Новая атака на «Флагшток»: сілавікі пагражаюць ператрусамі «да спынення публікацый»
У Беларусі працягваецца ціск на незалежнае гомельскае медыя «Флагшток». Рэдакцыя паведаміла, што 19 траўня сілавікі правялі ператрусы ў бацькоў двух чалавек, якія маюць дачыненне да выдання. Пры гэтым, паводле «Флагштока», адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіК адкрыта заявіў, што «падобныя дзеянні будуць працягвацца да таго часу, пакуль на рэсурсе будуць выходзіць новыя публікацыі».

Фактычна гаворка ідзе пра спробу прымусіць медыя замаўчаць праз пагрозы і пераслед родных. У самой рэдакцыі звязваюць гэта з агульнай сітуацыяй у рэгіёне пасля 2022 года, калі Гомельшчына апынулася ўцягнутай у вайсковую лагістыку Расіі падчас вайны супраць Украіны.
«Не выключана, што на фоне магчымай эскалацыі сітуацыі адбываецца спроба загадзя зачысціць інфармацыйную прастору ад незалежных і непадкантрольных медыя», — адзначае выданне.
«Флагшток» — гэта адно з незалежных рэгіянальных анлайн-медыяў Гомельшчыны, якое асвятляе мясцовыя праблемы, дзейнасць уладаў, экалогію, урбаністыку і грамадска-палітычныя тэмы.
Таксама медыя адсочвае вайсковую актыўнасць на беларуска-украінскай мяжы і паведамляе пра расійскія дроны, якія пралятаюць праз тэрыторыю Беларусі ў бок Украіны.
Пасля пратэсных падзей 2020 года з прычын пераследу за прафесійную дзейнасць журналісты выдання былі вымушаныя з’ехаць з краіны і на сёння працуюць з эміграцыі.
«Флагшток»: Часам людзі звяртаюцца да нас з такімі пытаннямі, як быццам бы мы гарвыканкам
Ціск на «Флагшток» і людзей, якія з ім супрацоўнічаюць, цягнецца ўжо некалькі гадоў. У 2022 годзе КДБ Беларусі прызнаў выданне і яго сацсеткі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Пазней пераслед закрануў і журналістку, рэжысёрку і гісторыкa Марыю Булавінскую, звязаную з гомельскім медыйным асяроддзем. У яе праводзілі ператрусы, а ў 2025 годзе стала вядома пра арышт яе дома пад Гомелем. Акрамя таго, яе фотаздымак змясцілі на стэндзе «У вышуку».
@bajmedia