• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Анджэй Пачобут прыняў прызначэнне ў раду палякаў замежжа пры спікеры парламенту Польшчы

    Былы палітзняволены журналіст, актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут прыняў з рук старшыні Сенату Малгажаты Кідавы-Блоньскай прызначэнне ў Кансультатыўную раду палякаў замежжа пры спікеру верхняй палаты парламенту Польшчы. Гэта адбылося ў сераду, 20 траўня 2026 года. Анджэй Пачобут выступіў у польскім Сенаце з прамовай.

    Анджэй Пачобут прыняў прызначэнне ў раду палякаў замежжа

    Анджэй Пачобут і старшыня Сенату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска. Варшава, 20 мая 2026 года. PAP/Leszek Szy­mańs­ki

    Гродзенскага журналіста ўключылі ў склад рады яшчэ ў 2024 годзе, калі ён знаходзіўся ў зняволенні. Пачобут адзначыў, што даведаўся пра гэта за кратамі.

    «Я даведаўся пра гэтае прызначэнне яшчэ ў турме і быў вельмі ўдзячны, — падкрэсліў Анджэй Пачобут.—  Я зразумеў, што гэта значыць — што Сенат не забыўся пра мяне, як і не забыўся пра палякаў у Беларусі, палякаў ва ўсім свеце на працягу ўсіх дзесяцігоддзяў сваёй дзейнасці».

    Пасля выступу ў Сенаце Анджэй Пачобут заявіў, што плануе вярнуцца ў Беларусь не пазней, чым у верасні гэтага году, цытуе Pol­skie Radio.

    «Верасень — гэта максімальны тэрмін, калі я мушу вярнуцца ў Беларусь, бо тады плануецца з’езд Саюзу палякаў. Пра маё вяртанне ў Беларусь трэба пытацца не толькі палякаў у Польшчы, але перш за ўсё палякаў у Беларусі. Для мяне гэта важна, для іх таксама важна, і я адчуваю свой абавязак», — сказаў актывіст.

    Таксама Анджэй Пачобут паведаміў, што яго выступленне ў Еўрапейскім парламенце будзе прысвечанае сітуацыі палякаў у Беларусі.

    Прэзідэнт Польшы ўручыў Анджэю Пачобуту ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду краіны

    Нагадаем, 28 красавіка ў выніку абмену зняволенымі Анджэй Пачобут выйшаў на свабоду пасля пяці гадоў, праведзеных у беларускай турме.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.