• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Крымінальная справа супраць Юрыя Дракахруста, Ганны Любаковай і яшчэ 18 чалавек перададзена ў Генпракуратуру

    Следчы камітэт паведаміў пра завяршэнне папярэдняга расследавання ў дачыненні да дваццаці «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай», якіх у Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». У пераліку фігурантаў крымінальнай справы — журналісты Юрый Дракахруст і Ганна Любакова.

    Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

    Таксама ў ліку абвінавачаных — палітычныя аглядальнікі і аналітыкі: Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец,  Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна.

    Інфармацыя пра тое, што судовы разгляд будзе ажыццяўляцца ў парадку «спецыяльнай вытворчасці», бо ўсе фігуранты знаходзяцца за межамі Беларусі, з’явілася ў Telegram-канале ведамства. Сутнасць абвінавачання супраць «20-ці ўдзельнікаў экстрэмісцкага фарміравання “Аналітыкі Святланы Ціханоўскай”» выкладзеная на сайце Следчага камітэта.

    Паводле следчых, аналітыкі, падбіраючы «патрэбныя словы» і пад кіраўніцтвам замежных куратараў, выпрацоўвалі стратэгію і тактыку барацьбы з дзейнай беларускай уладай, рыхтавалі тэзісы для публічных выступаў Святланы Ціханоўскай і «публікацыі ў падкантрольных дэструктыўных рэсурсах», накіраваныя на «актывізацыю пратэстных настрояў, паглыбленне расколу ў беларускім грамадстве, узмацненне палітычнага і эканамічнага ціску на Рэспубліку Беларусь».

    У дачыненні да 20 чалавек, абвешчаных «экстрэмісцкім фарміраваннем», сёлета 25 студзеня следчыя  распачалі «спецыяльную вытворчасць». Крымінальная справа супраць іх уключае некалькі артыкулаў:

    - частка 6 артыкула 16 Крымінальнага кодэкса і частка 3 артыкула 130 КК (садзейнічанне наўмысным дзеянням, накіраваным на абуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненае групай асобаў);

    - частка 1 артыкула 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);

    - частка 6 артыкула 16 КК і частка 3 арт. 361 КК (пасобніцтва ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, здзяйсненні іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; закліках з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт, звернутых да замежнай дзяржавы, замежнай і міжнароднай арганізацыі, каб здзейсніць дзеянні, накіраваныя на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);

    - частка 1 артыкула 361–1 КК (кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем і яго структурным падраздзяленнем);

    - частка 3 артыкула 361–1 КК (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання з мэтай здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні)).

    На сёння крымінальная справа, падрыхтаваная Следчым камітэтам, перададзена генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.

    СК таксама інфармуе, што на маёмасць «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай» — кватэры, дамы, зямельныя ўчасткі — накладзены арышт «з мэтай забеспячэння кампенсацыі нанесенай шкоды».  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці