правіла ўводзяць ад 1 кастрычніка.
Ёсць некалькі выйсцяў:
- Папрасіць знаёмага купіць sim-картку ў бяспечнай краіне, дзе іх прадаюць без пашпартных звестак. Гэта Малдова (да лета 2027 года – потым там будуць патрабаваць пашпарт), Украіна, Чэхія, Эстонія, Злучанае Каралеўства, Злучаныя Штаты, Канада і іншыя краіны. Гэтую sim-картку лепш трымаць актыўнай, каб у выпадку праблемаў з акаўнтам аднавіць доступ і каб іншы чалавек не атрымаў пазней той самы нумар. А значыць, плаціць пару дзясяткаў рублёў на месяц.
- Самастойна дыстанцыйна купіць замежную eSIM-картку з падтрымкай атрымання SMS у роўмінгу (без пазнакі, што даюць толькі VoIP-нумар). Гэты варыянт падыходзіць, калі ёсць тэлефон, які падтрымлівае гэткі электронны замяняльнік sim-карткі (праверыць, ці ёсць падтрымка eSIM, можна ў наладах тэлефона), і калі ёсць банкаўская картка, якую прымаюць за мяжой. Карыстанне eSIM будзе каштаваць як мінімум дзясятак беларускіх рублёў на месяц у аператараў кшталту Lyca Mobile, якія патрабуюць дыстанцыйнай верыфікацыі праз скан пашпарта і сэлфі (тыя, якія не патрабуюць асабовых звестак, звычайна даражэйшыя).
- Купіць нумар тэлефона толькі для атрымання SMS. Сэрвісы кшталту VoidMob абяцаюць нумары для разавай верыфікацыі за дзясятак-другі беларускіх рублёў на месяц або за менш як долар за разавае атрыманне SMS . Пры разавым нумары захоўваецца рызыка крадзяжу акаўнту новым карыстальнікам нумару – лепш мець пастаянны нумар.
І трэба не забываць, што нават ананімнага карыстальніка Threads з акаўнтам на замежны нумар могуць вылічыць паводле ўскосных прыкметаў, як то вузкай тэматыкі пастоў або публікацыі ў канкрэтны час пра канкрэтнае месца (якое можа быць ля камераў назірання).
Варыянт 4 (асацыяльны). Іншая цалкам ананімная сацсетка
У інтэрнэце хапае сацсетак, якія дакладна не патрабуюць прывязкі да нумару тэлефону. Праблема ў тым, што ў гэтых сацсетках не хапае беларусаў. А сэнс сацсетак – у гэтых сацыяльны сувязях. Беларусы чамусьці ўсё яшчэ не пераходзяць у сацсеткі, у якіх можна без праблемаў весці ананімны акаўнт.
Напрыклад, BlueSky шмат у чым нагадвае Threads і X, не патрабуе нумару тэлефону. Але ў BlueSky наўрад ці знойдзецца больш за тысячу чалавек, якіх зацікавіць пост пра Беларусь. На калектыўным блогу Reddit у раздзеле Belarus пост кшталту «ў гімназіі дзяцей прымушаюць чысціць снег» набярэ ў найлепшым выпадку восем сотняў лайкаў – і гэта лепш пісаць па-англійску для замежнай аўдыторыі, бо беларусаў там няшмат.
Калі ж «сацыяльны аспект» не прынцыповы, скаргу на нешта абуральнае можна ананімна перадаць незалежным медыям. І праверыць, што апублікаваныя звесткі не падкажуць сілавікам, хто менавіта скардзіўся. І пасля пачысціць сляды адпраўкі паведамлення.
А што з TikTok?
Беларусы скардзяцца ў TikTok ці не на ўсё на свеце. Але сілавікі сочаць за TikTok яшчэ больш пільна, чым за Threads. На момант напісання гэтага тэксту ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» было 938 згадак TikTok і 283 згадкі Threads.
Да таго ж, TikTok – гэта відэаплатформа, дзе недастаткова напісаць «у „Еўраопце“ зніклі імпартныя яблыкі, а беларускія мне не падабаюцца»: трэба гэта паказаць – і пажадана, прагаварыць голасам ці згенераваць штучны голас. І гэта кітайская платформа, якая сочыць за карыстальнікамі і тэарэтычна можа дзяліцца звесткамі карыстальнікаў з уладамі Беларусі.
@bajmedia