• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Крычаўскі журналіст звярнуўся ў міліцыю

    Сябар ГА “БАЖ” з Крычава Мікалай Гердзій 3 чэрвеня накіраваў заяву на імя начальніка Крычаўскага РАУС.

    Журналіст просіць супрацоўнікаў міліцыі правесці праверку факту парушэння правоў спажыўцоў (падпісчыкаў газеты) рэдакцыяй газеты “Крычаўскае жыццё” ў адпаведнасці з артыкулам 168 КПК Рэспублікі Беларусь.

    У выпадку ўстанаўлення факту перавышэння паўнамоцтваў службовымі асобамі “Крычаўскага жыцця” сп. Гердзій просіць прыцягнуць вінаватых да адказнасці паводле закона.

    Падставай для заявы ў Крычаўскі РАУС стала тое, што рэдакцыя “Крычаўскага жыцця” да гэтага часу так і не надрукавала на сваіх старонках выбачэнняў перад падпісчыкамі за невыкананне сваіх абавязкаў перад імі і не паведаміла пра магчымасць атрымаць грошы за недаатрыманыя ў 2015 годзе нумары газеты. Журналіст лічыць, што хаванне гэтай інфармацыі ад падпісчыкаў сведчыць пра намер здзейсніць злачынства і з’яўляецца спробай прысабечыць грошы (больш за 63 мільёны рублёў).

    Па словах Гердзія, звярнуцца з заявай у РАУС ён вырашыў пасля атрымання адказаў на свае папярэднія звароты ў Крычаўскі міжраённы аддзел КДК і мясцовую пракуратуру. КДК не стаў разглядаць зварот журналіста і перанакіраваў яго ў Крычаўскі райвыканкам, а пракурор Крычаўскага раёна Уладзімір Трывайла пісьмова параіў Гердзію звярнуцца ў адпаведнасці з артыкулам 168 КПК Рэспублікі Беларусь з заявай у Крычаўскі РАУС.

    Гердзій спадзяецца, што супрацоўнікі міліцыі сур’ёзна паставяцца да яго заявы і дадуць адпаведную ацэнку дзеянням рэдакцыі “Крычаўскага жыцця”.

    Мікалай Гердзій кажа, што зараз пачалася падпісная кампанія на другое паўгоддзе 2016 года, і многія падпісчыкі абураныя пазіцыяй крычаўскай раёнкі. Між тым, па звестках сп. Гердзія, кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый раёна зноў настойліва “раіць” сваім працаўнікам падпісвацца на “Крычаўскае жыццё”, бо атрымлівае адпаведныя ўказанні з мясцовага райвыканкама.

    Нагадаем, што паводле падпіснога каталога ў 2015 годзе падпісчыкі павінны былі атрымаць 104 нумары раённай газеты “Крычаўскае жыццё”: 51 нумар – у першым паўгоддзі і 53 – у другім. За ўсе гэтыя нумары падпісчыкі заплацілі грошы, аднак у 2015 годзе выйшла толькі 100 нумароў “Крычаўскага жыцця”: 48 нумароў у першым паўгоддзі і 52 – у другім.

    Мікалай Гердзій, які з’яўляецца падпісчыкам “Крычаўскага жыцця”, звярнуў увагу на гэтае парушэнне заяўленых абавязкаў з боку рэдакцыі і накіраваў адпаведныя звароты ў розныя інстанцыі. Пасля гэтага грошы за недаатрыманыя нумары газеты Гердзію адразу ж вярнулі, і рэдактар “Крычаўскага жыцця” Таццяна Іўкіна даслала яму ліст з афіцыйнымі выбачэннямі. Іншыя ж падпісчыкі газеты так і не ўбачылі іх на старонках выдання. Як і інфармацыі пра тое, што кожны з іх можа атрымаць грошы за 4 нумары, падаўшы адпаведную заяву.

    У “Крычаўскага жыцця” няма праблем з фінансамі. Восенню 2015 года раёнка накіравала з уласнага бюджэту больш за 350 мільёнаў рублёў на дапамогу сельгаспрадпрыемствам Крычаўскага раёна і мясцовай школе. Ужо ў гэтым годзе рэдакцыя газеты набыла новы аўтамабіль “УАЗ-Патрыёт”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці