• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Людзі павінныя бачыць, што адбываецца за “фасадам” недраматычных выбараў

    Медыяэксперты – старшыня ГА “БАЖ”, юрыст Андрэй Бастунец і кіраўнік групы маніторынгу СМІ на выбарах Алесь Анціпенка – разважаюць, што рабіць журналістам на “нецікавых” выбарах.      

    “Калі нам расказваюць, што “выбары прайшлі ў ціхай атмасферы” – якая можа быць цікавасць журналістаў да такой падзеі?

    А. Анціпенка:

    У краіне адбылася дэвальвацыя таго, што называецца выбарамі. Усе папярэднія гады драматычны пачатак штучна стрымліваўся. Мы маем справу з кіраваным выбарчым працэсам, а спадарыня Ярмошына нагадвае мне рэжысёра гэтай дзеі. Выбары ператвараюцца ў пэўную “працэдуру”, гаворка ўсё больш ідзе пра тэхнічны бок справы, і ў гэтым вялікая роля ЦВК.

    А між тым, сутнасць выбараў – гэта не “дэкарацыі”, не “мантажоры сцэны”, а акторы, якія выходзяць на гэтую сцэну і разыгрываюць драму жыцця. Выбары – гэта спаборніцтва, сутыкненне пазіцый, парушэнне нейкіх правілаў… Калі нам расказваюць, што “выбары прайшлі ў ціхай атмасферы”, “у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам” – якая можа быць цікавасць журналістаў да такой падзеі?

    Усё гэта ёсць прыкметай стомленасці грамадства, альбо, паводле савецкай тэрміналогіі, – застой. Звыкласць робіцца чымсьці падобным да ляноты: не хочацца ані палец падняць, ані слова сказаць. Бо прысутнічае пэўная безнадзейнасць – маўляў, нічога гэта не зменіць.

    Гэта не азначае, што журналісты мусяць чакаць сапраўдных выбараў. У такія перыяды патрэбна жорсткае фіксаванне таго, што адбываецца пад выглядам выбараў. І дамінантным жанрам, на маю думку, мае стаць аналітыка. Людзі павінныя бачыць, што адбываецца за гэтым “фасадам” недраматычных, добра пастаўленых выбараў.

    А. Бастунец:

    Я б не сказаў, што пра выбары пішуць мала, асабліва недзяржаўныя прэса. Мне падаецца, што прысутнасць выбараў у медыях значна большая, чым у публічнай прасторы. І гэтае пытанне – не да журналістаў, а да тых, хто звёў выбары да такога ўзроўню.

    Як я пісаў у Фэйсбуку – кампанію ігнаравання выбараў у першую чаргу ўзначальваюць улады: кіраўнік дзяржавы не выступае па тэлебачанні, адмаўляецца ад дэбатаў, наогул не праходзіць у медыях як кандыдат…

    Дастаткова выйсці за парог, каб убачыць, што нічога няма, горад – голы! Два тыдні засталося да галасавання, а ніякай палітычнай рэкламы!..

    Я добра ведаю, што б рабілася ва Украіне, Польшчы ці ў іншых краінах. Усё навокал было б у палітычнай рэкламе, выступы кандыдатаў па тэлебачанні ішлі б бесперапынна… Гэта прыцягвае ўвагу грамадства да падзеяў і дапамагае яму рабіць выбар.  

    У нас жа выбары з чагосьці лёсавызначальнага ператварыліся ў рытуальную дзею – як у савецкія часы, калі “ўсё зразумела”.

    Мне вельмі спадабалася прапанаванае Алесем Анціпенкам параўнанне  выбараў з футбольнай гульнёй. Уявіце: выходзяць каманды на поле, а каментатар увесь час кажа пра тое, як добра апрануты суддзя, што гульня праходзіць у добразычлівай атмасферы, што ўсе правілы выконваюцца, поле – належнага памеру, адпавядае “міжнародным стандартам”, мяч – круглы  і г.д. Пра каманды можна нават нічога не казаць… 

     

    “Гэтым разам я не чуў ад людзей ніводнага пытання пра выбары”

    А. Бастунец:

    На мой погляд, бясплатныя выступы, якімі ў нас вельмі хваляцца – маўляў, кандыдаты маюць права паўгадзіннага бясплатна выступу на ТБ – гэта наогул здзек нейкі. Трэба быць вельмі зацікаўленым у працэсе, каб уключыць гэтую праграму (тым больш, якая ідзе без анонсу прозвішча выступоўцы) і глядзець паўгадзіны, што будзе казаць чалавек, проста седзячы перад камерай.

    У суседніх краінах – гэта жарсці, гэта двубой, гэта захапляе. Раз-пораз, безумоўна, прыводзіць да не вельмі пажаданых вынікаў, калі папулісты прыходзяць да ўлады. Але, тым не менш, гэта – спаборніцтва палітычных сілаў, а не фармальная “адпрацоўка”.

    Алесь Анціпенка:

    Злавіў сябе на думцы, што на гэтых выбарах я ніводнага разу ні ад каго не пачуў ніводнага пытання ці нейкай рэакцыі на сёлетнюю выбарчую кампанію. Гэта пры тым, што я актыўна камунікую па-за кватэрай і на лецішчы. Людзям гэта – да аднаго месца, груба кажучы.

    Другое – мне вось гэтыя выступы кандыдатаў нагадваюць Гайд-парк, своеасаблівую рэзервацыю. Маўляў, вось вам паўгадзіны –  кажыце што хочаце, бо ўсё адбываецца ў абмежаванай інфармацыйнай прасторы. Яе абмежавалі тым, што не называюць прозвішчаў, што на ТБ няма папярэдняга  анансавання гэтых выступаў, няма напружанасці барацьбы. Гэта робіць выбары нецікавымі ні для каго – ні для значнай часткі электарату, ні для журналістаў. За выключэннем хіба што журналістаў дзяржаўных медыяў, якія, безумоўна, выконваюць пэўны абавязак у пэўным фармаце як дзяржаўныя службоўцы.

     

    Спадзявайся на лепшае, рыхтуйся да горшага

    А. Бастунец:

    – Пакуль што ход выбарчага працэсу дае спадзеў, што ў нас не будзе таго, што было пасля мінулых і пазамінулых прэзідэнцкіх выбараў – з ператрусамі ў журналістаў, затрыманнямі, крымінальнымі справамі… Але пакуль, на жаль, досвед папярэдніх кампаній паказвае, што без праблем не бывае. Таму я ўзгадваю прыказку: спадзявайся на лепшае, рыхтуйся да горшага.

    А. Анціпенка:

    – Жартаўлівы кароткачасовы прагноз я раблю такі: пасля 11-га пачне ісці снег, будуць моцныя маразы і падвышэнне кошту на прадукты харчавання. Таму што зараз надвор’е кантралюецца, а пасля яго “адпусцяць”… А калі сур’ёзна – я думаю, што ў не вельмі далёкай перспектыве мы пабачым, якая насамрэч эканамічная сітуацыя ў нашай краіне.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці