Людміла Чэкіна сустракае чацвёрты дзень народзінаў за кратамі
Інфармацыйны партал TUT.by першым патрапіў пад рэжымную «зачыстку» увесну 2021-га. Партал разграмілі, частку супрацоўнікаў кінулі за краты. Гендырэктарка найбуйнейшага беларускага медыя Людміла Чэкіна атрымала ад уладаў 12 гадоў зняволення.
Людміла Чэкіна нарадзілася 13 ліпеня 1973 года ў расійскім Сергіевым Пасадзе. Яе бацька — кадравы вайсковец, таму сям’я шмат пераязджала і яшчэ да развалу СССР асела ў Жодзіне на Міншчыне.
Людміла са школы зацікавілася юрыспрудэнцыяй: спачатку з чырвоным дыпломам скончыла юрыдычны тэхнікум, а пасля і юрфак Белдзяржуніверсітэта. Пачынала кар’еру юрыстам у Жодзіне, у 2008 годзе пераехала ў Мінск, дзе ў статусе юрысконсульта далучылася да кампаніі «Надзейныя сістэмы» — асабіста рэкамендаваў заснавальнік Tut.by Юрый Зісер. Пасля курсаў Executive MBA ў бізнес-школе ІПМ у 2017‑м узначаліла ТАА «Тут Бай Медыя».
Як улады «разабраліся» з самым папулярным медыя Беларусі
TUT.by максімальна падрабязна асвятляў пратэсты 2020 года, яго журналістаў затрымлівалі 38 разоў.
Людмілу Чэкіну затрымалі 18 траўня 2021 года ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць «Тут Бай Медыя» па абвінавачанні нібыта ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкулв 243 Крымінальнага кодэкса).
У офісе кампаніі, у кватэрах шэрагу супрацоўнікаў былі ператрусы. Сілавікі затрымалі 15 чалавек: акрамя гендырэктаркі, галоўную рэдактарку партала Марыну Золатаву, а таксама журналістаў, юрыстаў, бухгалтараў і іншых профільных спецыялістаў.
Следства доўжылася каля 20 месяцаў, увесь гэты час Людміла Чэкіна і Марына Золатава заставаліся ў СІЗА № 1 Мінска. Іншых фігурантаў цягам гэтага часу выпусцілі пад падпіскі аб нявыездзе і неразгалошванні ды асабовыя фінансавыя паручальніцтвы.
Людмілу Чэкіну ў выніку абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў:
- часткі 2 артыкула 243 КК (ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- часкті 3 артыкула 130 КК (арганізацыя наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, учыненых групай асобаў і якія пацягнулі цяжкія наступствы);
- часткі 3 артыкула 361 КК (кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт).
У кастрычніку 2022 года Камітэт дзяржбяспекі РБ ўключыў Людмілу Чэкіну і Марыну Золатаву ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Працэс супраць найбуйнейшага ў Беларусі незалежнага інфармацыйнага партала пачаўся ў Мінскім гарадскім судзе 9 студзеня 2023 года, яго ад самага пачатку зрабілі закрытым.
17 сакавіка суддзя Валянціна Зянькевіч з падачы прадстаўніцы пракуратуры Таццяны Гракун прызначыла генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай і галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай па 12 гадоў калоніі кожнай ва ўмовах агульнага рэжыму. Людмілу Чэкіну, акрамя таго, абавязалі выплаціць штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (37000 рублёў).
«Silent power — мяккая, ціхая сіла»
Саша Пушкіна, былая PR-менеджарка TUT.BY, камунікацыйная дырэктарка «Зеркала» ўзгадвае для праекта «Прэса пад прэсам»:
«Міла ніколі не была такой вось «boss». Міла — яна дакладна пра silent power — мяккая, ціхая сіла. Хаця яна такая чалавечная, камунікабельная, блізкая, але ты ўсё роўна разумееш, што яна вырашыць пытанне, што яна ўплывае на сітуацыю і бярэ на сябе адказнасць. У першым лісце з СІЗА, які мне прыйшоў у адказ, была такая фраза: «Даруйце мне тое, што вам прыйшлося перажыць. Хаця гэта не прызнанне ніякай там віны, гэта клопат пра ўсіх нас».
Кірыл Валошын, сузаснавальнік партала:
«Міла — звышпрыстойны і звышзаконапаслухмяны чалавек. Любыя абвінавачанні на яе адрас, якія меліся ў хунты адносна падаткаў, ПВТ і чаго-небудзь яшчэ — неабгрунтаваныя. Дзейнасць кампаніі шматразова правяралася знешнімі аўдытарамі».
Пра цяперашняе жыццё Людмілы Чэкінай вядома няшмат. Як і ў шмат каго з палітвязняў, тут і праблемы з сувяззю са знешнім светам, і жаданне не нашкодзіць чалавеку, якому прызначылі 12 гадоў калоніі.
Адно з апошніх сведчанняў — расповед для «Зеркало» былой палітзняволенай Дар’і Афанасьевай, якая бачыла некаторых журналістак у гомельскай папраўчай калоніі.
Што да Людмілы Чэкінай, то з ёй «асабіста не стасавалася, але яна заўсёды падыходзіла да нас у гурток, калі ў перапынку паміж абедам і фабрыкай Аксана Зарэцкая чытала лекцыі па сучасным мастацтве». «Мілу я заўжды бачыла ў добрым настроі», — расказала Дар’я Афанасьева.
Там жа адбывае пакаранне і Марына Золатава: «Ніколі не думала, што апынуся ў калоніі, а за суседнім сталом галоўная рэдактарка TUT.BY будзе накладаць ежу. Маральны стан у Марыны Золатавай быў добры».
Адрас для лістоў: Людміла Юр’еўна Чэкіна. ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.