Будзь журналістам новага пакалення! «Журфак па суботах» абвяшчае новы набор
«Журфак па суботах» — гэта афлайн-навучанне па адзінай праграме ў Вільнюсе ці ў Варшаве для беларусаў і беларусак, якія хочуць пачаць або развіваць кар’еру ў журналістыцы.

Дэдлайн падачы заяўкі:
Варшава — 11 верасня 2026 года.
Вільнюс — 18 верасня 2026 года.
На «Журфаку» вы будзеце працаваць з рэальнымі журналісцкімі задачамі, атрымліваць зваротную сувязь ад практыкуючых журналістаў і рэдактараў і ў суправаджэнні ментараў ствараць уласныя матэрыялы для беларускіх рэдакцый.
«Я стала больш упэўненай у сваіх навыках і кампетэнцыях. Мне ўдалося паспяхова папрацаваць з вядучымі беларускімі незалежнымі медыямі — «Нашай Нівай» і «Салідарнасцю», — кажа выпускніца першага набору Журфака. — Вынік — публікацыі на грамадска-значныя тэмы. Матэрыялы мелі добрыя паказчыкі па праглядах на сайтах і ў сацсетках. Дзякуючы заняткам на «Журфаку» і падтрымцы ментараў я паспяхова справілася з выклікамі, якія спачатку здаваліся вялікай перашкодай».
Многія выпускнікі першага набору «Журфака» пачалі працу ў беларускіх медыях ці знайшлі новыя прафесійныя магчымасці. Пачытаць водгукі ўдзельнікаў «Журфака» можна тут.
Для каго?
«Журфак» для вас, калі вы:
- толькі пачынаеце свой шлях у журналістыцы;
- ужо працуеце ў медыя, але хочаце сістэматызаваць прафесійныя веды паводле сучасных заходніх журналісцкіх стандартаў;
- пасля пераезду хочаце вярнуцца ў прафесію або змяніць сваю ролю ў рэдакцыі;
- пішаце, здымаеце, працуеце з сацсеткамі, але хочаце лепш разумець увесь журналісцкі працэс.
Вы ўжо журналіст, але не ведаеце, што такое натграф? Як і навошта збіраць інфармацыю ў 4 вядры? Як з адной тэмы генераваць 20 публікацый? Як АІ можа аблегчыць вашу працу?
На «Журфаку» будзем разбірацца з гэтым на практыцы.
Праграму адмыслова для «Журфака па суботах» распрацавала выбітная ўкраінская журналістка і медыяменеджарка, медыякансультантка Каця Гарчынская, якая супрацоўнічае з The Wall Street Journal, The Financial Times, The Kyiv Post.
Сярод трэнераў – толькі практыкуючыя журналісты і рэдактары, якія маюць трэнерскую адукацыю: Наста Роўда, дырэктарка «Нашай Нівы», вядучая ТОК; Сяргей Сахараў, галоўны рэдактар CityDog; Вольга Ярохіна, былая рэдактарка сайта belsat.eu; Надзея Белахвосцік, старшыня Рады па медыяэтыцы беларускіх незалежных медыяў; Аляксей Шота, галоўны рэдактар Hrodna.life; Ірына Новік, рэдактарка і медыяменеджарка; Зоя Хруцкая, менеджарка PALATNO Media; Ніна Шулякова, шэф-рэдактарка Devby.io; Лена Верашчагіна, галоўная рэдактарка медыя для медыяў «Соль» ды іншыя.
Што вас чакае:
Навучанне будзе праходзіць афлайн па адзінай праграме ў Варшаве і Вільнюсе (у залежнасці ад месца пражывання ўдзельніка/удзельніцы) цягам 10 суботаў.
У Варшаве — з 3 кастрычніка па 5 снежня 2026 года.
У Вільнюсе — з 10 кастрычніка па 12 снежня 2026 года.
Удзел бясплатны. Праграма не аплачвае гатэль, але можа пакрыць выдаткі на транспарт па краіне навучання.
Што вы атрымаеце:
- Пашырыце прафесійныя веды і ўдасканаліце журналісцкія навыкі пад кіраўніцтвам дасведчаных трэнераў-журналістаў і рэдактараў беларускіх незалежных медыяў.
- Зразумееце, як функцыянуюць беларускія медыі ў выгнанні і як адаптавацца ў гэтай дынамічнай сферы.
- Пазнаёміцеся з самымі сучаснымі практыкамі сусветных медыяў.
- Разбярэцеся, дзе АІ сапраўды эканоміць час у працы журналіста, а дзе нейрасеткам нельга давяраць.
- Даведаецеся ўсё пра жыццёвы цыкл навіны, крыніцы інфармацыі і натхнення.
- Пройдзеце стажыроўку ў беларускіх рэдакцыях з індывідуальным ментарскім суправаджэннем і апублікуеце свае матэрыялы.
Як патрапіць на «Журфак»
Не ўпусціце шанец стаць часткай новага пакалення журналістаў!
Калі вы жывяце ў Польшчы, падайце заяўку да 11 верасня 2026 года. Не пазней за 16 верасня вы атрымаеце ад нас адказ і запрашэнне на другі этап адбору — суразмову.
Калі вы жывяце ў Літве, падайце заяўку да 18 верасня 2026 года. Не пазней за 22 верасня вы атрымаеце ад нас адказ і запрашэнне на другі этап адбору — суразмову.
Для запаўнення рэгістрацыйнай анкеты:
Жывяце ў Літве? Выбірайце заяўку для Вільнюса.
Па дадатковую інфармацыю пра «Журфак па суботах» у Літве звяртайцеся па адрасе: zurfak@baj.media.
Жывяце ў Польшчы? Выбірайце заяўку для Варшавы.
Па дадатковую інфармацыю пра «Журфак па суботах» у Польшчы звяртайцеся па адрасе: zurfak@solidarityby.eu.
«Журфак па суботах» — гэта сумесны праект Кааліцыі за Ўстойлівы Беларускі Інавацыйны Кантэнт (КУБІК/COCOFAB), які рэалізуецца кансорцыумам Free Press for Eastern Europe, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Press Club Belarus пры суфінансаванні з боку Еўрапейскай камісіі.
@bajmedia